Больш за сотню хворых Рэспубліканскага тубэркулёзнага шпіталю ў Наваельні, што ў Гарадзенскай вобласьці, сёньня абвясьцілі галадоўку. Свае патрабаваньні яны ў пісьмовай форме падалі галоўнаму ўрачу Вячаславу Доўганю. Той, у сваю чаргу, лічыць іхнія патрабаваньні неабгрунтаванымі.
Адзін з хворых, Сяргей Воранаў, так патлумачыў прычыны галадоўкі:
Воранаў: “Холадна ў палатах, дрэннае харчаваньне, адсутнічае гарачая вада, душ можна прыняць толькі два разы на тыдзень”.
Яшчэ адна з пацыентак, Натальля Рагалевіч, кажа:
Рагалевіч: “Я інвалід другой групы, прыехала сюды лячыцца сама, маю дваіх дзетак, а мяне тут зачынілі й нават не выпускаюць у лес, быццам я асуджаная. У палатах холадна, нас тры жанчыны ў палаце, і мы ўсе сьпім у панчохах”.
Раніцай людзі на знак пратэсту выйшлі ў двор бальніцы і падалі галоўнаму ўрачу свае патрабаваньні, пад якімі падпісаліся 102 чалавекі.
Галоўны ўрач шпіталю, Вячаслаў Доўгань, у размове са мной найперш зьвярнуў увагу на тое, што пацыенты маюць хранічныя формы сухотаў, і калі іх прымаюць у шпіталь, то даюць падпісаць дакумэнт, у якім агаворваецца, што хворым забаронена пакідаць тэрыторыю бальніцы.
Са словаў урача, сярод пацыентаў каля 40% — былыя асуджаныя, якія ходзяць у мястэчка, каб купіць гарэлкі й цыгарэтаў.
Доўгань: “У п’яным стане хворыя пачынаюць біцца, пагражаюць урачам і мэдсёстрам”.
З 1 студзеня ў шпіталі ўсталявалі міліцэйскі пост і нікога з хворых за межы бальніцы не пускаюць. На думку Доўганя, галадоўку справакавалі былыя асуджаныя, якія запалохалі астатніх пацыентаў.
Да гэтага Доўгань дадае:
Доўгань: “І тут яшчэ іншае. У нас мястэчка – больш за тры тысяч чалавек, якія ўвесь час скардзяцца, каб бальніцу закрылі, бо хворыя свабодна ходзяць па мястэчку. І мы пайшлі насустрач нашым жыхарам, паколькі дагэтуль, дзякуй Богу, яшчэ ніхто ў мястэчку не захварэў на сухоты й наагул эпідэміялягічная сытуацыя спакойная”.
Пытаюся ў галоўнага ўрача, якім чынам ён спрабуе залагодзіць канфлікт.
Доўгань: “Мы ходзім па палатах да хворых і нагадваем ім, што яны прыехалі сюды не прымусова, а па сваёй волі лячыцца, і іх папярэдзілі аб тым, што выхад за межы бальніцы забаронены. Мы вельмі стараемся, каб у нас не парушаліся правы чалавека, і ў любым выпадку вырашым гэтую сытуацыю”.
На гэты час частка людзей прыпыніла галадоўку, другая частка мае намер яе працягваць.