Дзявяты год уручаецца нацыянальная прэмія Хартыі-97 у галіне правоў чалавека. Каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў перад уручэньнем прэмій за 2007 год згадаў леташняга ляўрэата Артура Фінькевіча. “Учора моладзевага актывіста зноў пакаралі — яшчэ паўтара года зьняволеньня”, — абураўся Андрэй Саньнікаў.
Ляўрэат прэміі Тацяна Клімава, жонка палітвязьня Андрэя Клімава, заклікала не спыняць змаганьня за вызваленьне палітзьняволеных.
“Улада ўпарта ня хоча прызнаць, што ў нас ёсьць палітзьняволеныя. Наша агульная задача — зрабіць так, каб усе яны выйшлі на волю і больш палітвязьняў не было. Я мару пра тое, што гэты час прыйдзе, усе палітвязьні выйдуць з турмаў і вернуцца ў сем’і, жывыя і здаровыя”.
Прэмію Тацяне Клімавай уручыў былы амбасадар і міністар Міхаіл Марыніч, які адбыў за кратамі больш за паўтара года з палітычных прычын, як лічаць беларускія праваабаронцы. Міхаіл Марыніч назваў цяперашнюю ўладу ў Беларусі “цынічнай” і выказаў упэўненасьць у перамозе дэмакратыі.
Таксама прэмію ў галіне правоў чалавека атрымала актывістка каталіцкай парафіі Івона Мацукевіч. Каардынатар Хартыі-97 Зьміцер Бандарэнка згадаў, што ў 1990-я гады верніца шмат зрабіла, каб вярнуць Чырвоны касьцёл сьвятых Сымона і Алены. Зараз спадарыня Мацукевіч — сярод тых, хто кожны дзень моліцца на прыступках касьцёла сьвятога Язэпа за вяртаньне вернікам гэтага храма. Сваю задачу Івона Мацукевіч бачыць і ў тым, каб вярнуць людзей да Бога.
“Ужо 142 гады, як касьцёл і кляштар забраў у нас цар Аляксандар Другі. Колькі часу мінула, колькі рэвалюцый, то сацыялізм мы будавалі, то дэмакратыю, а сьвятыня як была архівам, так і ёсьць. Але яна абавязкова вернецца людзям, дзеля таго стаяць яе муры. І нельга пакрыўдзіць Бога”.
Ляўрэаты А.Марачкін, І.Мацукевіч, Т.Клімава, Л.Талпузін
У намінацыі за правы чалавека і свабоду творчасьці ўганаравалі мастацкую суполку “Пагоня”. Суполка дзейнічае з пачатку 1990-х гадоў і цяпер аб’ядноўвае больш за 70 мастакоў. Гэта людзі выразна нацыянальна-дэмакратычных поглядаў, якія і ў мастацтве выяўляюць сваю актыўную пазыцыю. Творцы “Пагоні” правялі дзясяткі выставаў, бралі ўдзел у мэмарыялізацыі Курапатаў, зрабілі эскізы “Крыжа пакутаў”, “Звана Свабоды”, шмат разоў аднаўлялі вядомую “Лаву Клінтана”, якую бурылі вандалы. Алесь Марачкін распавёў пра бліжэйшыя пляны мастакоў.
“Адразу пасьля Новага году мы плянуем выставу, прысьвечаную Кастусю Каліноўскаму і двухсотгодзьдзю Дуніна-Марцінкевіча. І, безумоўна, рыхтуемся адзначыць 90-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Такім чынам, як той казаў, мы свой творчы меч у ножны ня ўклалі і будзем пашыраць сваю духоўную тэрыторыю”.