Чым ёсьць угодкі абвяшчэньня БНР для Беларусі сёньняшняй? Як лепей, на погляд знаных беларусаў, адзначаць гэтую дату? Сёньня з развагамі на гэтую тэму – Уладзімер Падгол
Падгол: Дзень Волі – гэта ўнікальная мажлівасьць для беларусаў - на Беларусі; ва ўсіх куточках сьвету – тым, хто проста спачувае Беларусі, - утварыць на адну гадзіну беларускую школку. Усім, хто хоча падтрымкі беларускай ідэі, культуры, мове, - яны сядуць а парты, за сталы і напішуць агульнанацыянальную беларускую дыктоўку, - народныя пісьменьнікі, паэты, акадэмікі, мастакі, - усе, хто любяць беларушчыну.
Карэспандэнтка: Гэта будзе гэткі ўсеагульны міжнародны флэш-моб? А як, на Ваш погляд, можна было б арганізаваць людзей ва ўсім сьвеце?
Падгол: Элемэнтарна. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі, “Радыё Свабода”, усе, – робяць заклік – і тлумачаць, у чым сэнс гэтай акцыі.
Карэспандэнтка: А для Вас Дзень Волі – гэта які дзень?
Падгол: Гэта – тое сьвята, якое сьвяткуецца не саўковым чынам, калі селі, выпілі, закусілі, пагудзелі, песьні папелі. Гэта тое сьвята, калі мы можам прадэманстраваць усяму сьвету і суайчыньнікам, што беларушчына жыла, жыве, будзе разьвівацца і што ў яе шмат прыхільнікаў!!!