Першых ільвоў для Магілёва вырабіў мясцовы скульптар Андрэй Вераб’ёў. Чатыры помнікі зь імі ўпрыгожылі дняпроўскі мост, пазбаўлены савецкай атрыбутыкі. Неўзабаве зьявіцца яшчэ адзін львіны вобраз — на скульптуры з магілёўскім замкам. Гэтую кампазыцыю паставяць на «магіле льва» — так гараджане называюць мясцовае замчышча. Гатовы і праект помніка «магілёўскаму Робін Гуду» — Машэку, які і ўвасабляе льва.
Я хачу ўпрыгожыць горад, і таго ж хочуць гарадзкія ўлады, дык што ў гэтым кепскага?
«Мне асабіста падабаецца, што ў назьве Магілёва чытаецца „Магіла льва“, — пачаў аповед скульптар, паказваючы журналісту сваю майстэрню. — Таму тэма львоў да мяне прыйшла значна раней, чым зьявіліся львы на мосьце».
«Львіная тэма для Магілёва не такая ўжо і дрэнная, хоць нямала людзей сумняваюцца, ці магілёўская яна, — кажа ён далей. — Зрэшты, помнікі з ільвамі ўжо стаяць, і цяпер Магілёў сьмела можна лічыць горадам ільвоў. Магілёўскі леў — гэта міт, і мы яго ствараем, як стваралі яго да нас. Кожны з нас успрымае яго па-свойму і перажывае па-свойму».
Заўважаем: нямала гараджан лічаць, што «ільвіную тэму» гораду навязала цяперашняе кіраўніцтва. А Вераб’ёў, на іх думку, нібыта патурае прыхамаці чыноўнікаў, за што ўлада спрыяе яму ў рэалізацыі ягоных праектаў. На гэта скульптар рэагуе ўсьмешкай і пытаньнем: «Цікава, хто так кажа?»
«Мяне гэта ня крыўдзіць, — ужо сур’ёзна працягвае Андрэй. — Я жыву ў сваім цудоўным і цікавым сьвеце, і мяне не кранае, хто пра што кажа. Па-другое, усё тлумачыцца вельмі лёгка. У савецкія часы скульптуры рабіліся вялікія, парадныя. І тады, безумоўна, замаўляла іх партыя. Цяпер сытуацыя зьмянілася, і невялікія паркавыя кампазыцыі замаўляюць гарадзкія ўлады. Калі я хачу ўпрыгожыць горад і таго ж хочуць гарадзкія ўлады, дык што ў гэтым кепскага?».
Калі маўчаць, то беларускай мовы ня стане болей
Андрэй Вераб’ёў — скульптар беларускамоўны. Яго першая спроба загаварыць па-беларуску была ў школе.
«Мне было цікава адчуць, як гэта — быць беларускамоўным, — распавядае ён. — Я ведаў, што мы ўсе беларусы, што жывём у БССР. Сваю мову вывучалі ў школе, але чаму на ёй гаварылі толькі на ўроку? Неяк сваім аднаклясьнікам на перамене сказаў, што буду гаварыць ад сёньня па-беларуску. Зь мяне тады пасьмяяліся, і я адчуў сябе белай варонай».
Другая спроба была ўжо ў Менску, у 1985 годзе, на другім курсе вучэльні імя Глебава.
«Тады мяне хацелі выгнаць з вучэльні. Намесьніца дырэктара мне казала: „Што, хочаш усіх абуць у лапці?“. Потым яна сама гаварыла па-беларуску, але значна пазьней», — згадвае Вераб’ёў.
Беларускасьць пазнаёміла Вераб’ёва з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. Пра яго магілёўцу расказаў камсорг групы.
«Ён сказаў, што ў вучэльні ёсьць „ідыёт“, які гаворыць па-беларуску. Гэта і быў Сяргей Харэўскі. На наступны дзень я зь ім пазнаёміўся. Сяргея, які на два гады старэйшы за мяне, лічу сваім духоўным настаўнікам. А потым, калі Сяргей скончыў вучэльню, я ў ёй застаўся адзін беларускамоўны. Год змагаўся адзін. Калі быў на чацьвёртым курсе, прыйшлі студэнты, якія загарэліся беларушчынай. Тады зьявіліся ўжо „Тутэйшыя“. У грамадзтве паболела беларускага».
У Беларусі Андрэй заўжды гаворыць па-беларуску.
«За межамі, шануючы мову дзяржавы, куды прыехаў, імкнуся размаўляць на іх мове. Асабліва паважаю маленькія народы і іхнія мовы. У грамадзтве я не адчуваю варожасьці да сябе, асабліва цяпер. Людзі стараюцца адказваць мне па-беларуску, нават чыноўнікі, — кажа Андрэй. — Што да беларускасьці, то пра яе трэба пастаянна нагадваць чыноўнікам. Калі маўчаць, то беларускай мовы ня стане болей».
«Наагул жа, — падсумаваў Андрэй Вераб’ёў, — мая мова і мая прамова — гэта мая скульптура».
Нашы гарады паціху становяцца падобнымі да эўрапейскіх
Андрэй Вераб’ёў — карэнны магілёвец. Як скульптара яго сфармавала гарадзкая прастора, і цяпер ён запаўняе яе сваімі працамі. Лічыць беларускія гарады эўрапейскімі і цешыцца з таго, што яны паволі вяртаюць сабе страчанае ў віхуры часу беларускае аблічча. На ягоную думку, адметнасьць гораду — у тым, што ён мае скульптуру.
«Гарадзкія будынкі заўжды паглынаюць чалавека, а скульптура, да якой можна дакрануцца, прывесьці да яе гасьцей, сфатаграфавацца зь ёю, фармуе непаўторнасьць гораду», — кажа ён, трымаючы кубак з каваю.
«Эўрапейскія гарады, як і эўрапейская культура, падобныя сваімі каштоўнасьцямі, падыходамі ў запаўненьні гарадзкой прасторы. Нашы гарады паціху набліжаюцца выглядам да эўрапейскіх, але мы пакуль блукаем у цемры. Іншым разам збочваем і не туды. Ёсьць асьцярога, што не таго можам нарабіць.
Можа, таму мне цяжка казаць пра беларускасьць нашых гарадоў. Калі яны паўставалі, то, зразумела, былі беларускімі, але потым надышлі часы, калі беларускасьць зьнівэлявалася. Цяпер жа даводзіцца адраджаць страчанае. Магілёў рухаецца ў тым жа кірунку, але ня так хутка, як хацелася б. Я задаволены, што і мне час ад часу выпадае ў гэтым руху паўдзельнічаць», — кажа скульптар.
Мара Вераб’ёва — помнік Машэку і Янку Купалу
Майстэрня суразмоўцы — на ўскрайку гораду. Вялікі пакой застаўлены праектамі скульптур, якія чакаюць свайго ўвасабленьня або засталіся як напамін пра зробленае раней.
Паветра насычанае пахам гліны ды плястыліну. Промнямі сонца высьвечваецца эскіз скульптуры зь дзьвюма постацямі.
«Кожны горад мае свае гісторыі і легенды, таму павінны быць скульптуры, якія візуальна расказваюць пра іх», — заўважыўшы інтарэс журналіста да адной з сваіх прац, кажа аўтар.
Ён кажа, што зь дзяцінства марыць прысьвяціць сваю працу герою магілёўскай легенды Машэку. «Я яго бачу ў абдымках з каханай, якую ён выратаваў і ўкрывае скураю льва, — стоячы каля эскізу, кажа Андрэй. — У скульптуры дужа тонкая эмацыйная сытуацыя. Машэка, зьнерухомеўшы ад шчасьця, прыхінае каханую, бо толькі ў сьне мог спадзявацца, што яна будзе побач. А ў дзяўчыны іншыя эмоцыі. Яны больш складаныя. Яна калісьці кахала Машэку, але, пажыўшы ў панскіх палацах, адчувае, чым пахне скура льва і чым пахне ад Машэкі. Яна разумее, што гэта сьвет, ніжэйшы за яе цяперашнюю, таму адначасова абдымае і адштурхоўвае Машэку».
Такія эмоцыі выклікала ў скульптара паэма Янкі Купалы «Магіла льва», якую паэт прысьвяціў Магілёву.
Паказваючы макет скульптуры магілёўскага замчышча, Андрэй кажа: даўно насьпеў час паставіць у горадзе помнік Янку Купалу.
«Помнік Купалу мусіць быць, — кажа ён. — Хоць наш вялікі пясьняр не нарадзіўся ў Магілёве, але ён зрабіў беларускую культуру вядомай ва ўсім сьвеце. Купала заслугоўвае ўшанаваньня ў любым беларускім горадзе».
«Маленькі прынц», «Маладая бульба» і «Шклоўскі гурок»
Андрэй Вераб’ёў паставіў скульптуру «Шклоўскі гурок» у вядомым райцэнтры, вырабіў помнікі «Маленькі прынц» ды «Закаханыя студэнты». Гатовы зрабіць помнік «Маладая бульба».
«Маленькаму прынцу» знайшлося месца ў сквэры непадалёк ад гарвыканкаму. Ад вялікага наплыву цікаўных сфатаграфавацца «княжыч» ня вытрымаў і паваліўся. Адкрыцьцё скульптуры адклалі, пакуль не адрамантавалі.
«Я вырас на „Маленькім прынцы“, і ён мне дужа дарагі, — аглядаючы гліняны эскіз скульптуры, кажа яе аўтар. — Вырабіць скульптурную кампазыцыю з героем Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры — мара дзяцінства. Праект быў зроблены дванаццаць гадоў таму. Бываюць цуды, калі сыходзяцца зоркі і мары збываюцца. Так выйшла з маёй марай дзяцінства».
У майстэрні на падлозе «пад аховаю льва» — праект помніка маладой бульбе. Летась Андрэй Вераб’ёў ужо паказваў яго магілёўскай публіцы Вытанчаная постаць маладзіцы ў бульбе выклікала на прэзэнтацыі жывую цікавасьць. Шмат хто пытаўся ў скульптара, калі горад займее такі твор. А Андрэй і сам ня ведае. Адказвае: «Значыць, ня высьпела яшчэ бульба».
«Калі я зрабіў помнік „Шклоўскаму гурку“, шмат хто зь мяне жартаваў: цяпер, казалі, варта паставіць помнік памідору, бульбе... Тады я задумаўся: „А чаму ў Беларусі ня можа быць такога помніка?“», — кажа пра ўзьнікненьне «бульбяной» ідэі Вераб’ёў.
«Вядома, бульба — інтэрнацыянальны прадукт. Але ёсьць беларускі міт пра бульбу, і ён ня самы горшы зь мітаў пра Беларусь. Таму гэтая культура, думаецца, вартая ўвекавечваньня. А чаму помнік «Маладой бульбе»? Дык я ажаніўся нядаўна. Жонка маладая, і адчуў, што бульба павінна быць маладой«.
Я змагаўся за гэта як леў
Дняпроўскі мост пасьля рамонту пазбавіўся савецкай атрыбутыкі. Пра свой удзел у дэсаветызацыі моста скульптар з усьмешкай кажа: «Я змагаўся за гэта як леў. Мне падаецца, што дэсаветызацыя пайшла на карысьць гораду».
«Была ідэя пакінуць савецкія накладкі са сьцягамі, — кажа Андрэй, — але іх разбурыў час, а рэстаўрацыя была задарагая, то вырашылі іх прыбраць наагул. Мы прапанавалі таньнейшы варыянт замены гэтых накладак. І горадабудаўнічая рада пагадзілася з намі, што яны на мосьце будуць з гербам гораду і мордамі львоў...»
Ён кажа, што замовы — частка прафэсійнай дзейнасьці мастака. А тыя творы, якія дайшлі да нас здавён, у бальшыні рабіліся на замову.
«Ёсьць тое, што робіш без замовы, — кажа Андрэй. — Тое, што прыходзіць да цябе само, і гэтага ты не рабіць ня можаш. Гэта „музэйныя“ працы, яны для мяне самыя важныя. Гэта і ёсьць сэнс жыцьця, тое, для чаго прыйшоў у сьвет».
«Спрыяньне ўлады дае мне магчымасьць шырэй раскрыць свой патэнцыял. Але мне падаецца, што мастак не настолькі залежны ад улады, — кажа суразмоўца. — У Савецкім Саюзе душылі свабодную творчасьць. Цяпер сытуацыя больш простая.
Кожны мае адно непаўторнае жыцьцё і магчымасьць ствараць шэдэўры — альбо не ствараць, чакаючы, пакуль зьменіцца ўлада, напрамак ветру ці курс даляра.
Свайго галоўнага твору я пакуль не стварыў. Ёсьць працы, якія мне падабаюцца і якія перажывуць мяне, але сапраўдныя шэдэўры яшчэ наперадзе».