“У душы кожны разумее, ад каго гэта ідзе”

У чым асаблівасьці цяперашняга этапу змаганьня прыватных прадпрымальнікаў за свае правы? Ці могуць яны дамагчыся посьпеху?

Ці сапраўды 760-ы ўказ пазбаўляе іх магчымасьці працягваць весьці свой бізнэс? Наколькі заканамерным зьяўляецца зьмяншэньне долі дробнага бізнэсу па меры разьвіцьця рынкавай эканомікі?

Гэтыя пытаньні ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць: юрыст і прадпрымальнік Сяргей Балыкін, лідэр дробных прадпрымальнікаў Салігорску Аляксандар Цацура і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: "Дэманстрацыя прадпрымальнікаў 10 студзеня стала кульмінацыяй страйку, які пачаўся з Новага году. І хаця прыватныя гандляры не вылучаюць ніякіх палітычных патрабаваньняў, улады абыходзяцца зь імі, як з зацятымі апазыцыянэрамі – правакацыі, арышты, жорсткі разгон масавых акцый.

Варта сказаць, што маніфэстацыя 10 студзеня і сёлетні страйк – ня першы этап змаганьня індывідуальных прадпрымальнікаў за свае правы. Барацьба супраць 760-га ўказу аб перарэгістрацыі ў ПУПы ішла ўвесь мінулы год, да гэтага прадпрымальнікі змагаліся супраць парадку спагнаньня ПДВ, супраць касавых апаратаў, супраць шмат якіх іншых задумак чыноўнікаў. У чым асаблівасьць гэтага этапу барацьбы? Спадар Балыкін, Вам першаму пытаньне".
Праз год наагул у тым фармаце, у якім існуе гандлёвы бізнэс у нашай краіне, ён існаваць ня будзе.
С.Балыкін


Балыкін: "Зараз сытуацыя склалася такім чынам, што наагул немагчыма працаваць індывідуальным прадпрымальнікам. Калі раней былі касавыя апараты, з гэтым можна было пазмагацца ці абысьці гэты нарматыўны акт, з ПДВ – таксама, то зараз – абсалютная забарона. Праз год наагул у тым фармаце, у якім існуе гандлёвы бізнэс у нашай краіне, ён існаваць ня будзе".

Дракахруст: "Аляксандар Цацура, ну а скажыце па шчырасьці, наколькі гэты 760-ы ўказ ставіць крыж на прыватным прадпрымальніцтве?

Паводле зьвестак міністэрства эканомікі, з 64 тысяч прадпрымальнікаў 11 тысяч летась падалі дакумэнты на перарэгістрацыю ў ПУПы(прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы) , яшчэ 5 тысяч – у іншыя формы ўласнасьці. Вось што тычыцца астатніх – наколькі гэты 760-ы ўказ сапраўды паставіў прадпрымальнікаў перад жорсткім выбарам: згубіць свой бізнэс ці пратэставаць? Зразумела, што пераход у ПУП – гэта ўскладненьне вядзеньня бізнэсу, зразумела, што ніхто з прадпрымальнікаў гэтага ўскладненьня ня хоча. Але гэта менавіта ўскладненьне ці, так бы мовіць, хуткае і непазьбежнае банкруцтва?”

Цацура: "Зараз прадпрымальнікі сталі перад выбарам: ці страціць працу, як крыніцу існаваньня, ці адстаяць свой бізнэс, у які ўкладзеныя ўласныя сродкі. Ранейшы ціск уладаў на прадпрымальнікаў ня быў настолькі сьмяротным, як 760-ы ўказ".

Дракахруст: "Аляксандар, а ў чым тут сьмяротнасьць? Перарэгіструецца прадпрымальнік у гэты ПАП, ну, павінен ён будзе заводзіць бухгальтара, павінен будзе плаціць больш падаткаў. Чаму гэта сьмерць? Ня ўсе ж нашыя слухачы – прыватныя прадпрымальнікі, патлумачце ім і мне на нейкіх простых лічбах, чаму балянс у ПУПе ўжо сыходзіцца ня будзе".
Асноўная прычына ў тым, што 70-80% прадпрымальнікаў прывозяць тавар з Расеі ці з Украіны, дзе няма дакумэнтаў, у ПУПе яны проста ня змогуць весьці бухгальтэрыю.
А.Цацура


Цацура: "Асноўная прычына ў тым, што 70-80% прадпрымальнікаў прывозяць тавар з Расеі ці з Украіны, дзе няма дакумэнтаў, у ПУПе яны проста ня змогуць весьці бухгальтэрыю. Ну і дадаткова – гэта бухгальтар, офіс і г.д., словам, дадатковыя матэрыяльныя выдаткі, якія яны не "падымуць", бо вельмі вялікія падаткі.

Я магу на сваім прыкладзе сказаць. Я ў Салігорску прадаў кватэру за 12,5 тысяч даляраў, купіў шапік за 7 тысяч даляраў. Астатняе ўклаў у тавар. Папрацаваўшы 5 гадоў, я толькі "адбіў" свае грошы. А зараз у нас разбураюць шапікі ў сувязі з 50-годзьдзем гораду , і шапікі нібыта перашкаджаюць сьвяткаваньню. Вось гэта разьвіцьцё бізнэсу па-беларуску.

Калі я пайду сёньня працаваць у ПУП на 4 квадратных мэтрах, пры гэтым я яшчэ павінен мець бухгальтара, плаціць за офіс. Ці, прапрацаваўшы 13 гадоў, я павінен сам сесьці і працаваць ў шапіку. А мне яшчэ трэба прывезьці тавар, зрабіць справаздачу ў падатковай і г.д. Гэта проста фізычна немагчыма зрабіць".

Дракахруст: "Сяргей, а Вы маглі б распавесьці эканоміку прыватнага прадпрымальніка? Як яна будзе мяняцца, калі ён перарэгіструецца ў ПУП? Чаму гэта для яго сьмерць, і калі гэта сьмерць, то чаму 11 тысяч з 64-х на гэтую сьмерць усё ж пайшлі?"

Балыкін: "Тут трэба разумець, што колькі прадпрымальнікаў, столькі і бізнэсаў. Для некага гэта сьмерць, а для некага – зьніжэньне падаткаў. Сьмерць гэта для таго, хто гандлюе замежным таварам, яны насамрэч прывозяць тавар без папераў, і паперы гэтыя яны атрымаць ня ў стане нават тэарэтычна, бо там іх не даюць. У свой час дзяржава пайшла з прадпрымальнікамі на кампраміс, яна вырашыла не патрабаваць зь іх ніякіх папераў на тавар, а замест гэтага браць зь іх адзіны падатак.

І гэты кампраміс быў добры, бо прадпрымальнікі плацілі гэты адзіны падатак авансам, і дзяржаву не цікавілі вынікі іх дзейнасьці: маеш ты прыбытак ці не, грошы ад цябе паступаюць.

А некаторыя прадпрымальнікі нават выйграюць ад таго, што створаць юрыдычную асобу. Калі індывідуальны прадпрымальнік аказваў паслугі і быў не на адзіным падатку, а на агульнай сыстэме падаткаабкладаньня, то , стварыўшы ПУП, у адпаведнасьці з указам № 119 ён пачынае плаціць менш падаткаў.
Некаторыя прадпрымальнікі нават выйграюць ад таго, што створаць юрыдычную асобу.
С.Балыкін


Індывідуальны прадпрымальнік, калі ён зарабляе дастаткова грошай, плаціць 30% падаходнага падатку + 3% мясцовых падаткаў. А калі ён робіцца юрыдычнай асобай, хаця б ПУП, ён плаціць толькі 10% ад сваёй выручкі. І калі ў яго малыя выдаткі, як, скажам, у аўдытарскіх кампаній, то яму гэта вельмі выгадна.

Існуе таксама міт, што патрэбны бухгальтар. Але ў адпаведнасьці з законам менавіта ў ПУПе бухгальтар і непатрэбны. Ён патрэбны таму прадпрымальніку, які ня можа весьці бухгальтарскі ўлік. Аднак гэта іншая справа. Калі ты сам у стане яго весьці, бухгальтар непатрэбны.

Магчыма таксама абысьціся і бяз офісу. Зараз можна рэгістраваць ПУП па хатнім адрасе, і дзяржава нават адмовілася ад таго, што будзе ў гэтым выпадку спаганяць большыя камунальныя плацяжы".

Дракахруст: "Я яшчэ раз падкрэсьлю, што і страйк прадпрымальнікаў, і акцыя 1 студзеня мелі чыста эканамічны характар, мэта – далоў 760-ы ўказ. Ніякіх там "Далоў Лукашэнку", ніякіх "Прэч ад Расеі", апошняе было б асабліва недарэчным, бо, як кажа спадар Цацура, менавіта адтуль большасьць прадпрымальнікаў тавар і вязе.

Ніякай палітыкі, і тым ня менш з прадпрымальнікамі "разьбіраюцца" гэтак жа, як і з апазыцыянэрамі. Чаму? Скажам, падчас страйкаў на заводах, якія таксама здараюцца, пернік ужываецца значна часьцей, чым бізун. Віталь Цыганкоў, які Ваш адказ?”

Цыганкоў: "Я б хацеў наконт папярэдніх пытаньняў заўважыць, што ўлады відавочна лукавяць, кажучы, што дробнага бізнэсу няма нідзе ў сьвеце, акрамя як у Беларусі. Дробны бізнэс існуе паўсюль, шапікі, такія, як у нас, ёсьць і ў Празе, і ў Парыжы, тамтэйшыя дробныя прадпрымальнікі займаюць сваю нішу, і ніхто іх не зьнішчае. А тое, што робіцца ў нас у дачыненьні да прадпрымальнікаў у сувязі з гэтым указам – гэта такое добра знаёмае імкненьне беларускай улады кіраваць эканамічнымі працэсамі.

Ня хочуць яны самі адуміраць, здавалася б, натуральны эканамічны працэс, ну дык мы ім "дапаможам", прымусім іх памерці сваімі ўказамі.

Дарэчы, сапраўднай сьмерцю для многіх прадпрымальнікаў было б увядзеньне мытнай мяжы з Расеяй, бо значная частка іхняга бізнэсу – гэта ўвоз з Расеі кітайскіх ці турэцкіх тавараў, гэта такая дазволеная ўладамі кантрабанда.
Улады прадпрымальнікаў усё ж пабойваюцца, і ёсьць за што.
В.Цыганкоў


Адказваючы на Вашае, Юры, пытаньне, чаму ўлады так рэзка рэагуюць. Па-першае, пэўная асьцярожнасьць з боку ўладаў тут усё ж была, як паказалі мітынг і шэсьце, можна сабе ўявіць, якой была б рэакцыя ўладаў, калі б палітычная апазыцыя патрабавала прайсьці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. Гэтага б не дазволілі. Улады прадпрымальнікаў усё ж пабойваюцца, і ёсьць за што.

Асаблівасьць гэтага этапу якраз у тым, што хаця і раней былі сутыкненьні і супярэчнасьці, пра што Вы прыгадвалі, але ніколі не было такога напружаньня ў гэтай барацьбе. Бо прадпрымальнікі адчулі, што гэтыя рашэньні пагражаюць іх існаваньню як клясы. У іх зьявілася рашучасьць адчаю, некаторыя ўдзельнікі мітынгу крычалі: "Ну дзе гэты АМАП?"

У мяне такое назіраньне, што большасьць зь іх не жадае ісьці ў палітыку, яны аказаліся выкінутыя ў яе, яны не хацелі і ня ўмеюць ёю займацца. Падчас гэтага мітынгу і шэсьця яны ня ведалі, што рабіць, ня ведалі, куды ісьці, ня ведалі пляну дзеяньняў. Усё гэта адбывалася дастаткова стыхійна і паказвае, што, як я сказаў, на плошчу людзей прывяла рашучасьць адчаю. Ну а мэтады ўлады вядомыя і скіраваныя найперш супраць лідэраў. Яны ведаюць, што калі пасеяць раздоры паміж лідэрамі, калі іх ізаляваць, пасадзіць на "суткі", то гэта ў пэўнай ступені можа падарваць рашучасьць усёй масы прадпрымальнікаў".

Дракахруст: "Аляксандар, а як бы Вы ацанілі ступень ціску на прадпрымальнікаў у параўнаньні з тым, як абыходзяцца з апазыцыяй?"

Цацура: "Улада абыходзіцца з прадпрымальнікамі, як з апазыцыяй, можа нават яшчэ больш жорстка. Чаму? Бо ўлада баіцца прадпрымальнікаў як больш незалежных і свабодных людзей, якія разьлічваюць толькі на свае сілы. Калі ўзьнікаюць праблемы з рабочымі, то зь імі прасьцей дамовіцца, бо ў рабочых – кантрактная сыстэма, менш магчымасьцяў адстойваць свае правы, страх згубіць працу.
А наконт таго, што не вылучаюцца палітычныя лёзунгі, то ў душы кожны разумее, ад каго гэта ідзе і ад каго гэта залежыць.
А.Цацура


Што да таго, што 10 студзеня ня ведалі, куды пайсьці, то ўлада зрабіла ўсё магчымае, каб ізаляваць асноўную частку актывістаў. Таму так і атрымалася. Не настолькі ўжо акцыя была стыхійнай.

А наконт таго, што не вылучаюцца палітычныя лёзунгі, то ў душы кожны разумее, ад каго гэта ідзе і ад каго гэта залежыць. І я думаю , што ў бліжэйшы час будуць ужо вылучацца палітычныя патрабаваньні, бо, на мой погляд, любое адстойваньне сваіх правоў – гэта ўжо палітыка".

Дракахруст: "Спадар Балыкін, вось Віталь ужо завёў размову пра лёс дробнага прадпрымальніцтва ў іншых краінах. Як мы памятаем, напрыканцы 1980-х - напачатку 1990-х безьліч дробных прадпрымальнікаў зьявілася прыкладна адначасна, скажам, у Беларусі , у Польшчы , у Расеі. Але зараз, напрыклад, у той жа Польшчы колькасьць дробных прыватнікаў істотна зьменшылася, а тыя, што засталіся, перайшлі ў іншыя формы гаспадараньня. Можа, беларускія ўлады проста падштурхоўваюць той натуральны працэс, які вынікае зь няўмольнай лёгікі разьвіцьця рынкавай эканомікі?”

Балыкін: "Натуральны працэс таму і натуральны, што яго немагчыма падштурхнуць. Калі нехта нешта падштурхоўвае, гэта ўжо не натуральна, а штучна. Гэта па-першае. Па-другое, нельга казаць, што ў разьвітых краінах дробнага бізнэсу ня існуе, ён існуе і менавіта ў такіх жа формах, як і ў нас. У тых жа ЗША 80% бізнэсаў не зьяўляюцца юрыдычнымі асобамі. Менавіта такія лічбы дае амэрыканскае статыстычнае ведамства. У Нямеччыне юрыдычнымі асобамі зьяўляюцца толькі таварыствы з абмежаванай адказнасьцю і акцыянэрныя таварыствы, а камадытныя таварыствы, гандлёвыя таварыствы і прыватныя бізнэсы не зьяўляюцца юрыдычнымі асобамі.
Калі нехта патрабуе адраджэньня беларускай мовы – гэта адно, а калі нехта патрабуе грошы, то апошняе для ўлады нашмат больш балюча.
С.Балыкін


І такі прыватны прадпрымальнік можа мець неабмежаваную колькасьць супрацоўнікаў, ніхто іх не абмяжоўвае. Іншая справа, што калі прадпрымальнік мае 50-100 супрацоўнікаў, калі ў яго дастаткова вялікі абарот, яму выгадна рабіцца юрыдычнай асобай з арганізацыйных і фінансавых меркаваньняў. А што да гандляроў, якія стаяць на рынках, то сапраўды, калі ў нас будзе мытная мяжа з Расеяй, нармальныя ўмовы гандлю, то дробныя гандляры адыдуць, бо калі зьявяцца буйныя гандлёвыя сеткі, то прадпрымальнікам будзе цяжка канкураваць зь імі па цане. Але тады прадпрымальнікі змогуць сысьці ў нейкія іншыя нішы, напрыклад, у сфэру паслуг.

Што да суадносінаў эканамічных і палітычных патрабаваньняў, то эканоміка – гэта самая вялікая палітыка. Калі нехта вылучае эканамічныя патрабаваньні, то ён патрабуе большага, чым патрабуе самая нашая, як кажа беларускае тэлебачаньне, "адмарожаная" апазыцыя. Калі нехта патрабуе адраджэньня беларускай мовы – гэта адно, а калі нехта патрабуе грошы, то апошняе для ўлады нашмат больш балюча.

Наконт таго, што з прадпрымальнікамі абыходзяцца больш жорстка, дык я лічу, што насамрэч прадпрымальнік знаходзіцца ў большай залежнасьці ад улады, чым супрацоўнік заводу. Прадпрымальнікам ёсьць што губляць, а ва ўлады ёсьць мэханізмы каб гэта зрабіць.

Таму калі спыняецца праца на нейкім заводзе, гэтым наносіцца шкода дзяржаве, паколькі яна зьяўляецца ўласьнікам заводу. І дзяржава вымушаная нейкім чынам дамаўляцца са сваімі работнікамі, хаця б таму , што іншых узяць няма дзе – не хапае кваліфікаваных рабочых кадраў у нашай краіне. А бізнэс прадпрымальніка дзяржава можа проста закрыць і пакупнік пойдзе ў краму, набудзе там тавар, можа, трохі даражэйшы, а фінансавы паток пойдзе ў іншую кішэню. Можа , дзяржаве так і выгадней".

Цацура: "Калі параўноўваць нашу сытуацыю з расейскай ці ўкраінскай, то там ёсьць законы аб малым бізнэсе, па якім яны дакладна працуюць. У нас такога закону няма. Колькі ні ўзьнімалі прадпрымальнікі гэтае пытаньне, а замест закону мы маем паток дэкрэтаў і указаў, якія супярэчаць Канстытуцыі і правам чалавека".

Дракахруст: "Віталь, Вы сказалі, што ўлады абыходзіліся з прадпрымальнікамі, якія пратэставалі, усё ж больш лагодна і ўзважана, чым з апазыцыяй. Тут можна прыгадаць пераднавагодні ўказ аб працягу льготнага тэрміну перарэгістрацыі ПП у ПУП да 1 сакавіка? На Ваш погляд, што азначае гэты ўказ – гэта саступка, спроба зьбіць хвалю пратэстаў, спадзяваньне, што да вясны дробныя бізнэсоўцы, тыя 46 тысяч, што засталіся, “возьмуцца за розум” і перарэгіструюцца?”
Улада ўзяла курс на дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, і прадпрымальнікі, якія існуюць, выпадаюць з гэтай схемы.
В.Цыганкоў


Цыганкоў: "Я ўдакладню сваю думку. Менавіта падчас мітынгу 10 студзеня ўлады абыходзіліся з прадпрымальнікамі больш асьцярожна, паколькі разумелі, што прадпрымальнікі – людзі больш жорсткія, чым апазыцыянэры. І я ведаю, што былі там невялікія сутычкі, калі прадпрымальнікі давалі адпор міліцыянтам і, магчыма, улады проста баяліся, што гэта можа быць занадта жорсткая сутычка ў цэнтры гораду. А ў астатнім яны дзейнічаюць даволі жорстка, як ужо казалі мае суразмоўцы: і правакацыі, і арышты, і перасьлед. У гэтым сэнсе ўлады ўспрымаюць лідэраў прадпрымальнікаў гэтак жа сама, як і лідэраў апазыцыі.

Што да гэтай адтэрміноўкі на 2 месяцы – гэта звычайнае чынавенска-бюракратычнае рашэньне. Чыноўнікі далажылі "наверх", што дасюль мала людзей перарэгістравалася, працягваецца абурэньне, давайце працягнем тэрмін, можа, за гэтыя 2 месяцы да астатніх дойдзе, што назад дарогі няма.

І відаць, сапраўды, у адрозьненьні ад ранейшых крокаў улады, пра якія Вы, Юры, казалі напачатку перадачы, тут улады вырашылі стаяць да канца, 100 разоў прадпрымальнікам ужо было сказана, што адмяняць 760-ы указ ніхто ня будзе. І ўся эканамічная лёгіка ўлады сьведчыць пра тое, што і сапраўды ня будуць. Можа яшчэ на некалькі месяцаў працягнуць ільготны тэрмін перарэгістрацыі, але гэта ўсё.

Улада ўзяла курс на, кажучы паліталягічнай мовай, дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, і прадпрымальнікі, якія існуюць, выпадаюць з гэтай схемы. Як сказала намесьніца міністра эканомікі, лепш некалькі супэрмаркэтаў, чым усе гэтыя прадпрымальнікі, зь якімі столькі валтузьні. Зь іх пункту гледжаньня супэрмаркэты – гэта ня толькі эканамічна падкантрольная эканоміка, гэта і падкантрольная этыка: ёсьць начальнік, ёсьць яго падначаленыя, на ўсіх можна націснуць. А прадпрымальнікі, яны сапраўды індывідуальныя. Гэта што ж – з кожным з 200 тысяч працаваць?"
Сёньня шмат людзей ва ўладзе, для якіх трэба вызваліць прадпрымальніцкае поле.
А.Цацура


Цацура: “Мэтай працягу тэрміну перарэгістрацыі ў ПУПы было зьбіць накал пратэсту, унесьці блытаніну паміж 760-м указам і 302-м. Мэта была – заблытаць людзей і загнаць людзей у ПУПы, дэманструючы цьвёрдасьць свайго рашэньня.

Што тычыцца таго, ці зможам мы дамагчыся свайго – цяжка сказаць, бо ўладамі пастаўленая задача. На маю думку, сёньня шмат людзей ва ўладных структурах, для якіх трэба вызваліць прадпрымальніцкае поле. Таму ідзе такі ціск на прадпрымальнікаў. А тое, што шмат людзей страціць працу – дзяржаву гэта мала хвалюе".

Дракахруст: “Спадар Балыкін, на Ваш погляд, як успрымае пратэсты прадпрымальнікаў грамадзтва, ці лічыць іх патрабаваньні справядлівымі, ці мяркуе, што бізнэсоўцы грошы рыдлёўкай грабуць і яшчэ хочуць?”
Сярэдні беларус сёньня можа прадпрымальнікаў падтрымліваць, заўтра паглядзіць БТ і ня будзе падтрымліваць.
С.Балыкін


Балыкін: "Нават некаторыя, хаця і ня ўсе, з прадпрымальнікаў, якія ня маюць наёмнай сілы, якія працуюць індывідуальна, не спачуваюць сваім больш пасьпяховым калегам, якія маюць большыя абароты і больш грошай. Тут няма адзінай пазыцыі, пазыцый шмат.

Грамадзтва ў нас з аднаго боку падтрымлівае, з другога – не. Сярэдні беларус сёньня можа прадпрымальнікаў падтрымліваць, заўтра паглядзіць БТ і ня будзе падтрымліваць, потым пойдзе на кірмаш, не набудзе там, чаго хацеў, ізноў будзе падтрымліваць, а потым ізноў ня будзе. Цяжка сказаць, ці ёсьць ў грамадзтве пэўнае меркаваньне наконт прыватных прадпрымальнікаў, яно вельмі супярэчлівае".
У цэлым грамадзтва ім спачувае. Але гэта нічога ня кажа пра тое, што грамадзтва гатовае іх падтрымаць.
В.Цыганкоў


Цыганкоў: "На мой погляд, спачуваньне ў грамадзтве да прадпрымальнікаў ёсьць. Людзі бачаць, як яны цягаюць гэтыя торбы. Гэта сэктар тавараў і паслугаў найперш для небагатых людзей.

Багатыя ў Ждановічах адзеньне не купляюць. Да таго ж, прадпрымальнікаў – каля 200 тысяч, у іх ёсьць сем’і. Кожны чалавек ў Беларусі мае знаёмых прадпрымальнікаў, многія ведаюць іх праблемы, і ў цэлым грамадзтва ім спачувае. Але гэта нічога ня кажа пра тое, што грамадзтва гатовае іх падтрымаць.

Мы добра ведаем, што людзі добра падтрымлівалі лёзунгі Сацыяльнага маршу, а на сам марш выйшла паўтары тысячы чалавек. Аднак можна пэўна сказаць, што калі сярод прадпрымальнікаў і былі нейкія прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, то пасьля ўкараненьня 760-га ўказу іх ніводнага не застанецца".