Лідэр літоўскіх кансэрватараў прапанаваў пазбаўляць ДНЖ беларусаў, якія рэгулярна езьдзяць на радзіму

Сэйм Літвы, аархіўнае фота.

Сэйм Літвы, аархіўнае фота.

Зрабіць больш строгімі абмежаваньні для беларусаў, апісаныя ў прадстаўленым літоўскім МЗС законапраекце аб падаўжэньні нацыянальных санкцыяў, прапанаваў старшыня кансэрватыўнай партыі «Зьвяз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы» Лаўрынас Кашчунас.

Паводле інфармацыі парталу Delfi, парлямэнтар разам з калегамі ў апазыцыі мае намер зарэгістраваць адпаведны варыянт у Сейме.

«Я гатовы дапамагчы міністру замежных спраў, які фактычна прынес леташнюю вэрсію [закону аб санкцыях на грамадзян Беларусі і Расеі], нічога не абнавіў, — заявіў Кашчунас у эфіры Žinių radijas. — Мы сёньня зарэгіструем папраўкі, прапануем крыху ўзмацніць праект, увесьці такія ж абмежаваньні».

На думку дэпутата, калі грамадзянін Беларусі з дазволам на жыхарства ў Літве вяртаецца на радзіму хаця б раз на тры месяцы «зь неаб’ектыўных прычын, без тлумачэньня прычын, то бок робіць гэта рэгулярна», то выдадзены яму ДНЖ варта ануляваць.

13 сакавіка стала вядома, што МЗС Літвы прапануе Сейму падоўжыць на год нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Беларусі і РФ — да 2 траўня 2026-га.

У адпаведнасьці з законам аб санкцыях, які парлямэнт Літвы ўпершыню прыняў у 2023 годзе, прыпынены прыём заяваў на атрыманьне шэнгенскіх і нацыянальных віз ад грамадзян Беларусі і РФ, акрамя выпадкаў, калі літоўскае МЗС выступае пасярэднікам у прыёме дазволаў на часовае пражываньне. Вынятак толькі для тых, хто мае дзейную шэнгенскую або нацыянальную візу, дазвол на жыхарства ў Літве ці іншай краіне ЭЗ.

Беларусаў і расейцаў, якія прыбываюць з-за межаў ЭЗ, дадаткова правяраюць на наяўнасьць пагрозаў нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму, дзяржаўнаму парадку, унутранай бясьпецы.

Таксама яны ня могуць увозіць або вывозіць украінскія грыўні; забаронены ўвоз у Літву сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў расейскага ці беларускага паходжаньня.

  • На 1 ліпеня 2024 году ў Літве жылі 62 535 беларусаў зь дзейнымі дазволамі на жыхарства. У чэрвені Служба занятасьці Літвы паведамляла, што ў краіне на падставе дазволаў на працу занятыя 48 600 беларусаў.
  • З канца лістапада 2022 году да канца 2023 году, Літва прызнала 1644 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», паведамлялі ў Дэпартамэнце міграцыі пры МУС Літвы. У тым ліку 562 беларусам адмовілі ў дазволе на часовае пражываньне, яшчэ 450 беларусам яго анулявалі, 343 — вырашылі не працягваць, двойчы беларускім грамадзянам адмовілі ў выдачы сталага ДНЖ, яшчэ васьмі анулявалі яго, 279 беларусам адмовілі ў атрыманьні нацыянальнай літоўскай візы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Права жыць і працаваць. Якія дазволы на жыхарства атрымліваюць беларусы ў Польшчы і Літве


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Літвы патлумачыла прычыны больш пільных праверак беларусаў, якія падаюць прашэньні на прытулак