Пра бацькоў і дзяцей

Калі я назіраю за грамадзкай і палітычнай актыўнасьцю часткі беларускай моладзі, дык здаецца, што яна апярэдзіла сваіх абачлівых і законапаслухмяных бацькоў у сваім шчырым, бескампрамісным імкненьні да зьменаў.

Зразумела, мне вельмі шкада ўсіх затрыманых, адлічаных са школаў, зьбітых і арыштаваных, але адначасова я ганаруся імі і захапляюся іх ідэйнасьцю.

У наш час сфармаваўся даволі распаўсюджаны стэрэатып, нібыта моладзь – бяздумная, разбэшчаная, што маладыя людзі ня слухаюцца старэйшых, хуліганяць, п'юць, ужываюць наркотыкі, не прызнаюць ніякіх аўтарытэтаў, ізалююць сябе ад сям'і, зачыняюцца ў віртуальным сьвеце інтэрнэту і ў сваёй субкультуры.

Паводле дасьледваньня, праведзенага цэнтрам “Synovate” ў 11-ці эўрапейскіх краінах, “эўрапейская моладзь ўсё болей свайго свабоднага часу і энэргіі прысьвячае групе сваіх аднагодкаў. Атрымліваецца, што для 58% маладых людзей ва ўзросьце ад 18 да 24 гадоў, “сябры – галоўнае ў жыцьці”.

Пры гэтым аказалася, як гэта ні дзіўна, што сучасныя маладзёны вядуць значна больш рацыянальны і здаровы лад жыцьця, чым іхныя равесьнікі 20 гадоў таму, і значна большае значэньне яны надаюць адукацыі. Толькі 35% маладых людзей рэгулярна ўжываюць алкаголь, палова зь іх ніколі не паліла, затое тры чвэрці апытаных як мінімум тры разы на тыдзень выходзяць вечарамі з дому, каб праводзіць час у кампаніі аднагодкаў.

Напэўна, мы маем дачыненьне з пакаленьнем масавай культуры і тэхналёгіі. Нябожчык, аўтарытэтны парыскі арцыбіскуп Жан-Мары Люсьціжэ пісаў, што “сучаснае маладое пакаленьне навучылася ўключаць тэлевізар і толькі зрэдку яго выключае. Ведае болей пра рэчы, пра якія старэйшыя людзі саромеюцца гаварыць”. Мабыць, таму існуе афарызм, што “выхоўваць – гэта зьнеахвоціць да тэлевізіі” (Marshall McLuhan).

Вельмі красамоўна адлюстроўваюць мэнталітэт сучаснай моладзі кадры зь фільму польскага рэжысэра і актора Ежы Стура “Надвор'е на заўтра”. Адна з маладых гераіняў фільму заяўляе бацьку: “А што ты мне можаш сказаць, на што я не магла б знайсьці адказу ў інтэрнэце?” У іншай сцэне бацька пытаецца ў дзяцей: “А ці верыце вы хаця б у нешта? “Так, – адказвае сын. Оля верыць у грошы, Кінга ў чат, а я ў выбарчы сьпіс нумар 6”.

Сацыёлягі адназначна сьцьвярджаюць наяўнасьць крызісу традыцыйнай сям'і. Дзяцей і моладзь павінны выхоўваць найперш бацькі, аднак бацькам не хапае на гэта ні часу ні ахвоты. Яны самі часта занятыя, забеганыя, заклапочаныя сваёй працай і кар'ерай. У выніку абавязак выхаваньня дзяцей ускладаюць на школу, якая даўно нікога не выхоўвае, а ўсяго толькі лічыць сваім абавязкам укласьці ў галовы маладзёнаў неабходны мінімум ведаў, якія прадугледжаныя праграмай. Нічога болей.

Напэўна, лепей было б, каб сучасныя бацькі маглі і хацелі ўкласьці ў выхаваньне дзяцей гэтулькі сэрца і любові, колькі выявіў біблейскі Тавія ў дачыненьні да сына. Перачытваю з сапраўднай асалодай: “Калі памру – урачыста пахавай мяне. Паважай сваю маці і не не забудзьдзся пра яе да канца сваіх дзён. Памятай, дзіця, колькім небясьпекам яна была выстаўленая, калі насіла цябе ва ўлоньні! Калі памрэ – пахавай яе побач са мною. ...Не грашы і не парушай божых запаветаў, рабі міласэрныя ўчынкі і пазьбягай бяззаконьня... Не адвяртайся ад беднага, каб Бог не адвярнуўся ад цябе... Любі сваіх братоў і не ўзвышайся сэрцам над іншымі... Вазьмі сабе жонку са свайго народу...Чым брыдзісься сам, не рабі гэтага іншаму...Глядзі за сабою ва ўсіх сваіх учынках”, – раіў Тавія свайму сыну.

Некаторыя кажуць, што прычына моладзевага стылю жыцьця ды паводзінаў – у агульным трэндзе, якія прасочваецца ва ўсіх сфэрах жыцьця і які пашыраецца масавай культурай як аптымальная мадэль. Гэта прыгажосьць, сіла, прыбытак, посьпех, кар'ера. Сучаснаму чалавеку навязваюць перакананьне, што гэта самы просты шлях да шчасьця. Лібэралізм і гэданізм (з грэцкай – імкненьне да шчасьця і прыемнасьці) заахвочваюць чэрпаць з жыцьця без абмежаваньняў, не аглядаючыся пры гэтым на іншых. Школа – нудны абавязак, Царква – страта часу, сумленнасьць – не акупляе сябе, цяжкая праца – для аслоў. Традыцыйная сям'я з расьпіскай і шлюбам – празьмерная і непатрэбная адказнасьць. Лепш жыць у свабодным саюзе і гэтак далей.

Антраполяг Маргарэт Мід апісала ў свой час племя на выспах Самоа, сярод якога амаль зусім не назіралася характэрнага для нашай культуры канфлікту паміж пакаленьнямі. Моладзь не бунтавала супраць бацькоў, ня ставіла пад сумнеў існуючыя аўтарытэты, прынцыпы і нормы паводзінаў. Уваходзіла ў дарослае жыцьцё бяз бунту і фанабэрыяў. Здавалася б – ідэальная сытуацыя, але ці напэўна?

Ужо ў антычныя часы бунт і канфлікт паміж бацькамі і дзецьмі лічыўся неад'емнай рысай маладога пакаленьня. Аб гэтым сьведчыць міт пра Дэдала і ягонага сына Ікара. Сын не паслухаўся бацькі, узьняўся завысока, сонца растапіла воск на крылах, і Ікар зваліўся ў мора. Ён да сёньняшняга дня сымбалізуе непатрэбную сьмерць, чалавека, які гіне толькі таму, што спрабуючы адчуць сябе свабодным – адкідае нудныя перасьцярогі дасьведчанага бацькі.

У грэцкай міталёгіі выразна прасочваецца сутыкненьне паміж багамі, якія належалі да розных пакаленьняў. Гэта адвечны канфлікт становіцца асноўным правілам сьвету. Старая форма мусіць саступіць малодшай, але паколькі яна ня хоча здацца без супраціву, даходзіць да адкрытага канфлікту. Гармонія разбураецца, каб адбудаваўся лад паводле новых прынцыпаў. Найстарэйшы з багоў, Уран, першы ўступіў у канфлікт са сваімі нашчадкамі і быў пераможаны сынам Кронасам, але і таму ўладу адабраў ягоны ўласны сын.

Гэты стары міт дазваляе лепей зразумець законы, якімі кіруецца сьвет і чалавечыя паводзіны незалежна ад гістарычнай эпохі. Якая ўзрушлівая біблейская гісторыя бунту Авэсалома супраць свайго бацькі-Давіда! Сьвет абапіраецца на антыноміях і фармуецца ў безупыннай барацьбе. Дзякуючы спалучэньню супярэчнасьцяў узьнікае новы парадак . Ваююць паміж сабою, але і дапаўняюцца паміж сабою элемэнты зямныя і боскія, жаночыя і мужчынскія, маладыя і старыя.

Сэнс разумнага ці адпаведнага выхаваньня не падлягае сумневу, але хто адкажа, што гэта значыць – “разумнае” альбо “адпаведнае”? Мяне зусім не зьдзіўляе тое, што многія маладыя людзі не разумеюць і не ўспрымаюць тых бацькоўскіх парадаў, каб не высоўвацца з шарэнгі, каб не выстаўляць сябе на непатрэбную рызыку, каб перачакаць, прамаўчаць, каб быць “ як усе”. Прыгадайце песьню Шалкевіча, у якой маці кажа: “Пройдзе час, сынок, і ты сам зразумееш, што ня варта было дзерці рот. І бяз вашага крыку паўстане з каленяў наш нямоглы, забіты народ” (цытую паводле памяці).

А можа ня толькі варта, але і трэба было? Такія перасьцярогі і “добрыя” рады дасьведчаных бацькоў часта выклікаюць толькі раздражненьне ў іхных дзяцей. Яны проста не паважаюць такой абачлівасьці і такога “розуму”, які зводзіцца да звычайнай пасіўнасьці і баязьлівасьці. Яны ня хочуць чакаць, пакуль усё само наладзіцца. Яны хочуць дзейнічаць і дзейнічаюць, хаця сапраўды, як і перасьцерагалі бацькі, прыходзіцца за гэта расплачвацца. Вось за гэта яны мне падабаюцца, і гэта – галоўнае, што я хацеў сказаць такім шматслоўем.