Цягам 2014 году беларуская апазыцыя так і ня здолела вызначыць адзінага кандыдата на прэзыдэнта на выбары, якія згодна з Канстытуцыяй павінны прайсьці ў 2015 годзе. Ці будуць дэмакратычныя сілы ўзнаўляць свае спробы ў новым годзе?
Сярод апазыцыі на глебе абраньня адзінага кандыдата фактычна ўтварыліся дзьве групы.
Гэта — «пяцёрка», у якую ўваходзяць партыі БНФ і БСДП (Грамада), аргкамітэт у справе стварэньня партыі БХД, рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Яны падпісалі пагадненьне аб працэдуры абраньня адзінага кандыдата.
Другую групу складае кааліцыя «Талака». У яе ўваходзяць некалькі дзясяткаў рэспубліканскіх і рэгіянальных грамадзкіх утварэньняў. Але што тычыцца працэдуры абраньня адзінага кандыдата, то ў гэтым фармаце ад «Талакі» задзейнічаныя толькі АГП і партыя «Справядлівы сьвет». Яны падпісваць пагадненьне адмовіліся.
Цяпер абодва бакі заяўляюць, што згодныя шукаць кампраміс. Так, Юрась Губарэвіч, першы намесьнік старшыні руху «За свабоду», паведаміў нашаму радыё:
«Пытаньне выбару адзінага кандыдата заўсёды застаецца актуальным для нашага руху. Мы — прыхільнікі гэтай ідэі. Нядаўна мы праводзілі паседжаньне рады нашай арганізацыі. І чальцы рады выказалі жаль, што апазыцыйным сілам не ўдалося дамовіцца.
Я думаю, мы будзем удзельнічаць ва ўсіх працэсах, якія могуць вывесьці апазыцыю на абраньне адзінага кандыдата. Тым больш што сытуацыя ў Беларусі можа кардынальна зьмяніцца цягам некалькіх месяцаў. Пачынаецца эканамічны крызіс, і гэта стварае шанец апазыцыйным кандыдатам. Магчыма, гэта паўплывае на нашых калегаў, і працэс удасца ўзнавіць».
Паўнамоцтвы для перамоваў зь іншымі дэмакратычнымі сіламі АГП надала сябру партыйнай палітрады Віктару Карняенку. Ён кажа, што перамовы паміж «пяцёркай» і «Талакой» могуць узнавіцца ў любы момант:
«Камунікацыі ж захоўваюцца. І дасягаюцца дамоўленасьці па тых пытаньнях, якія маюць нейкае практычнае значэньне.
Сёньня праблема ня ў тым, што яшчэ не дамовіліся па адзінаму. Праблема ў тым, што няма параду кандыдатаў. Ёсьць толькі адзін Анатоль Лябедзька, якога афіцыйна вылучыла АГП. І на гэтым усё спынілася. Калі зьявяцца яшчэ кандыдаты, то, магчыма, яны дамовяцца паміж сабою. Гэта можа быць нават без Кангрэсу. Альбо праз Кангрэс. І, як мне здаецца, у такім варыянце і будуць дамоўленасьці.
А кандыдаты, як я мяркую, усё ж такі будуць».
Больш скептычна настроены палітоляг Юры Чавусаў:
«Хутчэй за ўсё, нейкія групы апазыцыйных арганізацыяў у сваім асяродзьдзі будуць спрабаваць узгадніць адзіную кандыдатуру. Але гаварыць пра адзінага кандыдата ад усіх апазыцыйных арганізацыяў ужо, напэўна, не выпадае.
Падобна, у лідэраў апазыцыі няма зацікаўленасьці ў сапраўды адзіным кандыдаце. І ў першую чаргу таму, што на сапраўдную перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыя ўжо наўрад ці разьлічвае».