У Беларусі будуць рыхтаваць спэцыялістаў у працы з ракетным палівам

Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт. Архіўнае фота

Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт. Архіўнае фота

У Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце сёлета плянуюць распачаць падрыхтоўку хімікаў-тэхнолягаў у галіне энэрганасычаных матэрыялаў і вырабаў.

Пра набор на новую спэцыяльнасьць у БДТУ піша «Настаўніцкая газета».

Як расказаў прарэктар ВНУ ў навуковай рабоце Вячаслаў Флейшэр, для паступленьня на спэцыяльнасьць абітурыенту трэба будзе здаваць ЦЭ/ЦТ у матэматыцы, фізыцы і беларускай або расейскай мове. Пры гэтым набіраць студэнтаў будуць толькі на бюджэтную форму.

Новая для Беларусі спэцыяльнасьць будзе ўключаць у сябе два профілі: «тэхналёгію порахаў, цьвёрдых ракетных паліваў і вырабаў» і «тэхналёгію выбуховых рэчываў і вырабаў».

Рыхтаваць адмыслоўцаў будуць выкладчыкі БДТУ і прадстаўнікі профільных прадпрыемстваў. Таксама ва ўнівэрсытэце разглядаюць магчымасьць удзелу прадстаўнікоў расейскіх ВНУ, у якіх ёсьць такі кірунак.

Тэрмін навучаньня — 5 гадоў. Выпускнікі атрымаюць ступень магістра і кваліфікацыю «інжынэр, хімік-тэхнолёг». Прадугледжваецца, што яны будуць працаваць на прадпрыемствах вайсковай прамысловасьці і ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Летась у Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце адкрывалі навучаньне спэцыялістаў у праектаваньні бесьпілётнікаў. Для паступленьня на такую спэцыяльнасьць трэба здаваць фізыку або матэматыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2024 годзе ва ўнівэрсытэце інфарматыкі і электронікі зьявяцца новыя спэцыяльнасьці. Расказваем, якія
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Было нуль мэтавікаў на ІТ, стала 67. Як дзяржава змагаецца з кадравым голадам пры дапамозе мэтавага набору ў ВНУ