12 лютага ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся суд над экс-старшынём “Белнафтахіму” Аляксандрам Бароўскім, якому пагражае да 8 год зьняволеньня за злоўжываньні службовым становішчам.
Паводле пракуратуры, Аляксандар Бароўскі шляхам злоўжываньняў нанёс стратаў больш як на 1,5 мільёна даляраў. На гэтую суму яму выстаўлены і грамадзянскі пазоў ад канцэрну “Белнафтахім”. Але спадар Бароўскі сваёй віны не прызнаў. Пры першай магчымасьці ён хадайнічаў аб прызначэньні фінансавай экспэртызы сваёй дзейнасьці на пасадзе старшыні канцэрну. “Мяне абвінавацілі ў нанясеньні стратаў, а разьлікаў ніякіх няма”, — абурыўся былы старшыня “Белнафтахіму” і паскардзіўся на сьледчых.
“Сьледзтва абяцала мне правесьці гэтую экспэртызу, яе ўжо павінны былі правесьці, але так і не зрабілі. Між тым, нельга, каб абвінавачаньне грунтавалася на розьніцы кошту нафты ў 330 і 350 даляраў за тону. Я гэта дакажу ў судзе”, — сказаў Аляксандар Бароўскі. Судзьдзя Мікалай Грынцэвіч прыняў ягонае хадайніцтва да разгляду.
Таксама судзьдзя прыняў да разгляду заявы сваякоў Аляксандра Бароўскага — ягонай дачкі Юліі Наліўкі і цешчы Алены Чарнецкай. Жанчыны просяць суд адмяніць арышт іх маёмасьці. У дачкі былі арыштаваныя аўтамабіль “Сузукі”, дзьве кватэры ў Менску і дом зь зямельным участкам у Асіповіцкім раёне, у цешчы — кватэра ў Бабруйску. Сьледзтва палічыла, што гэтая маёмасьць набытая на грошы Аляксандра Бароўскага.
Адвакат Зьміцер Гарачка з гэтым не пагадзіўся:
“У матэрыялах крымінальнай справы няма ніводнага доказу таго, што гэтая маёмасьць набытая на грошы майго падабароннага”,— заявіў Зьміцер Гарачка.
Рашэньне па гэтых хадайніцтвах судзьдзя Мікалай Грынцэвіч абвесьціць заўтра, 13 лютага. Сёньня да перапынку судзьдзя вырашыў лёс толькі аднаго хадайніцтва. Мікалай Грынцэвіч пагадзіўся зрабіць запыт у расейскую нафтавую кампанію ТНК адносна коштаў на нафту, якую кампанія пастаўляла ў Беларусь у сакавіку мінулага году. Якраз гэты пэрыяд фігуруе ў справе Аляксандра Бароўскага.
Фота- і відэаздымкі на працэсе забароненыя. А як выглядае былы старшыня “Белнафтахіму” ў ролі абвінавачанага? Назіральнікі адзначаюць, што ён трымаецца ўпэўнена. У перапынку Аляксандар Бароўскі заявіў журналісту Радыё Свабода, што ён “канечне, не вінаваты”. На самым пачатку працэсу падсудны прасіў журналістаў быць дакладнымі ў перадачы зьвестак пра ягоную справу. “У турме я столькі ўсяго начытаўся пра сваю справу!” — зазначыў Аляксандр Бароўскі з жалезнай клеткі.
Сваякі экс-старшыні “Белнафтахіму”, як і ягоныя адвакаты, пакуль ад кантактаў з журналістамі адмаўляюцца. Адвакаты толькі пацьвердзілі, што дагэтуль Аляксандра Бароўскага трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ — у “амэрыканцы”. У судзе скаргаў на здароўе Аляксандар Бароўскі не выказваў.