У Міністэрстве надзвычайных сытуацый Расеі паведамілі аб вялікім пажары ў прамысловай зоне Гатчына Ленінградзкай вобласьці.
«Плошча пажару ў Гатчыне павялічылася да 1900 квадратаў. У тушэньне залучана больш за 50 супрацоўнікаў і 12 адзінак тэхнікі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У той жа час прычыны ўзгараньня ў Расеі пакуль не называюць. Расейскія СМІ ўдакладнілі, што гарыць завод па вытворчасьці ацэтону, і мясцовыя ўлады вымушаны былі эвакуаваць пэрсанал. Цяпер абяцаюць правесьці неабходныя дасьледаваньні паветра, каб высьветліць узровень забруджаньня паветра хімічна небясьпечнымі рэчывамі.
У Міністэрстве абароны Расеі не паведамлялі аб атацы Ленінградзкай вобласьці дронамі. Згодна з афіцыйным паведамленьнем ведамства, у ноч на 10 студзеня супрацьпаветраная абарона Расеі зьбіла 16 украінскіх дронаў над Растоўскай вобласьцю, па чатыры — над Курскай і Варонескай, тры — над Бранскай, два — над Краснадарскім краем, адзін — над Белгарадзкай вобласьцю і 10 — над акваторыяй Азоўскага мора.
Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Сьлюсар паведаміў, што на рэгіён была інтэнсіўная атака дронамі. У некалькіх населеных пунктах пацярпелі прыватныя дамы і аўтамабілі.
«У вёсцы Крым узгараньне ліквідуюць на тэрыторыі вытворчага прадпрыемства», — напісаў Юрый Слюсар у сваім Telegram-канале.
Губэрнатар Растоўскай вобласьці сьцьвярджае, што раніцай у 07:13 адкрыты агонь, які быў на плошчы 2 тысяч квадратных мэтраў, зьліквідавалі. Ён не ўдакладніў назвы прадпрыемства. Украінскія Telegram-каналы пішуць, што дроны пацэлілі ў завод «ПластФактор».
Улады Краснадарскага краю пакуль не ўдакладняюць , якія аб’екты атакаваныя ўначы. Паводле ўкраінскіх паблікаў, у Каранёўску Краснадарскага краю пацэлілі ў пункт сталай дысьлякацыі 238-й артылерыйскай брыгады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Запарожжы абвясьцілі жалобу; колькасьць параненых ад расейскага ўдару 8 студзеня павялічылася да 113Расея выкарыстала на фронце больш за 2 тысячы дронаў
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні расейскія войскі атакавалі прыфрантавыя населеныя пункты і ўкраінскія пазыцыі 2408 дронамі-камікадзэ. Апроч таго, расейцы актыўна выкарыстоўвалі баявую авіяцыю, якая нанесла 55 удараў і выпусьціла 76 авіябомбаў, і артылерыю.
Пад абстрэламі былі Херсонская, Запароская, Харкаўская, Сумская і Чарнігаўская вобласьці.
«Цягам апошніх содняў зафіксавалі 161 баявое сутыкненьне», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага Генштабу.
Найбольш напружаная сытуацыя, як і раней, назіраецца на пакроўскім кірунку, дзе адбыліся 42 расейскія штурмы, і курахаўскім (29 расейскіх атак).
«У апэрацыйнай зоне на Куршчыне падразьдзелы Сіла абароны Ўкраіны адбілі 25 атак расейскіх захопнікаў. Апроч гэтага, вораг нанёс 19 авіяўдараў з выкарыстаньнем 31 кіраванай бомбы, а таксама ажыцьцявіў 469 артылерыйскіх абстрэлаў пазыцый нашых войскаў і населеных пунктаў», — паведамілі ў Генштабе Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна бесьпілётнікамі атакавала расейскую нафтабазу стратэгічнай авіяцыі ў ЭнгельсеУ камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея ў ноч на 10 студзеня атакавала тылавыя вобласьці краіны 72 баявым дронамі і бесьпілётнікамі-імітатарамі, каб адцягнуць увагу супрацьпаветранай абароны.
Згодна з афіцыйным паведамленьнем, украінскія сілы зьбілі 33 ударныя дроны ў Палтаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Чаркаскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Хмяльніцкай, Віньніцкай і Херсонскай абласьцях.
«Зафіксавана пяць пацэльваньняў (прадпрыемствы і гаспадарчыя памяшканьні) у прыфрантавым раёне Чарнігаўшчыны, паранены адзін цывільны. На Кіеўшчыне зьбіты дрон упаў на шматпавярховік, пашкодзіў дом і два дзясяткі аўтамабіляў. Папярэдне, без ахвяр», — адзначаецца ў паведамленьні.
34 бесьпілётнікі-імітатары абясшкодзілі сродкі РЭБ, адзін зь іх паляцеў у кірунку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі гаюн»: Летась у Беларусь заляцелі 395 дронаў з Расеі і Украіны, а за апошнія 4 дні —як найменей 25 «шахедаў»
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.