Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турме на Акрэсьціна – ужо 40 палітвязьняў


У судзе Цэнтральнага раёну Менску актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука арыштавалі на 15 сутак.


Яго, як і амаль чатыры дзясяткі маладых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна, абвінавацілі ў дробным хуліганстве. У суд прывезьлі яшчэ некалькі актывістаў дэмакратычнага руху, але ў дачыненьні да іх судзьдзя прыняла іншае рашэньне.

Маладафронтаўца Зьмітра Хведарука судзіла Тацяна Паўлючук. Нагадаем: 17 студзеня Зьміцер Хведарук выйшаў на вуліцу пасьля таго, як скончыліся судовыя паседжаньні ў справах затрыманых актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Зьміцер ішоў разам з адвакатам Аляксандрам Галіевым, калі побач зь імі спынілася міліцэйская машына. Адтуль выскачылі міліцыянты, схапілі Зьмітра і кінулі яго галавой на падлогу машыны. Каб зачыніць машыну, міліцыянты білі яго дзьвярыма па нагах.

У міліцыі на Зьмітра склалі пратакол за дробнае хуліганства. Паводле міліцыянтаў, Зьміцер нібыта нецэнзурна лаяўся, а калі тыя зрабілі яму заўвагу, пачаў пагражаць ім праблемамі на працы.

Судзьдзя Тацяна Паўлючук адмовілася выслухаць паказаньні сьведкаў з боку абвінавачанага, якія бачылі затрыманьне Зьмітра. Яна паведаміла, што іхнія прозьвішчы ў міліцэйскіх пратаколах не пазначаныя.

Адна з гэтых нявыслуханых сьведкаў, Анастасія Ліпніцкая, кажа:

“Сьведкі былі толькі з боку абвінавачаньня і толькі міліцыянты. Мы вельмі абураныя тым, што міліцыянты перайшлі ўсялякія межы і сталі затрымліваць каля судоў. Яны шчыра хлусяць, пры тым што ёсьць дзясяткі сьведкаў, якія бачылі, як усё было на самой справе”.

Адвакат Аляксандар Галіеў заявіў, што калі працэс будзе рухацца ў такім напрамку, то ў хуткім часе не спатрэбіцца зьбірацца на судовы разгляд, а можна будзе выносіць прысуды за некалькі хвілін адразу ў міліцыі. Ён зьвярнуў увагу на тое, што міліцэйскія рапарты ўжо нават ня пішуцца ад рукі, а раздрукоўваюцца на кампутары. Дастаткова толькі падставіць прозьвішча затрыманага, дату і прозьвішчы міліцыянтаў.

Пратакол на актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Джынс за свабоду” Мікіту Шуцянкова судзьдзя накіравала назад у міліцыю, каб яго перарабілі. Мікіта Шуцянкоў апавёў “Свабодзе”, што яго прывезьлі ў міліцыю разам з Хведаруком, завялі ў кабінэт і вярнулі ўсе рэчы. Міліцыянт, які камандаваў затрыманьнем, груба сказаў Мікіту, каб той сышоў і больш не трапляўся на вочы.

Сацыял-дэмакратку Алену Мядзьведзеву з Бабруйска аштрафавалі на 30 базавых велічыняў. У яе дзеці не дасягнулі яшчэ 12-гадовага ўзросту, і таму яе ня маюць права арыштоўваць.

Моладзевага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віталя Стажарава міліцыянты затрымалі ў падземным пераходзе каля станцыі мэтро “Кастрычніцкая”. Яго прывезьлі ў суд, дзе ён быў абвінавачаны ў распаўсюджваньні ўлётак з заклікам выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 21 студзеня і пакараны арыштам на 20 сутак.

Апроч таго, міліцыянты склалі яшчэ адзін пратакол, у якім абвінавацілі Віталя Стажарава ва ўдзеле ў несанкцыянаванай дэманстрацыі 10 студзеня.

Разам зь Віталём колькасьць апазыцыянэраў у турме на вуліцы Акрэсьціна складае 40 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG