Зьміцер Буланаў. Партрэт на фоне кратаў



Дзіма зь дзяцінства захапляўся біялёгіяй і музыкай. Удзельнічаў у алімпіядах па біялёгіі. Вельмі захапляўся дыназаўрамі, ведаў усё пра гэтых вымерлых жывёлаў, вывучыў нават усе назвы на лаціне.

Часам агаломшваў мяне складанымі пытаньнямі кшталту: "А якія зубы ў такога і такога дыназаўра — трубчатыя альбо альвэалярныя?" Я, натуральна, ня памятала і адказвала, што ніколі не задумвалася, якія зубы ў дыназаўра. Сын-падлетак іранізаваў: "Ну вось, а яшчэ кандыдат біялягічных навук! А ня ведаеш, якія зубы ў дыназаўра! Трубчатыя!".

У шпіталі мне дазволілі зь ім спатканьне. Я казала яму, што мы два стрыжні і павінны трымацца, бо, калі адзін зломіцца, то і другому будзе цяжка
Дзіма спачатку вырашыў зьвязаць сваё жыцьцё з мэдыцынай: пасьля школы скончыў мэдыцынскую вучэльню, два гады адпрацаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі. Вельмі адказна ставіўся да сваёй працы, яму давяралі даглядаць цяжка хворых, у тым ліку інфікаваных ВІЧ і хворых на СНІД.







Палітыкай Зьміцер не займаўся, ніколі ня быў сябрам палітычных партыяў і рухаў. 19 сьнежня на плошчы яго моцна зьбілі
Але потым музыка ўсё ж такі перамагла. Прычым Дзіма авалодаў музычнай граматай, калі быў ужо юнаком, самастойна, праз кампутар. У яго на кампутары была клявіятура, як на фартэпіяна, грыф — струны гітары, і нотны стан. Вельмі хутка ўсё засвоіў. Я сама ў дзяцінстве скончыла музычную школу і памятаю, як завучвала нейкія гамы, пасажы, эмацыйна вывучала і ўспрымала творы, да прыкладу, Бэтховэна, Баха цалкам. А ў яго нейкае іншае, на мой погляд, дзіўнае ўспрыняцьце музыкі — ён разглядаў твор як структуру: зь якіх музычных элемэнтаў ён складаецца... Ён мог любы твор пачаць зь любой ноты, зь любога такту. Авалодаў бас-гітарай. Стварыў яшчэ ў мэдвучэльні гурт "Sacramental Wine". Перад самай пасадкай сабраў іншую каманду музыкаў –"Centzon Totochtin". Як распавяла мне сяброўка Дзімы Надзея, хлопцы гралі ў стылі "Progressive Metal", гэта спалучэньне мэталу з клясыкай, вельмі складаная музыка, неагрэсіўная і мілагучная.



Дзіма хацеў вучыцца аранжыроўцы. Але паступіў у Інстытут сучасных ведаў на факультэт мастацтваў. Вывучаў выканаўчае майстэрства. Хацеў знайсьці працу, каб самому аплачваць вучобу. Яму няёмка было, каб я плаціла за вучобу.

Ён вельмі любіць чытаць фантастыку, гістарычную літаратуру. Захапляўся гісторыяй Беларусі.



Палітыкай Зьміцер не займаўся, ніколі ня быў сябрам палітычных партыяў і рухаў. 19 сьнежня на плошчы яго моцна зьбілі. Атрымаў 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы. Супрацоўнікі міліцыі прыехалі да нас дадому і заявілі: не зьявіўся на іхні званок — значыць, вінаваты. Некалькі гадзінаў Дзіма чакаў сьледчага ў сьледчай управе на вуліцы Сапёраў, дачакаўся толькі пастановы пра статус падазраванага па справе аб масавых беспарадках...



Дзіма ня мог хадзіць. Колькі сіл я патраціла, колькі намаганьняў прыклала, каб яму аказалі адпаведную мэдычную дапамогу, кансультацыю спэцыялістаў
У Дзімы сур'ёзныя праблемы са здароўем. За кратамі абвастрылася хранічнае захворваньне. Дзіма ня мог хадзіць. Колькі сіл я патраціла, колькі намаганьняў прыклала, каб яму аказалі адпаведную мэдычную дапамогу, кансультацыю спэцыялістаў. Паставілі дыягназ "вострая рэўматычная ліхаманка". Але меры стрыманьня не зьмянілі — сына пакінулі за кратамі. Праўда, перавялі ў турэмны шпіталь, прызначылі антыбіётыкі. Цяпер Зьміцер можа самастойна рухацца. У зьняволеньні любая мэдычная дапамога — гэта праблема. Вось, напрыклад, забалеў зуб. Там сказалі адразу, што выдаляць, і ўсё. Але яму зрабілі здымак, я яго паказала іншым стаматолягам, і тыя сказалі, што можна спакойна ставіць плёмбу. Вось яму там яе толькі пасьля гэтага і паставілі.



У шпіталі мне дазволілі зь ім спатканьне. Я казала яму, што мы два стрыжні і павінны трымацца, бо, калі адзін зломіцца, то і другому будзе цяжка.. Зараз яго са шпіталя зноў перавялі на "Валадарку". Але тэмпэратура ў яго трымаецца, значыць, ідуць запаленчыя працэсы. Да суду спатканьня зь ім мне ўжо не дазволілі.



Зьміцер ведае, што пра яго пішуць, падтрымліваюць, выказвае ў лістах усім падзяку.

Клаўдзія Буланава, маці Зьмітра Буланава

Зьміцер Буланаў нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў Менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі. Сур’ёзна захапляецца музыкай, незадоўга да арышту сабраў музыкаў для стварэньня свайго гурту. Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства. Палітыкай не займаўся, ніколі ня быў сябрам ніякіх палітычных партыяў ці рухаў.



Усе партрэты на фоне кратаў