Актывісты АГП з Маладэчна прапануюць Лябедзьку сысьці ў адстаўку з прычыны дэпутацтва Канапацкай

Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Ліст з асуджэньнем пазыцыі кіраўніцтва АГП адносна ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах і прапановай адстаўкі Анатоля Лябедзькі з пасады старшыні АГП падпісалі 7 актывістаў партыі з Маладэчна.

Сярод падпісантаў — лідэр маладэчанскай гарадзкой арганізацыі Генадзь Фарыно, прадпрымальнік Іван Мішын, эканаміст Сяргей Балыкін. Асабліва незадаволеныя аўтары ліста тым, што сябра партыі Ганна Канапацкая не здала дэпутацкі мандат, а кіраўніцтва партыі гэта падтрымала, прызнаўшы ў той жа час, што вынікі выбараў улады сфальшавалі.

«Беларускі парлямэнт не зьяўляецца самастойнай галіной улады, ён цалкам залежыць ад прэзыдэнта, і адзіны дэпутат ня зможа зрабіць ніякіх рэальных крокаў. Адзіная мэта прызначэньня Ганны Канапацкай у Палату прадстаўнікоў — стварыць ілюзію пачатку дэмакратычных перамен у Беларусі.

Мы кажам, што вярхушка АГП чарговым разам цынічна праігнаравала думку шарагоўцаў партыі, і выказваем кіраўніцтву АГП свой недавер. Мяркуем, што ў цяперашніх умовах старшыня АГП Анатоль Лябедзька ня мае маральнага права знаходзіцца на сваёй пасадзе, і прапануем яму добраахвотна зь яе сысьці».

Тэлефон Анатоля Лябедзькі, да якога карэспандэнт Свабоды спрабаваў зьвярнуцца па камэнтар, аказаўся адключаны.

«Ён у адʼезьдзе, будзе ў суботу», — паведаміла прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна. Ад сябе Ганна Красуліна дадала, што ведае пра ліст групы партыйцаў з Маладэчна і нават здагадваецца пра тое, хто ініцыяваў гэты ліст. Пры гэтым Ганна Красуліна мяркуе, што ліст абавязкова будзе разгледжаны ў адпаведнасьці са статутам партыі.

«Найлепш было б паехаць у Маладэчна і сустрэцца з падпісантамі, яшчэ раз выслухаць іх аргумэнты, выказаць свае. Пытаньне пра неабходнасьць захаваць дэпутацтва Ганны Канапацкай і скарыстацца ім ужо вырашалася ў партыі. Але, магчыма, да некаторых актывістаў проста не дайшлі нашы меркаваньні», — сказала Ганна Красуліна.

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін мяркуе, што ініцыятыве маладэчанцаў трэба аддаць належную, але ня экстраную ўвагу.

Леў Марголін

«Па-першае, скажу, што яны, як кожны сябра партыі, маюць права на сваю думку. Вядома, яны ня маюць права згодна са статутам партыі патрабаваць нечай адстаўкі, на гэта ёсьць статутныя нормы. Але мы, безумоўна, разгледзім гэты зварот. Палітрада АГП даручыла Менскай абласной арганізацыі яго разгледзець. Пабачым, ці сапраўды... Ведаеце, там 7 подпісаў, а маладэчанская арганізацыя не складаецца з 7 чалавек, там значна больш. Таму трэба разгледзець, ці быў там сход — можа, гэты быў нейкі абзвон ці абʼезд. І паспрабуем растлумачыць пазыцыю палітычнай рады партыі, якая большасьцю прыняла такое рашэньне, ды паслухаем іх».

Пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, куды трапіла адна з вылучэнцаў АГП, прадпрымальніца Ганна Канапацкая, у партыі ўзьнікла вострая дыскусія наконт таго, ці ня варта ёй адмовіцца ад дэпутацкага мандату, калі АГП ды іншыя апазыцыйныя арганізацыі палічылі выбары сфабрыкаванымі. Гэтую пазыцыю адстойвалі вядомая актывістка Вольга Маёрава, лідэр менскай абласной арганізацыі Віктар Малочка ды некаторыя іншыя актывісты. Палітрада партыі, аднак, вырашыла інакш — што свой мандат Ганна Канапацкая здаваць не павінна, а мае напоўніцу выкарыстоўваць пазыцыі ў парлямэнце дзеля прасоўваньня партыйнай праграмы.

На нядаўнім першым пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня Ганна Канапацкая была адзінай дэпутаткай, якая галасавала супроць абраньня старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі.

Як патлумачыў карэспандэнту Свабоды адзін з падпісантаў ліста Сяргей Балыкін, іх прапанова Анатолю Лябедзьку сысьці ў адстаўку — фактычна патрабаваньне:

«Інтэлігентныя людзі прапануюць, неінтэлігентныя патрабуюць. Фактычна мы кажам: не маглі б вы сысьці зусім?»

Сяргей Балыкін

Віктар Малочка з Салігорску, які таксама быў супроць працы Ганны Канапацкай у Палаце прадстаўнікоў, падаў заяву аб адстаўцы з пасады кіраўніка Менскай абласной арганізацыі. Паводле Льва Марголіна, заяву маюць разгледзець на пасяджэньні, якое адбудзецца 15 кастрычніка.