Лінкі ўнівэрсальнага доступу

46 дзён галадае вязень менскай калёніі №1


У Менскай папраўчай калёніі №1 больш за паўтара месяца галадае грамадзянін Расеі Мікалай Костышаў. Зьняволены патрабуе перагляду сваёй крымінальнай справы.

Костышаў прызнаны Аршанскім судом вінаватым у разбоі, бандытызьме, крадзяжы і падрабленьні дакумэнтаў. Прысуд – 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
“Без мяне мяне судзілі”
Перагляду крымінальнай справы Мікалай Костышаў дамагаецца ўжо амаль паўтара году. Падставы для гэтага ёсьць, лічыць ягоная адвакатка Вольга Баранчык:
“Пазыцыя асуджанага і мая ўласная: прысуд павінен быць скасаваны, а справа мае быць накіраваная на новы разгляд. Бо самым галоўным фактам было тое, што справу разгледзелі без абвінавачанага”.
Костышаў: “У суд мяне ніхто ня зваў”
Падставай для разгляду справы без Мікалая Костышава быў інфармацыйны ліст начальніка Аршанскага ГУУС. Там было сказана, што ёсьць інфармацыя, паводле якой Костышаў знаходзіцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.
У сваім лісьце да грамадзкасьці сам Костышаў сьцьвярджае, што тым часам быў не ў Расеі, а ў Беларусі і ня меў уяўленьня пра тое, што ў дачыненьні да яго завялі крымінальную справу; што яму ніхто не накіроўваў позвы ў суд; што ён быў цалкам навідавоку і ні ад кога не хаваўся (і гэта, паводле Костышава могуць пацьвердзіць ня толькі яго родныя, але і ўчастковы міліцыянт). Апроч таго, галоўны сьведка ад абвінавачаньня даўно напісаў заяву, што абылгаў Костышава.
Скарга, пададзеная Вольгай Баранчык у Вярхоўны суд Беларусі, зьменаў не прынесла. Паводле адказу інстанцыі, справа вывучаная, прысуд справядлівы, перагляду не патрабуе.
Наступным крокам у адстойваньні інтарэсаў падабароннага адвакатка бачыць сустрэчу са старшынём Вярхоўнага суду. Прыймовы дзень у яго – раз на месяц, таму трапіць яна да старшыні толькі праз два месяцы.
Вольга Баранчык лічыць, што галадоўка яе падабароннага – вельмі рызыкоўная для ягонага здароўя і немэтазгодная.
Ніякіх камэнтароў
Па камэнтар я зьвярнулася да Міхаіла Васілевіча, начальніка рэжымнага аддзелу папраўчай калёніі, дзе адбывае пакараньне Мікалай Костышаў.
Васілевіч: “Ніякіх камэнтароў”.
Радыё Свабода: “А чаму”?
Васілевіч: “Таму што я – афіцыйная асоба, што я буду камэнтаваць?..”
Радыё Свабода: “Дык тым больш, што вы афіцыйная асоба...”
Васілевіч: “Я магу камэнтаваць нешта з дазволу свайго начальніка. Гэткага дазволу я не атрымліваў”.
Радыё Свабода: “А можаце папрасіць яго дазволу?”
Васілевіч: “Я ня буду. Я не хачу выступаць наагул... Прабачце, мне тут тэлефануюць...”
Розгалас ёсьць
Зварот Мікалая Костышава да грамадзкасьці распаўсюдзіў аргкамітэт для стварэньня Беларускага камітэту ў абарону правоў вязьняў “Над бар’ерам”. Былы палітвязень Цімафей Дранчук кажа, што інфармацыя выклікала розгалас:
“Апроч таго, што мы распаўсюдзілі заяву Мікалая Костышава, мы зьвярнуліся таксама ў разнастайныя праваабарончыя арганізацыі, якія працуюць у Беларусі і за яе межамі – з заклікам дапамагчы зрушыць сытуацыю зь мёртвага пункту. Адгукнуўся Валянцін Гефтэр, адзін зь вядомых расейскіх праваабаронцаў. Яны ведаюць гэтую сытуацыю, МЗС Расеі неаднаразова рабіў захады высьветліць сытуацыю, рабіў шматлікія запыты ў розныя праваахоўныя арганізацыі беларускія, але пакуль што не было адказу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG