Дваццаць пяць гадоў таму Вярхоўны Савет савецкай Беларусі прыняў Закон аб мовах, дзе беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай. Ці магчыма наданьне ёй гэткага ж статусу ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь? Чаму публічную падтрымку беларускай мовы Аляксандрам Лукашэнкам цалкам ігнаруюць чыноўнікі? Госьцяй перадачы — намесьніца старшыні ТБМ імя Францішка Скарыны Алена Анісім.
— Спадарыня Алена, у 1990 годзе яшчэ існаваў Савецкі Саюз. І тут зьяўляецца закон, у якім беларуская мова абвяшчаецца адзінай дзяржаўнай. Як такое магло стацца?
— Закон аб мовах выглядаў лягічным і правільным рашэньнем моўнай праблемы. На той час наша нацыянальная культурная эліта — пісьменьнікі, навукоўцы — разумела і бачыла, у якім складаным становішчы апынулася беларуская мова, яна мала дзе выкарыстоўвалася. І таму найпершая задача была — абазначыць беларускую мову менавіта як дзяржаўную мову, якой можна карыстацца ва ўсіх сфэрах жыцьця. А паколькі расейская мова мела дастаткова шырокае панаваньне, то адным заканадаўчым актам перакрэсьліць гэтае панаваньне было немагчыма. І яна стала мовай міжнацыянальных зносінаў. Дзяржава дэкляравала свабоднае разьвіцьцё ўсіх моваў, але абазначыла прыярытэт беларускай мовы як нацыянальнага скарбу таго народу, які вякамі жыў на гэтай тэрыторыі. Большасьць людзей успрымала закон з разуменьнем. Памятаю, мае аднакурсьнікі, якія працавалі ў беларускіх школах у вайсковых гарадках, казалі, што нават у іх быў неверагодны ўздым. Ствараліся беларускія клясы, можна было без праблемаў аддаць дзіця ў беларускую школу побач з домам. Ня трэба было, як сёньня, вазіць дзяцей Бог ведае куды.
— Закон аб мовах дзейнічаў трохі больш за чатыры гады — да 1995-га, калі былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю. Як бы вы схарактарызавалі гэтае чатырохгодзьдзе?
— Гэта замалы тэрмін для таго, каб адбыліся незваротныя зьмены. Да таго ж быў дастаткова моцны супраціў. Ён не заўсёды быў яўны, але меў месца і сабатаж. Я згадваю, што пры канцы 90-х таксама былі нейкія крокі ў бок беларусізацыі, але дырэктары школаў ужо ня верылі ў яе. Людзі ня любяць кампанейшчыны, людзі любяць прадказальнае, паступовае разьвіцьцё. Закон аб мовах 1990 году надаваў паступовасьць, закладаў асновы разьвіцьця беларускай дзяржаўнай мовы на 5, на 10 гадоў. Плянавалася, што паступова мова ўвойдзе ва ўсе сфэры і зойме там належнае становішча. На жаль, гэтага не адбылося. А калі б Закон аб мовах дзейнічаў хоць бы 10 гадоў, мы мелі б іншыя вынікі.
Калі б Закон аб мовах дзейнічаў хоць бы 10 гадоў, мы мелі б іншыя вынікі
— Апошнім часам ня раз гучалі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў падтрымку беларускай мовы. Але вось дзіва: гэтыя выказваньні аніяк ня хочуць ператварацца ў канкрэтныя справы — чыноўнікі іх быццам ня чуюць. Чаму так адбываецца?
— Напэўна, таму, што ёсьць чыноўнікі, якія не жадаюць разьвіцьця беларускай мовы, не жадаюць бачыць Беларусь незалежнай краінай. Таму ідзе такі разлад у дзяржаўных структурах. І гэта павінна было б устрывожыць наша вышэйшае кіраўніцтва. Бо калі вышэйшы чыноўнік у дзяржаве заяўляе пра неабходнасьць падтрымкі беларускай мовы, то ўсе кіраўнікі міністэрстваў павінны ў сваіх галінах ажыцьцяўляць гэтую падтрымку. А замест гэтага мы бачым адваротнае. Нядаўна новапрызначаны кіраўнік Міністэрства адукацыі Міхаіл Жураўкоў заявіў, што беларускамоўны дзяржаўны ўнівэрсытэт непатрэбен. Таксама нядаўна стала вядома, што ва ўрадзе прынятая пастанова, каб інфармацыйныя шыльды ў мэтрапалітэне пісаліся не па-беларуску. Прытым Канстытуцыйны суд адназначна выказаўся пра тое, што ў нас няма роўнасьці моваў. Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што ў нашым вышэйшым кіраўніцтве няма збалянсаванай моўнай палітыкі.
— А вы не дапускаеце таго, што Лукашэнка на публіку гаворыць адно, а на закрытых нарадах — зусім іншае?
— Як бы там ні было, але я ў гэтым бачу менавіта незбалянсаванасьць. Насамрэч, калі працуе дзяржаўная каманда, яна ня можа адначасова прымаць два ўзаемавыключальныя рашэньні. Мае быць адна ўзважаная палітыка — празрыстая, відавочная, паступовая. Калі на публіку — адно, а ў кулюарах — зусім іншае, то ва ўладзе пачынаецца хістаньне ўлева-ўправа. А гэта не спрыяе ўстойліваму разьвіцьцю краіны.
— Гаворачы пра чыноўнікаў, я прыгадаў эпіграму Ніла Гілевіча:
«Шаноўненькі мой беларусік з чыноўнага племя!
Запомні: калі ты падчас афіцыйнай прамовы
ня скажаш чатыры разы „ў настаяшчая ўрэмя“,
ты тэсту ня пройдзеш на веданьне рускае мовы».
ТБМ вядзе актыўную перапіску з рознымі міністэрствамі і ведамствамі. Які асноўны чыноўніцкі пасыл у адказах вам?
— Няма адзінага пасылу. Хтосьці тлумачыць падрабязна, як у ягоным ведамстве выкарыстоўваецца беларуская мова, а хтосьці адказвае па-расейску, парушаючы тым самым Закон аб зваротах грамадзянаў. І звычайна адказвае трыма радкамі: «у нас роўнасьць моваў, мы карыстаемся расейскай мовай, а вам не абавязаныя прадстаўляць статыстыку». Ёсьць сярод чыноўнікаў і такія (іх нямала), хто шчыра хацеў бы штосьці зрабіць. Па маіх адчуваньнях, беларускім чыноўнікам патрэбен месяц актыўнай моўнай практыкі, і яны выдатна загавораць па-беларуску. Кожны, хто мае другую ступень адукацыі, напрыклад, скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце, праходзіў курс дзелавой беларускай мовы. Да гэтага году такі курс быў. Праўда, цяпер нібыта яго хочуць адмяніць. На жаль, хочуць прыбраць беларускую мову і з абавязковых курсаў для асьпірантаў. Уявіце сабе — можна будзе стаць кандыдатам навук, не валодаючы дзяржаўнай мовай.
Беларускім чыноўнікам патрэбен месяц актыўнай моўнай практыкі, і яны выдатна загавораць па-беларуску
— Дзесьці ў нетрах Акадэміі навук схаваўся Інстытут мовы, дакладней, тое, што ад яго засталося. Але чамусьці слоўнікі ў нас цяпер складаюць энтузіясты: Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Сіўчыкаў, Мікола Касьцюкевіч. Апошні, напрыклад, нядаўна склаў і выдаў слоўнік хакейнай лексыкі. А чым у нас займаюцца прафэсійныя мовазнаўцы?
— Прафэсійныя мовазнаўцы займаюцца сваёй справай — дасьледаваньнем мовы. Праўда, сілаў, як вы разумееце, у нашым інстытуце небагата. Скажам, у аддзеле лексыкалёгіі і лексыкаграфіі, дзе я працую, усяго 12 чалавек. Што да энтузіястаў, якія выдаюць слоўнікі, то гэта вельмі добра. ТБМ таксама займаецца не заўсёды толькі тым, чым абавязана займацца. Мы займаліся выданьнем беларуска-швэдзкага, беларуска-ангельскага, ангельска-беларускага размоўнікаў. Мы перакладалі на беларускую мову правілы дарожнага руху. А пры канцы 2014 году мы выдалі першыя шэсьць кніг «Пробных тэстаў для сэртыфікацыі беларускай мовы як замежнай». Гэта таксама ня справа грамадзкай арганізацыі, але мы тым і моцныя. Калі дзяржава не займаецца тым, чым павінна займацца, то заўсёды знойдуцца людзі, якія зробяць тое, што неабходна.
— Летась вы нарабілі розгаласу, заявіўшы пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Пачаўся 2015-ты — год выбараў, а вы маўчыце. Перадумалі?
— Я ня столькі заяўляла пра свае амбіцыі, колькі казала пра гатоўнасьць выступіць ад нацыянальных сілаў у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. У 2014 годзе была неабходнасьць абазначыць наяўнасьць нацыянальных сілаў, якія ні пры якіх умовах ня зьмірацца з тым, што Беларусь можа стаць часткай іншай дзяржавы. Час цяпер такі, што трэба быць гатовым шмат да чаго. І я гатовая. Працую з грамадзкасьцю, абазначаю сваю пазыцыю і не баюся пра гэта гаварыць. Я хачу, каб людзі, гледзячы на мяне, таксама не баяліся гаварыць пра тое, што іх хвалюе, што трэба ў краіне зьмяніць. Ёсьць прагноз, што ў 2015 годзе з мапы сьвету могуць зьнікнуць цэлыя краіны. І калі мы дбаем пра сваю краіну, то нельга не прымаць у разьлік і гэтую магчымую небясьпеку.
— Якім вам бачыцца становішча беларускай мовы ў будучай Беларусі?
— Адназначна — яна павінна быць адзінай дзяржаўнай мовай. Урэшце, у ідэале, можна было б вярнуцца да ранейшага Закону аб мовах. Там усё нармальна прапісана. Там няма дыскрымінацыі ў адносінах да іншых моваў. Там проста ёсьць клопат пра дзяржаўную беларускую мову. Мы павінны зразумець, што нідзе, у ніводнай краіне сьвету клопату пра беларускую мову праяўляць ніхто ня будзе. Таму, на маю думку, разьвіцьцё беларускай мовы ляжыць у плашчыні вяртаньня Закону аб мовах 1990 году.