Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.
Алесь Кіркевіч — намесьнік старшыні Маладога Фронту, жыве ў Горадні. Ён абвінавачаны паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу як актыўны ўдзельнік "масавых беспарадкаў". Прысуд — да 8 гадоў пазбаўленьня волі, а яму ўсяго 21… На волі засталіся маці і маладая жонка. Блізкія і родныя з заміраньнем сэрца чакаюць суду і цуду… а мо прачнецца сумленьне ў судзьдзяў?
Алесь нарадзіўся ў лістападзе 1989 году ў Горадні. Навучаўся на гістарычным факультэце ГрГУ, адкуль на другім курсе забраў дакумэнты па ўласным жаданьні.
Усё сьвядомае жыцьцё Алесь пражыў у родным горадзе. Яшчэ ў 5-й клясе вызначыўся з прафарыентацыяй і ўпэўнена крочыў да дасканаласьці ў гуманітарных навуках. З раньняга дзяцінства пачаў цікавіцца гісторыяй, нумізматыкай, археалёгіяй.
Падчас навучаньня ў ліцэі № 1 быў актыўным удзельнікам шматлікіх праектаў: займаўся ў краязнаўчай лябараторыі "Карані і вытокі", зьбіраў экспанаты для музэю гісторыі пэдагогікі Гарадзеншчыны і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы да яго адкрыцьця, праводзіў багата экскурсіяў.
Алесь піша цудоўныя вершы, артыкулы, малюе шматзначныя карыкатуры, шаржы. Першы яго артыкул пабачыў сьвет у 2006 годзе — "Кафля ці мабільнік?". У ім Алесь асуджаў "татальную абыякавасьць" народу да руйнаваньня старажытнай Горадні. Заснавальнік інфармацыйнага бюлетэня "Хрысьціянская абарона".
У Алеся можна павучыцца бяздоннай любові да роднай зямелькі. На першым курсе ён атрымаў запрашэньне ўдзельнічаць у раскопках у Польшчы, але адмовіўся: "Не хачу працаваць на чужую краіну".
Занепакоенасьць улады дзейнасьцю хлопца ярка адлюстроўваецца ў маразматычных адміністрацыйных справах (цягам апошніх гадоў іх было 4): за выкарыстаньне незарэгістраванага сымбалю (бел-чырвона-белы сьцяг на сустрэчы са Статкевічам у Горадні), за распаўсюд незарэгістраванага бюлетэня "Хрысьціянская абарона", за ўдзел у акцыі салідарнасьці з арыштаванымі 19 сьнежня.
Але пры гэтым хлопец ніколі не апускаў галавы і не дазваляў гэтага родным і блізкім. Усе перашкоды ён прымаў як новыя этапы сталеньня.
Падчас выбарчай кампаніі 2010 году Алесь стаў сябрам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага. Кожнай раніцы Алесь цягнуў абсталяваньне на Савецкую вуліцу і ставіў там пікет. Яму ня столькі былі патрэбныя тыя подпісы, колькі размовы зь людзьмі. І гэты шанец Алесь выкарыстоўваў па максымуме. Ён цярпліва ўступаў у дыскусіі зь дзесяткамі людзей, трымаючыся годна, цьвяроза, упэўнена.
Алеся мае талент сабраць разам шмат розных людзей, але з адной вялікай прагай, прагай праўды. Ня раз у Горадні ён наладжваў розныя культурніцка-асьветніцкія мерапрыемствы, дзе зьбіраліся дзясяткі маладых людзей. Гэтым ён і небясьпечны для чэкістаў — ён дае шанец сьвядомым людзям быць пачутымі.
19 сьнежня Кіркевіч быў адным з тых, хто заняў ня толькі сваё мейсца на плошчы, але і вашае, бо вы туды не прыйшлі.
28 студзеня да Алеся ўварваліся КДБ-шнікі, правялі ператрус і забралі, як сказалі маці, на тры гадзіны на допыт. Адтуль Алесь адправіўся ў СІЗА КДБ.
У Алеся шмат сяброў, бо ён адданы, шчыры, шчодры, яму заўсёды баліць душа за любую несправядлівасьць.
Алесь дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА КДБ у чаканьні суду, які мае адбыцца 27 красавіка. Яму цяжка, ён атрымлівае лісты толькі ад маці ды жонкі, ад сяброў лісты проста не даходзілі. Такіх, як Алесь, саджаюць для таго, каб запужаць ня толькі іх, але і тых, што побач, каб зламіць. Але не разумеюць, што гэтым яны робяць нас яшчэ мацнейшымі. Дый, "закрыўшы" грамадзка-палітычны актыў, праўду за кратамі не схаваеш…
Вераніка Велігор, гарадзенская маладафронтаўка
Вершы Алеся Кіркевіча
* * *
Заслаў пыл вочы, прыпыніла бег жыцьцё,
Скрыпяць ледзь чутна ў пакоі палавіцы.
Зьліцьцё асобаў, асабістасьцяў зьліцьцё
Занатаваў Гасподзь, запоўнілі для кніг паліцы.
Гарыць сьвяча, згасае дзень, вакол карціны-сьцены,
Мая рука, тваё плячо і пэндзаль з фарбай — вены.
Пакутнік-вецер выбіў шкло, раскідаў рэчы.
Асьветляць карышкі ад кнігаў ноч — падзьмі на сьвечы!
Алесь Кіркевіч, студзень 2011
Менск, турма КДБ
* * *
Сьніў цябе. Пад дажджом, ва ўсім белым
Я ўцякаў, ты даганяла мяне.
Усім целам і сэрцам збалелым
Я, як Горад, змакаў пакрысе.
Я ўцякаў, зачыняўся дзьвярыма,
Белай столяй аблокі ўгары.
Пад званіцамі Волі ці Веры
Хросным ходам хадзіў да зары.
Ты мяне адпускаць не хацела,
Госпад зьвёў нас сьцяжынкай адной.
Скрыжаваньнем эпоха ляцела,
Час, дзе ты засталася сабой.
Зорка зьзяе, расьсеялісь хмары,
Полем чыстым заслана зямля.
Ўсе збыліся юнацкія мары...
Жорнаў лёсу ідзе спакваля!
Алесь Кіркевіч, студзень 2011
Менск, турма КДБ
* * *
На полі цудаў засталіся мы удвох.
Я ды… Усёмагутны Бог.
Налева — зырк, направа — зырк:
Сусьвет гарыць агнямі, нібы цырк,
Гандлюе мэтр, крычыць актор, гудзяць машыны,
Нясецца шчэ адзін герой, забыўшыся на міны,
Усе пры справе і ніводзін у журбе.
Знайсьці б дзе-небудзь тут крыюўку для сябе…
"Пайдзеш?". — "Пайду". — "А можа пачакаеш?
Яшчэ гадок — жыцьця зусім ня знаеш…" —
"Я…" — "Ведаю, і ведаў загадзя.
Заросла мохам роспачы ладзьдзя.
Вазьмі што іншае, падумай, прыгадай,
Каб адляцець куды? У Р-А-Й".
"Ура" — маскальскі кліч", — сказаў. Асекся. Праглынуў.
"А наш — "Рубон" — і як прыдурак лыч замкнуў.
Ён паглядзеў мне ў вочы, а пасьля — на лес, пасьля — зноў на мяне.
Я зразумеў: чым тут цяпер стаяць, мне утапіцца лепей у лайне…
"Прабачце", — я кажу. Ён усьміхнуўся — я зьбялеў.
"Хаціш ісьці — ідзі!" — і схамянуліся дзясяткі дрэў.
(Гасподзь не паважаў літаратурнай мовы.)
"А… хоць якія там умовы?" —
Пасьпеў спытаць. Дарма спытаў. Кляну сябе.
Ўсё лепшае, вучылі мяне так, ствараецца у барацьбе…
"Не. Пачакай. Пастой тут. Рэчы пры табе?"
(Тут акурат машына праняслась — Пачобута вязьлі ў КДБ.) —
"Пры мне". — "А ведаеш… Я пазваню, трымай!".
Расплюшчыў вочы я — ў руцэ кардонны пачак, напісана "Чай".
Я паглядзеў, я азірнуўся, бачу толькі панараму:
Начное поле, на узбочыне агні, экраны,
Там шоў: Ірына Дарафеева, Зімоўскі, "RockerJoker".
Вось тоўсты дзядзька з вэртыкалі, кажуць, "полупокер".
Пайду… шукаць дарогу, ды адказы на пытаньні "Што? Дзе? Як?".
Я памалюся за сяброў ды… пачак пакладу ў пляцак.
Алесь Кіркевіч, сьнежань 2010
Гародня