Зьмітра Хведарука выпішуць 17 сьнежня

Зьміцер Хведарук прабудзе ў шпіталі да панядзелка, 17 сьнежня. Пасьля ён будзе нейкі час знаходзіцца дома і наведвацца ў раённую паліклініку.

12 сьнежня пад час разгону дэманстрацыі “За незалежнасьць”, прымеркаванай да візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, байцы спэцназу міліцыі жорстка зьбілі Зьмітра. Калі ён ляжаў на прыступках, спэцназаўцы штурхалі яго нагамі, пакуль ён не страціў прытомнасьць.

Зьміцер Хведарук хутка ідзе на папраўку. Хлопца наведвае вялікая колькасьць людзей. У асноўным гэта сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. У шпітальнай палаце № 314, дзе ляжыць Зьміцер, каля ягонага ложку садавіна, сокі, цукеркі, лялькі – усё тое, што не зьмясьцілася ў лядоўні і, што прынесьлі наведвальнікі.

У пятніцу ўвечары нехта выклікаў міліцыянтаў, каб яны выправадзілі наведвальнікаў з палаты, бо іх было занадта шмат. Гаворыць Зьміцер Хведарук:

“Штодня лекары даюць пігулкі, робяць неабходныя працэдуры. Заўтра таксама будуць нешта такое рабіць. Я вельмі ўдзячны, што мяне наведваюць шмат людзей. Не абышлося без эксцэсаў, бо шмат людзей прыходзіць. Давялося выклікаць міліцыю, каб выдалілі ўсіх наведвальнікаў, што былі ў мянге позна ўвечары. У мяне пабывалі лідэры ўсіх палітычных партыяў”.

Зьмітра Хведарука прывезьлі ў шпіталь у непрытомным стане. У гісторыі хваробы напісана, што яго зьбілі супрацоўнікі міліцыі. Праз некалькі гадзінаў пасьля таго, як маладафронтавец трапіў у шпіталь, Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў зьбіцьцё Зьмітра і жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі. Пазьней з крытыкай у бок беларускіх уладаў выступілі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і палітыкі. Апроч Зьмітра да мэдыкаў зьвярнуліся некалькі ўдзельнікаў акцыі з рознымі траўмамі.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Тое, што да Зьмітра ў шпіталь прыходзяць штодня дзесяткі людзей, тое, што гэта бачаць мэдпэрсанал і бачаць хворыя робіць вялікую справу беларускай салідарнасьці. Увесь шпіталь поўніцца чуткамі пра тое, які амбасадар прыходзіў, якія палітыкі, якія журналісты. Якія замежнікі завітвалі да Зьмітра сёньня... На ягоным ложку сымболіка маладафронтаўская – гэта ўсё, безумоўна, вельмі ўражвае. Нават, калі выклікалі міліцыю, то міліцыянты прыходзілі з такім вінаватым выглядам. Не шчыравалі, што называецца, бо бачаць і разумеюць наколькі моцная салідарнасьць”.

Зьмітра выпішуць 17 сьнежня. Больш за тыдзень ён будзе знаходзіцца дома, бо яму пэўны час нельга мець фізычныя нагрузкі. Справу па факце зьбіваньня міліцыянтамі актывіста моладзевага дэмакратычнага руху распачынала міліцыя. Паводле заканадаўства, крымінальныя справы, у якіх у якасьці парушальнікаў падазраюць супрацоўнікаў міліцыі, мусіць расьсьледаваць пракуратура.