Д.Маккейн пра выбары прэзыдэнта ЗША і пра Беларусь

Нямецкая Suddeutsche Zeitung зьмясьціла артыкул кандыдата на прэзыдэнта ЗША Джона Маккейна. Ён заклікае ЗША і Эўропу вярнуцца да старой дружбы, ажывіць свае дачыненьні, каб разам супрацьстаяць выклікам 21 стагодзьдзя. Рэспубліканец і губэрнатар штату Арызона лічыць неабходным выпрацаваць агульную лінію супраць Расеі, быць больш актыўнымі ва Аўганістане і больш жорсткімі ў дачыненьні да Ірану. Ён заклікае ЗША і Эўропу да скаардынавасьці ў падтрымцы дэмакратыі ў такіх краінах як Беларусь

"Калі я буду абраным прэзыдэнтам ЗША, маімі галоўнымі прыярытэтамі стануць ажыўленьне трансатлянтычнага партнэрства і маральнай салідарнасьці Захаду”, піша у Suddeutsche Zeitung Джон Маккейн.

Маккейн піша, што “вялікая васьмёрка” павінна ізноў стаць клюбам вядучых дэмакратычных дзяржаваў з рынкавай эканомікай. Неабходна прыняць у G8 Індыю і Бразылію, аднак выключыць зь яе Расею.

Такія праграмы важныя як для Расеі, так і для Беларусі, дзе дыктатура працягвае ўжываць агульны ціск...
“Эўропа і ЗША павінны павялічыць скаардынавасьць сваіх праграмаў дзеля таго, каб падтрымаць дэмакратыю і вяршынства закону ў тых краінах, дзе адчуваецца іхны недахоп. Такія праграмы важныя як для Расеі, так і для Беларусі, дзе дыктатура працягвае ўжываць агульны ціск. Таксама важна працягнуць руку дапамогі пераходнай дэмакратыі У Грузіі, ва Ўкраіне і ў балканскіх дзяржавах”, піша Джон Маккейн.

Паводле сэнатара Арызоны, “выбары новага прэзыдэнта ЗША будуць мець сур’ёзныя наступствы для дачыненьняў з Эўропай. Ён падкрэсьлівае, што ЗША выйгралі халодную вайну разам з грамадзянамі па той бок “жалезнай заслоны, якія змагаліся за свабоду на ўсёй тэрыторыі -- ад Варшавы і Масквы да Будапэшту”.

“Наша агульная будучыня залежыць ад таго, як мы вытрымаем выклікі, якія выстаўляе нам 21 стагодзьдзе”. Як піша Маккейн, амэрыканцы падтрымліваюць умацаваньне пазыцый ЭЗ , бо бязь гэтага немагчыма адэкватна адказаць на выклікі новага часу. ЗША выступаюць за дзеяздольнае НАТО і гатовыя запрасіць ў альянс Харватыю, Албанію і Македонію.

Адна з асноўных мэтаў НАТО, лічыць Маккейн, гарантаваць бясьпеку ў Эўропе і адкрыць дзьверы для такіх дэмакратычных краінаў як Україна і Грузія. Паводле Маккэйна, сапраўднае партнэрства ў гэтай галіне адкрытае і для Масквы, “аднак у выпадку, калі яна будзе выконваць свае абавязаньні перад міжнародным супольніцтвам і ўласнымі грамадзянамі”.


"Выпрацаваць адзіную лінію паводзінаў што да рэваншыскай Расеі"

Маккейн лічыць неабходным “выпрацаваць адзіную лінію паводзінаў што да рэваншыскай Расеі, чыё кіраўніцтва ня хоча далучацца да таго дэмакратычнага мірнага курсу, які абраў для сябе Захад”.

У сваім артыкуле Маккейн піша, што ў мэтах супрацьстаяньня выклікам 21 стагоддзя, ён падтрымаў бы стварэньне такой арганізацыі як Ліга дэмакратыі. Паводле ягоных словаў, Ліга ня ёсьць заменай ААН. Новая арганізацыя магла б зрабіць свой унёсак ў рашэньне тых пытаньняў, дзе дзеяньні ААН сталі “правальнымі”.

Напрыклад. у барацьбе са СНІДам у афрыканскіх краінах, у распрацоўцы канцэпцыяў па барацьбе з экалягічнымі катастрофамі, у аказаньні ціску на рэпрэсіўныя рэжымы, у падтрымцы дэмакратыі, у доступе да рынку.

Калі я стану прэзыдэнтам ЗША, я арганізую сустрэчу прадстаўнікоў дэмакратычных краін...
“Калі я стану прэзыдэнтам ЗША, я арганізую сустрэчу прадстаўнікоў дэмакратычных краін дзеля таго, каб абмеркаваць неабходныя крокі па ажыцьцяўленьні падобнага бачаньня рэальнасьці па тых жа прынцыпах, зь якім ЗША 60 гадоў таму ўзяла на сябе стварэньне НАТО”, піша Маккейн на старонках Suddeutsche Zeitung.

Ён таксама дадае наступнае : “Калі я буду абраны прэзыдэнтам, я аднаўлю глябальную вядучую ролю ЗША ў сьвеце”