Пытаньне, за кошт якіх сродкаў Беларусь унесла авансавую плату за расейскі газ, застаецца адкрытым, піша БелаПАН.
13 сьнежня міністар фінансаў Уладзімер Амарын у час размовы з журналістамі ў Палаце прадстаўнікоў на пытаньне, зь якіх сродкаў — бюджэтных ці нейкіх іншых — узяты ўнесены аванс за газ, адказаў: «Гэтае пытаньне не да мяне».
Пра тое, што Беларусь ажыцьцявіла авансавы плацеж за пастаўку расейскага газу, паведаміў 8 сьнежня прэс-сакратар прэм'ер-міністра Ўладзіслаў Сычэвіч. Паводле яго, у кастрычніку 2016 году на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расеі былі дасягнутыя прынцыповыя дамоўленасьці і вызначаныя канкрэтныя мэханізмы рашэньня праблемных пытаньняў у нафтагазавай сфэры, аднак іх рэалізацыя зацягнулася. Ён казаў, Беларусь зацікаўленая ў як мага больш хуткім вырашэньні газавага пытаньня, таму як «жэст добрай волі» унесла авансавую плату, а ў адказ чакае аднаўленьня паставак нафты.
Пераможцы і пераможаныя газавага канфлікту
Памер платы, аб'ём і кошт аплачанага газу не называюцца. Невядома і тое, ці гэта сплата наяўнай запазычанасьці, ці аванс за будучыя пастаўкі.
Менск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытаньні кошту расейскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 году Расея, паводле дамоўленасьцяў, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тонаў нафты за год аж да 2024-га. Аднак з другога паўгодзьдзя пастаўкі былі скарочаныя, спачатку да 3,5 млн тон за квартал, а з кастрычніка — ужо да 3 млн тон. Гэта стала адказам на запазычанасьць па пастаўках расейскага газу ў 281 млн долараў. Беларускія НПЗ тым часам працуюць на палову магутнасьці.