Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым тлумачыцца пратэстны выбух прадпрымальнікаў?


10 студзеня ў Менску адбылася самая гучная акцыя прыватных прадпрымальнікаў за ўсе гады прадпрымальніцкага руху. У чым прычыны радыкалізацыі пратэсту? Як далей можа разьвівацца канфлікт паміж прадпрымальнікамі і ўладамі?


Удзельнікі: каардынатар кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” па гораду Менску Аляксандар Таўстыка і актывіст прадпрымальніцкага руху Леў Марголін з Барысава.

У чым прычыны радыкалізацыі пратэсту?

Валер Карбалевіч: “Падзеі 10 студзеня ў Менску сталі кульмінацыяй акцыяў пратэсту прыватных прадпрымальнікаў (ПП). Пратэст набыў даволі радыкальны характар, людзі выйшлі на вуліцу ў літаральным сэнсе і перакрылі рух на галоўным праспэкце сталіцы. Гэта самая гучная акцыя ПП за ўсе гады прадпрымальніцкага руху.

Здаецца, гэты выбух стаў нечаканым і для ўладаў, і для саміх ПП. Дасюль пратэсты насілі не такі арганізаваны характар, мітынгі былі нешматлікія, існаваў раскол, рознагалосьсі паміж рознымі прадпрымальніцкімі арганізацыямі. Што ж здарылася цяпер? У чым прычыны выбуху, які адбыўся 10 студзеня?”

Аляксандар Таўстыка
Аляксандр Таўстыка: “Для нас нічога нечаканага не было. Лідэры прадпрымальніцкіх рухаў (“Пэрспэктыва”, “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, прафсаюзу “Разам”, які цяпер ствараецца, каардынацыйнага савету) падпісалі пагадненьне пра тое, што будуць працаваць сумесна. Адбылася кансалідацыя. Таму і адбыўся выбух.

Мы ўбачылі шмат новых прадпрымальнікаў, якія раней у акцыях ня бралі ўдзелу. Думаю, ім хапіла адрэналіну і яны гатовыя ўдзельнічаць у новых акцыях”.

Леў Марголін: “Для мяне таксама гэты выбух ня стаў нечаканым. У канцы мінулага году ў сваіх артыкулах я пісаў, што пасьля Новага году сытуацыя кардынальна зьменіцца.

Бо дасюль шмат у каго былі спадзяваньні, што ўлады адменяць пункт 1.1 указу № 760. Іншыя думалі, што калі ўказ і не адменяць, то ён застанецца на паперы, ніхто ня будзе сачыць за яго выкананьнем.

Але першыя дні пасьля Новага году паказалі, што такія спадзяваньні былі дарэмнымі. Ужо 3 студзеня на рынках пачаліся праверкі: высьвятлялі, ці працуюць у ПП найманыя работнікі.

Таму перад ПП паўстала праблема выжываньня, пытаньне жыцьця і сьмерці. Пратэсты прадпрымальнікаў – гэта ня вынік падбухторваньня лідэраў, як думаюць, мусіць, улады”.

Як ацаніць дзеяньні ўладаў?

Карбалевіч: “Падаецца, учарашнія падзеі выклікалі пэўную разгубленасьць і таму зьнешнюю нелягічнасьць дзеяньняў уладаў. Напачатку прадстаўнікоў ПП запрашаюць на перамовы ў адміністрацыю прэзыдэнта. Сэнс гэтага кроку відавочны: зьбіць накал пратэсту, супакоіць людзей на плошчы. Здавалася б, лягічна было проста паабяцаць Анатолю Шумчанку і ягоным калегам, якія вялі перамовы, ва ўсім разабрацца, вярнуцца да прэзыдэнцкага ўказу № 760, падкарэктаваць яго. Магчыма, гэта задаволіла б людзей на плошчы і яны спакойна разышліся б. Але адміністрацыя прэзыдэнта заняла жорсткую пазыцыю: маўляў, ніякіх саступак ня будзе. Тады навошта было запрашаць дэлегацыю на перамовы?

Зь іншага боку, калі ўжо ўлады ўзялі курс на жорсткую лінію, то чаму міліцэйскі спэцназ ня выцесьніў людзей з праезнай часткі праспэкту Незалежнасьці, як робіцца падчас акцыяў апазыцыі?

Але гэтым разам міліцыя не чапала маніфэстантаў. Фактычна, яна спакойна дазволіла — надзвычайная справа — перакрыць рух на галоўным праспэкце сталіцы. “Хапун” пачаўся толькі па заканчэньні акцыі. Ці ёсьць нейкая лёгіка ў дзеяньнях уладаў?”

Таўстыка: “Сапраўды, дзеяньні ўладаў былі незразумелыя. Навошта было запрашаць дэлегацыю ПП у адміністрацыю прэзыдэнта, калі яе прадстаўніца Іна Мядзьведзева нічога не магла прапанаваць?”

А спэцназ і спэцыяльныя сродкі не скарысталі таму, што Беларусь – усё ж эўрапейская краіна. Улады пасылаюць сыгнал Эўропе, што вось у нас адбываюцца акцыі пратэсту, а мы ня будзем ужываць сілу супраць сваіх грамадзян.

Акрамя таго, улады ўпершыню ўбачылі, што перад імі не “адмарозкі” і п’яніцы, а эліта грамадзтва. І ўжыўшы сілу, можна атрымаць у адказ.

Хоць мы разумеем, што ўлада таксама будзе рыхтавацца да наступных акцыяў, і тады ўжо скарыстае сілу”.

Леў Марголін
Марголін: “Я трохі не пагаджаюся са сп. Таўстыкам. Тэзіс пра тое, што ўлады не скарысталі сілу, бо разумелі, што Беларусь – эўрапейская краіна, даволі сумнеўны.

Думаю, што ўнутраная лёгіка ў паводзінах улады была. Нічога канкрэтнага ўлады прапанаваць не маглі, бо рубікон пяройдзены. Каб саступіць, трэба, каб нейкі важны чыноўнік пайшоў да Лукашэнкі і сказаў, што ўсё, што рабілі ўлады цэлы год, было няправільным, а трэба было рабіць нешта іншае.

А не скарысталі сілу таму, што не хацелі сварыцца з асноўнай масай прадпрымальнікаў. Улады ўсё яшчэ спадзяюцца дамовіцца з ПП, прымусіць іх перайсьці ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Дзеля гэтага падоўжана дзеяньне ўказу № 302”.

Як далей можа разьвівацца канфлікт?

Карбалевіч: “Што будзе далей? Пратэстны рух ПП будзе нарастаць? Ці наадварот, сутыкнуўшыся зь бясплённасьцю пратэстаў, рух пойдзе на спад?

І другі аспэкт. Як павядуць сябе ўлады? Будуць толькі рэпрэсіі ці будуць і саступкі? Тут дарэчы ўзгадаць падзеі 2005 году. Тады пасьля вялікага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Лукашэнка пачакаў некалькі дзён, а потым паехаў на адзін з рынкаў, сустрэўся з ПП і пайшоў на саступкі, адмяніў уведзены раней падатак на даданую вартасьць. Наколькі верагодны падобны сцэнар цяпер?”

Таўстыка: “Дзеяньні ўладаў у 2005 годзе былі пэўнай рэпэтыцыяй перад прыняцьцем указаў №№ 760 і 302. Чынавенства імкнецца вызваліць прастору для буйнога бізнэсу, да якога мае шчыльны інтарэс.

Цяпер пра пэрспэктывы прадпрымальніцкага пратэсту. Першая хваля моцнага пратэсту была 10 сьнежня мінулага году. Учора, 10 студзеня, — другая хваля, мацнейшая. Вось такая тэндэнцыя.

ПП, можа, і ня вераць, што ўлады саступяць. Але людзі пачынаюць верыць у сілу свайго аб’яднаньня для змаганьня за свае правы, чалавечую годнасьць.

Спадзяюся, што да 21 студзеня мы зможам лепш падрыхтавацца, давесьці інфармацыю да большай колькасьці людзей і правесьці яшчэ буйнейшую акцыю. Таму, можа, мы атрымаем станоўчы адказ уладаў пасьля 21 студзеня альбо перад гэтай датай”.

Марголін: “Для ПП нічога не застаецца, толькі альбо дамагчыся адмены пункта 1.1 указу № 760, альбо памерці. А для ўладаў лепш было б пайсьці на саступкі, бо ў іншым выпадку да ПП могуць далучыцца іншыя слаі насельніцтва.

27 сьнежня я ўдзельнічаў у перамовах дэлегацыі ПП з чыноўнікамі ўраду і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Мы прапанавалі абвясьціць мараторый на выкананьне пункту 1.1 указу № 760, а потым сесьці разам і ўзважыць усе плюсы і мінусы гэтага ўказу.

Галоўнае пытаньне, якое падымаюць ўлады ў гэтым пляне, – гэта неабходнасьць роўных умоваў для ПП і юрыдычных асобаў. Але для яго вырашэньня ёсьць шмат іншых мэтадаў, а ня толькі забарона ПП мець найманых работнікаў”.

Таўстыка: “Ёсьць частка ПП, якія лічаць, што пераход у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы іх выратуе. Я прапаную ім зьвярнуцца да вопытных бухгальтараў. І тыя раскажуць, што першая ж квартальная праверка прывядзе іх да дрэнных наступстваў”.

Марголін: “Думаю, нават значна раней. Ужо 20 лютага, калі кіраўнікі новых прыватных унітарных прадпрыемстваў панясуць свае дакумэнты ў падатковыя органы, яны шмат што зразумеюць”.

Псыхалягічны чыньнік

Карбалевіч: “Сп. Марголін, вось вы ўдзельнічалі ў перамовах з прадстаўнікамі ўладаў. Ці не падаецца вам, што галоўнае пытаньне гэтага канфлікту — ужо не палітычныя ці эканамічныя праблемы, а псыхалягічныя чыньнікі? Улады, можа, гатовыя былі б і саступіць, але як гэта зрабіць, захаваўшы твар?”

Марголін: “Думаю, так яно і ёсьць. Цэлы год чыноўнікі даводзілі, што ўказ № 760 — на карысьць ПП. Апатэозам гэтага працэсу быў выступ Лукашэнкі 30 сьнежня.

І цяпер, каб указ адмяніць, трэба адправіць некага ў адстаўку. Можна, праўда, зрабіць выгляд, што так усё і было заплянавана. Нібыта тыя, хто мог перайсьці ў статус прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, перайшоў, а тым, хто ня змог, зробім паслабленьні”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG