Ухвалены ўказ аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі. На думку палітоляга, Лукашэнка хоча тым самым збалянсаваць ціск Расеі, якая дамагаецца прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.
“Я, як і большасьць аналітыкаў-міжнароднікаў, быў схільны меркаваць, што падпісаньне адбудзецца да канца мінулага году, – кажа палітоляг Дзяніс Мельянцоў. – Але Расея стала больш актыўна паводзіць сябе ў дачыненьні да Беларусі, і гэтыя крэдыты, сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна і г.д. – яны паспрыялі таму, што недзе два месяцы сытуацыя з адкрыцьцём прадстаўніцтва была падвешаная. Бо беларускае кіраўніцтва вырашала, якім чынам лепш скарыстаць гэтую сытуацыю з адкрыцьцём прадстаўніцтва.
І зараз, паколькі Расея пачала вельмі моцна ціснуць на Лукашэнку перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі, каб ён пачаў распрадаваць валаўтвараючыя прадпрыемствы, трэба было нешта супрацьпаставіць гэтаму ціску, і пачала разыгрывацца эўрапейская карта, як гэта ўжо ня раз было. Таму цяпер мы бачым канчатковы крок: Лукашэнка даў згоду на падпісаньне самога тэксту дамовы паміж Эўрапейскай камісіяй і ўрадам Рэспублікі Беларусь,” – кажа Дзяніс Мельянцоў.
З просьбай аб адкрыцьці прадстаўніцтва Эўракамісія зьвярнулася да беларускага кіраўніцтва ў пачатку 2006 году, але справа зрушылася толькі летась.
Падпісаць пагадненьне паміж Беларусьсю і Эўракамісіяй павінен намесьнік міністра замежных справаў Валеры Варанецкі, паведамляе прэс служба кіраўніка дзяржавы.