Ад 1 студзеня 2008 году грамадзяне могуць даведацца ў аддзелах грамадзянства і міграцыі, ці ўнесеныя яны ў “сьпісы невыязных”. Грошы, заплачаныя раней за дазвол на тое, каб выяжджаць з краіны пасьля 1 студзеня 2008 году, вяртаць ня будуць. Пра гэта ды іншае паведаміла начальніца дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Лідзія Іванчыкава.
Паводле ўказу, які падпісаў учора Аляксандар Лукашэнка, ад 1 студзеня 2008 году скасаваны дазвольны штамп і зацьверджанае Палажэньне пра банк дадзеных аб грамадзянах Беларусі, чыё права на выезд з краіны часова абмежавана.
Невыязных — ня больш за 100 тысячаў чалавек
Кіраўніца Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Лідзія Іванчыкава кажа, што ў так званым “сьпісе невыязных” — ня больш за 100 тысячаў чалавек. Паводле яе, вызначаны парадак інфармаваньня людзей пра тое, што іхняе права на выезд з Беларусі часова абмяжоўваецца.
“Пасьля 1 студзеня 2008 году кожны грамадзянін мае права пры наяўнасьці свайго пашпарту зьвярнуцца ў нашу службу і атрымаць адпаведную даведку, ёсьць ён у базе ці не. Гэтая даведка будзе сапраўдная толькі на той час. Пазьней у дачыненьні да пэўнага чалавека, вядома, могуць прыняць рашэньне пра абмежаваньне выезду. І той орган, які будзе прымаць рашэньне, натуральна, будзе інфармаваць грамадзяніна”, — тлумачыць Лідзія Іванчыкава.
Законам аб дзяржаўнай пошліне не прадугледжана вяртаньне грошай
Пра вяртаньне дзяржаўнай пошліны, заплачанай раней грамадзянамі за дазвол на выезд на наступныя гады, ня можа ісьці гаворкі, кажа начальніца дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі.
“Мы паводле асабістай заявы грамадзяніна аформілі дакумэнты для часовага выезду за мяжу. Дзеяньне адбылося. І на той выпадак, калі мяняецца парадак афармленьня дакумэнтаў для выезду за мяжу, Законам аб дзяржаўнай пошліне не прадугледжана вяртаньня грошай. Пра тое, што МУС разам з іншымі дзяржаўнымі органамі працуюць дзеля адмены штампу, ведалі ўсе. Супрацоўнікі аддзелаў грамадзянства і міграцыі, прымаючы грамадзянаў, заўсёды раілі ім афармляць дакумэнты для часовых выездаў за мяжу максымум на адзін год”, — цьвердзіць Лідзія Іванчыкава.
Дарэчы, а вось што казаў наконт магчымага вяртаньня грошай сёлета ў чэрвені ў інтэрвію “Свабодзе” першы намесьнік спадарыні Іванчыкавай Аляксей Бягун:
“Той, хто пераплаціў... Калі будзе прыняты новы парадак, то будуць рабіцца нейкія захады, каб людзям вярнулі сродкі, выплачаныя ў выглядзе дзяржаўнай пошліны”.
Дарэчы, у аддзелах грамадзянства і міграцыі сёлета ставілі дазвольныя штампы тэрмінам да пяці гадоў — па адной базавай велічыні за год.
“Сьпісы невыязных” існавалі і да адмены дазвольнага штампу”
Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла адзначае, што “сьпісы невыязных” існавалі і да адмены дазвольнага штампу, і гэта сусьветная практыка. Паводле праваабаронцы, тут няма парушэньня правоў чалавека, калі толькі ў гэтыя сьпісы не трапляюць асобы, чый выезд непажаданы для беларускіх уладаў з палітычных або іншых матываў.
Больш за месяц ня можа атрымаць дазвольнага штампу лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Як патлумачылі палітыку ў пракуратуры, гэта зьвязана з заведзенай супраць яго яшчэ ў 2004 годзе крымінальнай справай за абразу прэзыдэнта ў інтэрвію газэце “Народная воля” і расейскаму журналісту Мікалаю Сванідзэ.
”Кампутар выдаў, што маё прозьвішча ёсьць у гэтым знакамітым сьпісе”
Паводле Анатоля Лябедзькі, справу не перадалі ў суд і не закрылі. Сьледчыя тлумачаць гэта тым, што супрацоўнікі расейскіх праваахоўных органаў дагэтуль не апыталі Сванідзэ.
“Прайшло ўжо тры з паловай гады. Пасьля гэтага я без праблемаў атрымаў тры пашпарты. Выяжджаў за межы Беларусі, і не было ніякіх праблемаў і пытаньняў. Таму я не бачу тут прававой лёгікі. Відаць, ёсьць палітычны складнік. Мне і сказалі, што кампутар адразу выдаў, што маё прозьвішча ёсьць у гэтым знакамітым сьпісе”, — паведаміў Анатоль Лябедзька.
Палажэньне пра банк дадзеных аб грамадзянах Беларусі, чыё права на выезд з краіны часова абмежавана, распаўсюджваецца на шэсьць катэгорый грамадзянаў. Гэта асобы, якія маюць дачыненьне да дзяржаўнай таямніцы, пакуль ня скончыцца вызначаны тэрмін, гэта падазраваныя і абвінавачаныя ў крымінальных справах — пакуль ня спыніцца крымінальны перасьлед. Тут і асуджаныя — пакуль дзейнічае тэрмін зьняволеньня, а таксама тыя, хто ўхіляецца ад накладзеных судом абавязаньняў. Гэта асобы, якім выстаўлены грамадзянскі пазоў у судзе (абмежаваньне дзейнічае да завяршэньня справы), а таксама тыя, хто ўхіляецца ад вайсковай службы і службы ў рэзэрве.
Нагадаю, што паводле хадайніцтва экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Парфяновіча Канстытуцыйны суд пастанавіў адмяніць дазвольны запіс у пашпарце яшчэ ў верасьні 2002 году. Плянавалася, што яго скасуюць у 2006 годзе, потым тэрмін адмены штампу перанесьлі на пачатак 2008 году.