Лукашэнка загадаў напалову скараціць фінансаваньне дзяржпраграм

Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў заявіў аб плянах ураду скараціць на 50 працэнтаў існуючыя дзяржаўныя праграмы. Пры гэтым міністар спаслаўся на Аляксандра Лукашэнку:

Мікалай Снапкоў
«Прэзыдэнтам пастаўленая задача пачынаць перагляд дзяржпраграм з улікам скарачэньня іх фінансаваньня на 50% пры дасягненьні тых жа вынікаў», — сказаў Снапкоў на брыфінгу ў Менску.

Міністар падкрэсьліў, што «Мінэканомікі і ўрад не вядуць размову пра скарачэньне сацыяльных праграм — будзе скарачацца фінансаваньне праграм у рэальным сэктары эканомікі».

Дзяржаўныя праграмы фінансуюцца зь бюджэту. Да іх ліку адносяцца праграмы адраджэньня і разьвіцьця вёскі, інавацыйнага разьвіцьця, пераадоленьня наступстваў аварыі на ЧАЭС і багата іншых.