Цэнзура, рэпрэсіі, крымінальны перасьлед прадстаўнікоў ЛГБТ. Кандыдат Сыранкоў апублікаваў сваю праграму

Сяргей Сыранкоў

9 студзеня сваю перадвыбарчую праграму апублікаваў лідэр праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

У праграме падкрэсьліваецца, што Камуністычная партыя, вылучаючы Сыранкова, «ідзе на выбары не замест, а разам з прэзыдэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам», а сам кандыдат абяцае захаваць «пераемнасьць палітычнага і сацыяльна-эканамічнага курсу», які праводзіць Лукашэнка.

У сваёй праграме Сыранкоў абяцае «не дапускаць празьмернага расслаеньня грамадзтва» і прытрымлівацца прынцыпу «бедны плаціць менш, а багаты — больш». Сярод іншага, ён настойвае на паступовым павелічэньні падатку на прыбытак і прапануе ўвесьці падаткі на багацьце і раскошу, а таксама заканадаўча замацаваць «абавязаньні прыватных суб’ектаў гаспадараньня да выкананьня дабрачыннай дзейнасьці».

Сыранкоў абяцае перавесьці найманых работнікаў на бестэрміновыя працоўныя дамовы, зьнізіць пэнсійны ўзрост да 55 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын, вярнуць ільготы чарнобыльцам і «афганцам».

Таксама кандыдат абяцае «зрабіць больш жорсткім кантроль над цэнамі і стварыць адзіную дзяржаўную сацыяльна арыентаваную сетку рытэйлу зь мінімальнымі нацэнкамі». У пытаньні цэнаўтварэньня ён лічыць неабходным «крымінальна забараніць практыку сыстэмы пасярэднікаў-перакупшчыкаў».

У сваёй праграме Сыранкоў прапануе нацыяналізаваць банкі і замацаваць у Канстытуцыі «забарону на прыватызацыю любых формаў дзяржаўнай уласнасьці».

Гаворачы пра мэдыцыну, ён канстатуе адток мэдычных кадраў зь дзяржаўных у прыватныя мэдычныя ўстановы і прапануе «паступовае адзяржаўленьне прыватных, камэрцыйных мэдустановаў і адмову ад аказаньня платных паслуг». Таксама ён выступае супраць «камэрцыялізацыі прыватнай адукацыі» і абяцае ўзмацніць «вайскова-патрыятычнае выхаваньне».

Сыранкоў лічыць, што, нягледзячы на «намаганьні дзяржавы па барацьбе з наступствамі 2020 году», у Беларусі «застаецца дастатковая колькасьць асобаў, якія ўдзельнічалі ў спробе дзяржаўнага перавароту». «Прапануем паглыбіць ачышчэньне сыстэмы ня толькі дзяржавы, але і ўсяго грамадзтва ад пярэваратняў, якія займаюць адказныя пасады і гайдалі сыстэму ў 2020 годзе, а цяпер прытаіліся і чакаюць паслабленьняў для аднаўленьня сваёй тлятворнай актыўнасьці. Галоўны ўрок 2020 году: „Лібэралізацыя — гэта шлях да майдану“», — падкрэсьліваецца ў праграме.

Таксама Сыранкоў прапануе ўвесьці дзяржаўную цэнзуру друку, літаратуры, кінэматографу, культуры і твораў культуры і мастацтва на «адпаведнасьць ідэалёгіі беларускага сацыялізму і ў мэтах недапушчэньня маральнага, каштоўнаснага, ідэалягічнага і духоўнага разлажэньня грамадзтва і краіны».

Сыранкоў лічыць патрэбным забараніць казіно, азартныя гульні, а таксама «пачаць дзяржаўную барацьбу з праявамі распусты і садаміі, увесьці крымінальную адказнасьць за прапаганду і практыку ЛГБТ», перагледзець заканадаўства аб разводах і абмежаваць аборты.

Прадстаўнік КПБ настойвае на аднаўленьні гераічнай памяці Іосіфа Сталіна і прапануе аднавіць помнікі яму ў Беларусі, выступае за «недапушчэньне абяленьня царызму, шляхецтва, дваранства, магнацтва, алігархіі» і прапануе «ўвесьці мараторый на перайменаваньне вуліц, зьвязаных з нашым савецкім мінулым».

У зьнешняй палітыцы ён хоча «паглыбіць супрацоўніцтва з саюзьнікамі па АДКБ і ШАС», арыентавацца на сяброўства з Кітаем.

У пытаньні мовы Сыранкоў выступае за «дзяржаўную падтрымку беларускай мовы і культуры, якія зьяўляюцца ўнікальным і непаўторным скарбам нашай краіны».

  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і ў час выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікі выбараў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павышэньне прэстыжу сілавікоў, шлюб у 17 гадоў, парлямэнцкая рэспубліка. Канапацкая агучыла сваю перадвыбарчую праграму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гайдукевіч супраць парлямэнцкай рэспублікі, Хіжняк хоча павысіць патэнцыял войска. Кандыдаты пачалі свае выступы

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.