"Беларускія ўлады зрабілі амаль немагчымай дзейнасьць палітычнай апазыцыі".
Такая выснова ўтрымліваецца ў штогадовай справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Human Rights Watch".
Хоць удзел у апазыцыйных палітычных арганізацыях у Беларусі не супярэчыць закону, на практыцы іх дзейнасьць амаль немагчымая. Трэба абавязкова мець рэгістрацыю, але ў такой рэгістрацыі ўлады часта адмаўляюць беспадстаўна і па надуманых прычынах, гаворыцца ў справаздачы "Human Rights Watch".
За мінулы год дзясяткі апазыцыйных актывістаў былі зьбітыя і арыштаваныя па сфальшаваных абвінавачваньнях. Некаторыя лідэры і актывісты апазыцыі застаюцца за кратамі – у прыватнасьці, у справаздачы згадваюцца справы былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, асуджанага на 5 з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачваньня ў хуліганстве, і аднаго зь лідэраў "Маладога Фронту" Артура Фінькевіча.
Праваабаронцы таксама адзначаюць, што за апошні час шэраг беларускіх студэнтаў былі выключаныя з унівэрсытэтаў за ўдзел у апазыцыйных арганізацыях.
У справаздачы выказваецца заклапочанасьць тым, што беларускія ўлады спрабуюць запалохаць і кантраляваць праваабарончыя арганізацыі. У прыватнасьці, згадваецца адмова ў рэгістрацыі праваабарончаму цэнтру "Вясна" і штрафныя санкцыі супраць Беларускага Хэльсынскага камітэту.
У разьдзеле, прысьвечаным свабодзе рэлігіі, гаворыцца, што ад лета 2006 да лета 2007 году зь Беларусі выслалі больш за 25 каталіцкіх і пратэстанцкіх сьвятароў, якія нібыта стваралі "пагрозу нацыянальнай бясьпецы".
Аглядаючы сытуацыю з мэдыямі, праваабаронцы пішуць, што беларускія ўлады ўзмацняюць кантроль за інтэрнэтам, пэрыядычна блякуючы палітычна непажаданыя сайты. На думку аўтараў справаздачы "Human Rights Watch", справа Андрэя Клімава, асуджанага ў верасьні 2007 году за публікацыю ў інтэрнэце, паказвае, што інтэрнэт больш не зьяўляецца бясьпечным месцам для крытыкі ўладаў.