Былога кіраўніка абвінавацілі ў нанясеньні дзяржаве вялікіх стратаў праз злоўжываньні службовым становішчам.
Паводле пракуратуры, страты большыя за 1,5 мільёна даляраў, але Аляксандар Бароўскі сваёй віны не прызнаў. У судзе ён адразу хадайнічаў аб правядзеньні фінансавай экспэртызы сваёй дзейнасьці.
“Мяне абвінавацілі ў нанясеньні стратаў, а разьлікаў ніякіх няма”, -- заявіў Аляксандр Бароўскі, якому пагражае да 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Судзьдзя Мікалай Грынцевіч абвясьціў перапынак да 13-га лютага для вырашэньня шэрагу хадайніцтваў абароны і сваякоў А. Бароўскага.
Яго дачка і цешча просяць адмяніць арышт іх маёмасьці. У дачкі былі арыштаваныя аўтамабіль, дзьве кватэры Менску і дом з зямельным ўчасткам у Асіповіцкім раёне, а ў цёшчы – кватэра ў Бабруйску. Сьледзтва палічыла, што гэтая маёмасьць набытая на грошы Аляксандра Бароўскага.
Працэс над экс-старшынём “Белнафтахіму” адкрыты, судзьдзя забараніў фота і відэаздымкі.