Віцебск: журналістам дзяржаўных СМІ загадалі "прадчуваць сытуацыю"

На пасяджэньні калегіі абласной управы па ідэалягічнай працы намесьнік старшыні аблвыканкаму Пётр Южык паставіў перад супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ задачы на 2008 год.

Галоўная зь іх – "данесьці да насельніцтва тыя асаблівасьці, якія забясьпечваюць стабільнасьць у грамадзтве" напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, а таксама "Дажынак-2008", якія сёлета вырашана праводзіць у Воршы.

"Журналісты мусяць як бы прадчуваць сытуацыю, каб правільна і пераканаўча даносіць інфармацыю ды чытачоў", -- сказаў спадар Южык.

Прысутны на пасяджэньні калегіі намесьнік міністра інфармацыі Аляксандар Слабадчук выказаў пажаданьне, каб у мясцовай прэсе яшчэ часьцей давалі слова кіраўнікам прадпрыемстваў і прадстаўнікам уладаў, а крытыка на іхны адрас была толькі "канструктыўнай".

Выконваць гэтыя наказы мусяць 25 дзяржаўных выданьняў, якія выходзяць на Віцебшчыне. Зь недзяржаўных мэдыяў на Віцебшчыне засталіся рэгіянальная газэта "Вольнае Глыбокае", бюлетэнь "Курьер из Витебска" ды некалькі камэрцыйна-рэклямных выданьняў.