Месяц ад адмены льготаў адзначылі флэш-мобам

Сёньня ў Менску каля 60-ці студэнтаў адзначылі флэш-мобам месяц з дня прыняцьця закону аб скасаваньні льготаў.

Яны сабраліся на пляцоўцы каля помніка А.Пушкіну, апранулі маскі зайцоў і вырашылі 17 чысла кожнага месяца адзначаць “Дзень зайца” рознымі акцыямі. Удзельнікі флэш-мобу прачыталі клятву, у якой, між іншым, гаворыцца:

“Я – студэнт, клянуся ва ўсіх транспартных сродках і, па магчымасьці, у мэтро езьдзіць бясплатна. І патрабаваць ад нашага ўраду вяртаньня льготаў”.

Адзін з удзельнікаў акцыі сказаў:

“Мы вырашылі наладзіць флэш-моб, каб на нас зьвярнулі ўвагу, што мы хочам ільготаў. Мы хочам, каб нам вярнулі нашы льготы. Мы цяжка жылі гэты месяц бяз льготаў. Мы мяркуем ладзіць такія акцыі штомесяц”.

Калі ўдзельнікі флэш-мобу ў масках зайцоў накіроўваліся да палацу спорту, некалькі міліцыянтаў, якія пад’ехалі на машыне, раптам кінуліся іх даганяць. Яны схапілі некалькіх юнакоў, але потым адпусьцілі.

Удзельнікі флэш-мобу зноў сабраліся ў цэнтры Менску і ў масках зайцоў і без квіткоў праехалі да гандлёвага цэнтру “Карона”, дзе наладзілі фаервэрк. У тралейбусе ўдзельнікі флэш-мобу елі капусту і моркаўку.

Фотагалерэя