Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ №70 аб ўнясеньні зьменаў і дадаткаў у правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя ўстановы.
Самі правілы прыёму ў ВНУ былі зацьверджаныя Указам прэзыдэнта два гады таму, у лютым 2006 года. Тады ўлады запэўнівалі, што прынамсі цягам пяці гадоў яны ня будуць мяняцца. Але вось зьмены ўнесены, і даволі істотныя.
Згодна з указам, скасаваны ўнутраны экзамэн у ВНУ па прадметах, якія ўключаныя ў цэнтралізаванае тэставаньне. Старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч лічыць гэтую зьмену цалкам мэтазгоднай:
“Забараняецца вышэйшай навучальнай установе праводзіць экзамэн па прадмету, які супадае з прадметам, вынесеным на цэнтралізаванае тэставаньне. Губляецца тады сэнс самога тэставаньня. І менш будзе сіл і сродкаў траціцца на ўступную кампанію”.
Дацэнт Беларускага ўнівэрсытэту культуры, выкладчык гісторыі
Алег Трусаў гэтай зьменай незадаволены. Ён лічыць, што трэба вярнуцца да старой сыстэмы прыёму – ўступных іспытаў:
“Акрамя тэстаў, трэба яшчэ і вусныя іспыты, асабліва на гуманітарныя спэцыяльнасьці, каб праверыць, як думае чалавек, задаць яму пытаньні. Бо тэст проста можна ўгадаць, ня ведаючы, абвесьці пэўныя нумары і атрымаць вынік. А потым высьвятляецца, што студэнты ня ўмеюць думаць, ня ўмеюць лягічна разважаць. Ну, вызубраць там даты падзеяў, хіба гэта веды? Таму я катэгарычна супраць, каб тэсты былі асноўным экзамэнам”.
Ёсьць у дакумэнце і яшчэ адна фармулёўка: “У конкурсе па спэцыяльнасьцях, па якіх прад’яўляюцца асаблівыя патрабаваньні да спэцыялістаў, маюць права ўдзельнічаць асобы, што прайшлі прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе альбо тэставаньне ў ВНУ ў парадку, вызначаным Міністэрствам адукацыі”. Нядаўна міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў выказаў прапанову, што пры паступленьні на некаторыя спэцыяльнасьці, кшталту юрыдычнай, міжнародных адносінаў, журналістыкі, пажадана, каб абітурыент атрымаў рэкамэндацыю мясцовых органаў улады. І тут зьявіўся тэрмін “прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе альбо тэставаньне”, праўда, не ў райвыканкаме, а ў ВНУ. Што гэта азначае, тлумачыць старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі Ўладзімер Здановіч:
“Сапраўды, гэта некалькі размыты тэрмін – “прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе”. Мы былі супраць таго, каб выдаваліся нейкія індульгенцыі мясцовымі органамі ўлады, таму што ім цяжка вызначыць будучыя прафэсійныя запыты маладога чалавека. А вось навуковыя тэсты, менавіта навукова абгрунтаваныя – яны могуць выявіць, што ж гэта за чалавек, каго мы будзем вучыць урэшце рэшт. Такі падыход, дарэчы, дазваляе чалавеку вынесьці апэляцыю, калі ён ня будзе згодны”.
Дарэчы, псыхалягічныя тэсты ўжо выкарыстоўваюцца пры прыёме на ваенныя спэцыяльнасьці, у навучальных установах МУС і МНС. На думку спадара Здановіча, нялішне праводзіць тэставаньне і на пэдагагічныя спэцыяльнасьці. Праўда, як канкрэтна будзе праводзіцца прафэсійна-псыхалягічнае тэставаньне, ні чыноўнікі Міністэрства адукацыі, ні парлямэнтары пакуль ня ведаюць.