Слухайце першае інтэрвію палітвязьня пасьля вызваленьня ў жывым ранішнім эфіры "Свабоды" пасьля 7-й раніцы.
Дашкевіч пазваніў сябрам з пошты Шклову і сказаў, што яго вызвалілі датэрмінова паводле рашэньня суда.
Пра гэта паведаміла журналістка “Нашай Нівы” Юлія Дарашкевіч.
“Зьміцер сказаў, што зьбіраецца ехаць на электрычцы са Шклова ў Воршу, а адтуль дабірацца да Менску. Мы плянуем паехаць ў Воршу на аўтамабілі, каб сустрэць яго на вакзале. Больш пакуль ніякай інфармацыі няма”, – паведаміла “Свабодзе” Юля Дарашкевіч.
Бацькі Зьмітра Дашкевіча даведаліся пра вызваленьне сына пасьля званка карэспандэнта “Свабоды”. “Матка Боска! Якая радасьць! Слава, вазьмі слухаўку!”, – сказала маці палітвязьня Вольга Дашкевіч. Бацька Зьмітра Вячаслаў сказаў, што не выключаў датэрміновага вызваленьня. “Днямі вярнулася бандэроль, якую мы яму даслалі. Вярнулі яе без прычын. Мы падумалі, што можа быць нешта неверагоднае. І вось дачакаліся!!”
Нагадаем, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на паўтара года зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Гэты тэрмін заканчваўся 15-га сакавіка. Дакладныя прычыны датэрміновага вызваленьня Зьмітра Дашкевіча пакуль невядомыя.