Лукашэвіч, якога абвінавачваюць у забойстве гея Пішчэўскага, папрасіў суд «строга яго не караць»

Дзьмітры Лукашэвіч за кратамі, архіўнае фота

27 ліпеня літаральна некалькі хвілін доўжылася судовае паседжаньне ў справе аб забойстве менчука Міхаіла Пішчэўскага — гея, які быў зьбіты каля начнога клюбу і летась памёр, так і ня выйшаўшы з комы. У забойстве абвінавачваецца жыхар Менску Дзьмітры Лукашэвіч, які нанёс Пішчэўскаму адзін, але, як выявілася, сьмяротны ўдар.

Сёньня Дзьмітры Лукашэвіч атрымаў магчымасьць сказаць апошняе слова, у тым ліку зьвярнуцца да суду з асабістай просьбай. Падсудны быў надзвычай ляканічны.

Дзьмітры Лукашэвіч сказаў, што не жадаў тых наступстваў, якія атрымаліся, і вельмі пра іх шкадуе. Падсудны папрасіў прабачэньня ў сваякоў Міхаіла Пішчэўскага, пры гэтым не назваўшы яго па імені. «Разумею, што прабачэньнямі жыцьцё не вярнуць», — дадаў Дзьмітры Лукашэвіч. У суду Лукашэвіч папрасіў «строга яго не караць».

Інцыдэнт здарыўся ў траўні 2014 году. Праз паўтара года Міхаіл Пішчэўскі памёр. Летась Цэнтральны суд ужо прызнаваў Дзьмітрыя Лукашэвіча вінаватым у нанясеньні траўмы Пішчэўскаму, кваліфікаваўшы гэта як хуліганства, якое прывяло да цяжкіх наступстваў. Тады Лукашэвіч атрымаў 2 гады і 8 месяцаў зьняволеньня, зь якіх за кратамі адбыў менш за год, бо вызваліўся паводле амністыі. Таксама Дзьмітры Лукашэвіч сплаціў больш за 160 мільёнаў рублёў у якасьці кампэнсацыі сваякам Міхаіла Пішчэўскага.

Пасьля сьмерці Пішчэўскага ў дачыненьні да Лукашэвіча зноў завялі крымінальную справу. Цяпер сваякі Пішчэўскага патрабуюць ад Лукашэвіча сплаціць 200 тысяч рублёў новымі грашыма.

Міхаіл Пішчэўскі ў лякарні пасьля зьбіцьця

Беларускія праваабаронцы адзначалі, што першы суд у справе Міхаіла Пішчэўскага не знайшоў у дзеяньнях Дзьмітрыя Лукашэвіча праяваў варожасьці да людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй, да якіх належаў Міхаіл Пішчэўскі. Паводле ж праваабаронцаў, якія спасылаліся на паказаньні пэўных сьведак, падсудны ўдарыў Пішчэўскага менавіта таму, што той быў геем.

У судовых спрэчках пракурор прасіў асудзіць Лукашэвіча на тры гады, а акалічнасьцямі, якія абцяжарваюць віну злачынцы, лічыў тое, што ў момант канфлікту зь Пішчэўскім Лукашэвіч быў нападпітку.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня, якая паўторна разглядала рэзанансную справу аб забойстве Міхаіла Пішчэўскага, абвесьціць прысуд 28 ліпеня ў 10.30.