Сёньня ў Палаце прадстаўнікоў на пасаду старшыні камісіі правоў чалавека, нацыянальных дачыненьняў і СМІ быў вылучаны Андрэй Навумовіч, які ўжо працаваў старшынём гэтай камісіі ў мінулым складзе палаты.
Яму задалі толькі адно пытаньне, прычым гэта зрабіла дэпутатка ад АГП Ганна Канапацкая:
«Якія захады вы як старшыня зробіце дзеля таго, каб рэалізаваць палажэньні Канстытуцыі пра свабодны і роўны доступ да інфармацыі?»
Спадар Навумовіч адказаў: «Вялікі дзякуй за пытаньне, калі такая тэма заслугоўвае абмеркаваньня, я гатовы сёньня пасьля пасяджэньня з вамі сустрэцца і абмеркаваць».
Ганна Канапацкая заўважыла: «Я думаю, што гэтая тэма цікавая ўсім прысутным у залі».
«Я гатовы запрасіць вас, калі стану старшынём камісіі, для дэтальнага абмеркаваньня дадзенага пытаньня», — паабяцаў Навумовіч.
На пасаду старшыні камісіі ў пытаньнях адукацыі, культуры і навукі прапанавалі кандыдатуру Ігара Марзалюка.
Ён доктар гістарычных навук, прафэсар, чатыры гады быў сэнатарам. Пакуль гэта адзіны дэпутат, які выступіў з трыбуны Авальнай залі па-беларуску. Ён прапанаваў прыняць як мага хутчэй Кодэкс аб адукацыі. Старшыня Палаты Андрэйчанка пасьля яго выступу таксама перайшоў на беларускую мову. Але ненадоўга.
Перад тым на першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты выбралі намесьнікам старшыні парлямэнту Баляслава Пірштука, які раней працаваў першым намесьнікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму. Галасаваньне было безальтэрнатыўным, пытаньняў да прэтэндэнта не было.
За Баляслава Пірштука прагаласавалі 105, супраць — 4 дэпутаты.