Чым ёсьць Дзень Волі для беларускай інтэлігенцыі, як вядомыя беларусы прапануюць адзначыць гэта сьвята? Сёньня на гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, паэтка і бард з Полацку Лера Сом.
Лера Сом: Мне асабіста хацелася б, каб гэтая дата, нарэшце, сталася афіцыйным сьвятам, хоць праз 90 год пасьля ўтварэньня даты. Вельмі важна мець такое сьвята, якое б пэўным чынам адлюстроўвала нашы патрыятычныя пачуцьці. Ёсьць Новы год – як пачатак чагосьці новага, ёсьць асабісты дзень нараджэньня ў кожнага. Але вось такой абагульняючай рэчы, якая б наш патрыятызм, які ёсьць ў кожнага, дапамагла б нам выказаць – пакуль што ў нас такой даты няма. Трэба, каб любы звычайны чалавек ведаў, адкуль ідзе цяперашні этап гісторыі нашай краіны.
Карэспандэнтка: А што для Вас гэтае сьвята?
Лера Сом: У прынцыпе, я любыя даты люблю вымяраць чалавечым жыцьцём. І калі вымяраць чалавечым жыцьцём, 90 год – гэта ўжо вельмі паважны век, сталы век, калі трэба ўжо вынікі ўсяго жыцьця падводзіць... Мне здаецца, так, з аднаго боку, у нас ужо ёсьць незалежнасьць, незалежнасьць Беларусі, якой не было б без 25 сакавіка 1918 года. Але нейкую мройную, ідэальную Беларусь, дзякуючы якой 25 сакавіка 1918 года сталася магчымым, мы яшчэ не пабудавалі, і ў нас яшчэ многа-многа наперадзе гэтага будаўніцтва. Мне самой хацелася б адзначыць гэта 25 сакавіка няхай ня ў той ідэальнай Беларусі, але хаця б трошкі да яе набліжанай...