У лютым 1946 году была надрукавана пастанова ЦК ВКП(б) “Аб опэры “Вялікая дружба”. Твор Вано Мурадэлі зрабіўся нагодай для абвінавачваньня шэрагу вядучых савецкіх кампазытараў у фармалізьме.
Як адгукнулася чарговая ідэалягічная кампанія на беларускай музыцы?
У шэраг ахвяраў пастановы трапілі Шастаковіч, Пракоф'еў, Шабалін, Хачатуран, Мяскоўскі, Папоў. Пры гэтым з самога тэксту пастановы было немагчыма зразумець, што мелася на ўвазе пад вызначэньнем “фармалізм”.
Музыказнавец, прафэсар Беларускай акадэміі музыкі Радаслава Аладава апавядае.
Аладава: “Там была напісана абракадабра тыпу “нястройныя гукі” і падобныя рэчы, там не было такога прафэсійнага музыказнаўчага вызначэньня, а мелася на ўвазе ўсё, што дысананснае і непрыемнае для слыху”.
Кампанія ў “балоце”
Як гэта было прынята ў тыя часы, чарговая ідэалягічная кампанія была спушчана “ўніз”. У Беларусі, як і ў іншых рэспубліках, адбыліся сходы кампазытараў, зьявіўся шэраг публікацыяў, у якіх рэзка крытыкаваўся фармалізм. Першымі мішэнямі кампаніі ў Менску зрабіліся Мікалай Аладаў і Пётр Падкавыраў. Бацька Радаславы Аладавай быў нават зьняты з пасады рэктара кансэрваторыі. Аднак большых рэпрэсіяў у Беларусі не адбылося. Радаслава Аладава тлумачыць гэта наступным.
Аладава: “У Карэліі былі два габрэі-кампазытары і адзін карэл, таму габрэі цягнулі жэрабя, каму быць фармалістам. Магчыма, гэта й анэкдот. Але Беларусь, можна казаць, фармалізм практычна й не захапіў. То бок сама гэта кампанія захапіла слаба, таму што тут панавалі абставіны, у якіх мала хто калі адыходзіў ад прынцыпаў таго, што называлі народнасьцю і партыйнасьцю. У нас, як ва Ўкраіне, было вельмі нерухомае, балотнае асяродзьдзе. І тут мала было такіх мішэняў для крытыкі”.
Форма ці зьмест?
Па сутнасьці, прычынай зьяўленьня пастановы была адвечная спрэчка адносна таго, што павінна пераважаць: форма мастацкага твору ці зьмест? Кампазытар Віктар Капыцька, чыя творчасьць заўсёды вызначалася экспэрымэнтам, лічыць гэтую праблему надуманай.
Капыцька: “Гэта дурная спрэчка, бо ў сапраўдным мастацтве форма сьведчыць ужо пра зямную рэалізацыю нябесных ідэй. Калі тое мастацтва ня мае формы, дык ня будзе й самога мастацтва. Яны ж лічылі ўсё гэта хлусьнёй, і таму калгасная опэра была сапраўдным шляхам савецкага мастацтва”.
Папса — новае “мастацтва”
Тым ня менш выдадзеная 60 гадоў таму пастанова на пэўны час прыпыніла разьвіцьцё акадэмічнай музыкі ў СССР, а творчасьць вышэй згаданых кампазытараў апынулася амаль на ўзбочыне разьвіцьця сусьветнай музыкі наогул. Менавіта з гэтай прычыны я й пацікавіўся ў Віктара Капыцькі, ці магчыма, на ягоную думку, зьяўленьне нечага падобнага да той пастановы ў наш час і ў нашай краіне?
Капыцька: “Апошнія 10-15 гадоў ідзе падмена мастацтва тым, што мы называем папсой. Гэта ўсё, што ляжыць на паверхні, усё, што даступна, усё, што проста ўзяць і “схаваць”. Гэта тое, што ўжо пачалося лічыцца мастацтвам у нашай краіне. У тым, што яны лічаць мастацтвам, яны адчуваюць сябе, як у хаце сваёй. А мы жывем у іншай хаце, і таму мне зь імі не на гэтых шляхах існаваць”.
Ад 1948 году мінула крыху больш за 10 гадоў, калі ў красавіку 1958 году творчасьць Дзьмітрыя Шастаковіча была адзначана Ленінскай прэміяй. Гэта паказала, што сапраўдны творчы працэс ніякімі пастановамі і рэглямэнтацыямі спыніць немагчыма. Вось і кампанія забароны ў дачыненьні да шэрагу выканаўцаў рок-музыкі ніякага плёну беларускім уладам не прынесла. Радаслава Аладава падсумоўвае.
Аладава: “Тое, што можна было назваць “фармалізмам”, атрымала ў рэшце рэшт назоў “авангард”. А пасьля 1958 года з гэтага фармалізму зьдзекаваліся ўжо як маглі, з самога тэрміну і з усёй гэтай кампаніі”.