Міжнародная арганізацыя Камітэт абароны журналістаў заклікаў ўлады Беларусі спыніць перасьлед незалежных журналістаў.
Кіраўнік Камітэту абароны журналістаў (The Committee to Protect Journalists - CPJ ) Джоўл Сайман заявіў у Нью-Ёрку, што праваабарончая арганізацыя запалоханая нядаўнімі арыштамі і затрыманьнямі пазаштатных беларускіх рэпартэраў - фотакарэспандэнта Арсеня Пахомава (Наша Ніва), тэлежурналістаў Галіны і Ўладзімера Самойлавых, тэлеапэратара Валера Булдыкі.
У заяве CPJ гаворыцца, што гэтыя журналісты пацярпелі ад уладаў за асьвятленьне нядаўняй акцыі прадпрымальнікаў у Менску.
“Беларускія ўлады павінны спыніць перасьлед журналістаў за іх працу”, - заявіў Джоўл Сайман.
Ён таксама заклікаў беларускія ўлады вызваліць арыштаванага на 15 сутак Арсеня Пахомава і вярнуць назад канфіскаваную ў беларускіх калегаў апаратуру.