Якіх падзеяў у 2008 годзе вы чакаеце ў асабістым жыцьці? У Беларусі? У сьвеце?
На пытаньні Радыё Свабода адказвае былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі, ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч:
“Праблематычна прагназаваць нешта адносна нашага палітычнага рэжыму, пакуль яго, па сутнасьці, падтрымлівае Расея. Пра штосьці Аляксандар Лукашэнка размаўляў з Уладзімірам Пуціным чатыры гадзіны, таму цяжка нешта прадказваць. Але, мяркую, у мэтах захаваньня ўлады кіраўнік Беларусі ня будзе фарсіраваць саюз з Расеяй, і ў нас застаецца шанец захаваць сувэрэнітэт. Але збольшага сытуацыя стала горшай, паколькі Ўладзімір Пуцін усё больш дэманструе непрыняцьце заходніх каштоўнасьцяў.
Дзьмітры Мядзьведзеў асабіста мне падаецца дастаткова прыстойным. Мяркую, ён пачне праводзіць больш узважаную палітыку, паколькі галоўным супернікам Расеі становіцца ня Захад, а Кітай. Гэта – рэальнасьць, якая ўсіх падштурхне да большага супрацоўніцтва і з НАТА, і з Эўразьвязам. А ўсе нашы беларускія спробы пачаць альтэрнатыўныя стасункі з Іранам, з Вэнэсуэлай — гэта ўсё дзіцячыя гульні, яны ні на што ўплываць ня будуць. Эўропа захавае свой уплыў і, мяркую, Беларусь застанецца на сутыку Эўропы і Расеі”.