Пяць чарнобыльскіх пытаньняў прафэсару Грушавому

Генадзь Грушавы

Яўген Крастоўскі

Мы гутарылі ў маленькай менскай кавярні на плошчы Перамогі з той самай стэлай і вечным агнём, якія сталі сымбалем гораду дый усёй рэспублікі таксама. Мой суразмоўца ляцеў у Бэрлін пабачыць сваю ўнучку Соню, якая нядаўна нарадзілася і якую ён яшчэ не бачыў. Зразумела, што напярэдадні 25-годзьдзя з дня Чарнобыльскай катастрофы размова магла быць толькі пра гэтую трагічную падзею, дакладней пра нас, пра людзей, якія яе перажылі. Зрэшты, ці перажылі?

- Больш за два дзясяткі гадоў вы аддалі чарнобыльскім справам: арганізоўвалі акцыі пратэсту, зьбіралі буйныя міжнародныя кангрэсы, стварылі па ўсёй Беларусі дзясяткі грамадзянскіх ініцыятываў. Нарэшце, маштабная гуманітарная дапамога пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС - гэта таксама Ваша заслуга! І вось сёньня, праз 25 гадоў пасьля катастрофы, ці можна казаць, што яе наступствы пасьпяхова пераадоленыя?

- Хутчэй не, чым так! Вядома, улада трансьлюе ілжывы, на мой погляд, аптымізм, заяўляе аб поўнай рэабілітацыі тэрыторыяў, здымае зь бюджэту чарнобыльскія пункты, спыняе дапамогу пацярпелым ад аварыі людзям... Але калі ўспамінаеш аб шматлікіх ахвярах, спаленых вёсках, дзясятках тысяч людзей, якія страцілі здароўе і сталі інвалідамі, аб выміраньні нацыі - разумееш, што нам яшчэ ох як далёка да рэальнага выздараўленьня.

- У такім выпадку, ці можна казаць аб тым, што наша грамадзтва, на жаль, так і не засвоіла ўрокаў Чарнобылю і паступова забылася пра катастрофу? Ці, дакладней, людзям «дапамаглі» забыць аб ёй?


- Хутчэй так, чым не! Паслухайце афіцыйных прапагандыстаў, якія гадамі паўтараюць пра тое, што нам ужо нічога не пагражае. Для дзяржавы цяпер не актуальна нагадваць насельніцтву аб небясьпецы радыяцыі, кантраляваць ўзроўні заражэньня, рабіць здабыткам грамадзтва страшную мэдыцынскую статыстыку, вучыць людзей захадам бясьпекі, гэта значыць нагадваць, што любая АЭС - гэта вельмі сур'ёзная пагроза для чалавека і чалавецтва.

Становіцца страшна, калі даведаесься, як абыякава ўспрымае атручанае дзяржаўнай прапагандай грамадзтва трагічныя падзеі ў Японіі, як абыякава ставяцца людзі да будаўніцтва ўласнага рэактара на Астравецкай пляцоўцы, далёка ня самай бясьпечнай ў Беларусі, і разумееш – не, грамадзтва гэтых страшных урокаў не засвоіла.

- Скажыце, спадар прафэсар, няўжо шматгадовая міжнародная гуманітарная дапамога пацярпелай ад тэхнагеннай катастрофы Беларусі не зрабіла нашых людзей больш гуманнымі, чулымі да чужой бяды, гатовымі, калі трэба, да масавых акцый салідарнасьці?

- Хутчэй не, чым так! Калі паглядзіш, як паслухмяна адгукаюцца масы на ініцыятывы «зьверху» накшталт кампаній па зборы сродкаў на папулісцкія праекты будаўніцтва стадыёнаў, палацаў, бібліятэк, як натоўпамі ўступаюць у БРСМ, Белую Русь і гэтак далей, то можна падумаць, што мы вельмі актыўныя. Але наша салідарнасьць, як правіла, не пераходзіць межаў вызначаных уладай. Навучыцца тварыць дабро на заклік сумленьня, нават калі дзяржава супраць, мы яшчэ ня здольныя, бо ўлада занадта жорстка помсьціць.

- Выходзіць, у такіх умовах чвэрць стагодзьдзя чарнобыльскіх выпрабаваньняў не змагла зблізіць нашы вальнадумныя дэмакратычныя колы зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю?

- Хутчэй так, чым не! Абодва бакі так і не навучыліся гаварыць на адной постчарнобыльскай беларускай мове. У момант іх найбольшага збліжэньня паміж імі ўклінілася дыктатарская усёздушальная ўлада. Руйнавалася ўсё, што стаяла на яе шляху. Насельніцтва падкуплялі і запалохвалі, апанэнтаў перасьледавалі і зьнішчалі! Імкненьне выжыць пасьля Чарнобылю, якое аб'ядноўвала ўвесь народ, зьмянілася жаданьнем выжываць ва ўмовах дыктатуры самім па сабе. Дэмакраты згрупаваліся ў сваім гета, а насельніцтва прыстасавалася да існуючага рэжыму, хто як змог. Чуць адзін аднаго рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Чарнобыль перастаў іх аб'ядноўваць, на жаль. Але гэта, ўсё ж, ня наша віна, а наша агульная бяда! Пабачыце, мы яшчэ аб'яднаемся і пераможам!

- Тады апошняе пытаньне. Ці сталі мы, грамадзяне гэтай краіны, мацнейшымі, мудрэйшымі і лепшымі? Ці здольныя мы самі правільна выбіраць свой шлях, берагчы свой дом, абараняць сябе і сваю сям'ю, свае правы і сваю годнасьць?


- На жаль, мяркуючы па тым, што адбываецца ў нашай краіне - не! А значыць, нас чакаюць новыя катастрофы, новыя выпрабаваньні і новыя ахвяры. Але галоўны рахунак будзе выстаўлены тым, хто намі сёньня кіруе!

***

Генадзь Грушавы, стваральнік і кіраўнік Міжнароднага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобылю », дэпутат Вярхоўнага Савету РБ 12-га і 13-га скліканьняў, доктар філязофіі, прафэсар