Фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій у Беларусі праходзіла безь незалежнага назіраньня і практычна не было прыкметным у публічнай прасторы, таму «працэдурныя аспэкты» іх фармаваньня «застаюцца без грамадзкага кантролю», гаворыцца ў чарговай справаздачы экспэртаў місіі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Праваабаронцы адзначаюць, што ўтворана 5325 участковых выбарчых камісій (УВК) — на 86 менш, чым у адзіны дзень галасаваньня 2024 году, і на 398 менш, чым на прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га. Такая «аптымізацыя» адлюстроўвае дэмаграфічныя працэсы, але можа ставіць пытаньне фізычнай даступнасьці ўчасткаў, адзначаюць праваабаронцы.
«У сытуацыі татальнай зачысткі грамадзянскай актыўнасьці асабліва сумнеўнай зьяўляецца заяўленая нізавая актыўнасьць грамадзян, якія нібыта вылучылі больш за 16,5 тысячы прадстаўнікоў, якія сабралі подпісы як мінімум 10 чалавек у падтрымку свайго вылучэньня», — падкрэсьліваюць праваабаронцы.
Місія зьвяртае ўвагу, што па выніках «непразрыстага працэсу разгляду» ў склад УВК уключылі 99,5% ад колькасьці вылучаных прэтэндэнтаў.
49,4% месцаў ва УВК занялі прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў, «большасьць зь якіх — найбуйнейшыя праўладныя арганізацыі, што маюць з 2023 году заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасьці да дзяржавы», падкрэсьліваюць праваабаронцы. Яны адзначаюць і «асаблівую ролю» праўладных прафсаюзаў, якія атрымалі 15,7% месцаў ва УВК. 29,1% месцаў занялі прадстаўнікі «грамадзкай супольнасьці», 9,8% — прадстаўнікі 4 праўладных палітычных партыяў, 11,7% — прадстаўнікі працоўных калектываў.
Доля жанчын (74,8%) у складзе камісій значна перавышае долю мужчын.
«Трэцюю выбарчую кампанію заканадаўства дазваляе не публікаваць пайменныя сьпісы сяброў УВК. Гэта значна ўскладняе магчымасьць ацаніць спэцыфіку іх складу», — канстатуюць праваабаронцы.
Таксама зазначаецца, што «этап фармаваньня УВК практычна ня быў прыкметны ў публічнай прасторы», што дэманструе «поўную незацікаўленасьць уладаў у рэальным удзеле грамадзян у выбарчым працэсе» і «пацьвярджае курс на абсалютны адміністрацыйны кантроль над усімі этапамі выбараў-2025».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правааабаронцы ацанілі склад выбарчых камісій: «Розныя формы ляяльнай сыстэмы, якую выбудаваў Лукашэнка»- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- 26 сьнежня 2024 году аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol апублікавала даклад пра гатоўнасьць рэжыму Лукашэнкі да выбараў 2025 году, у якім сярод іншага адзначалася, што ў 265 участковых камісіях 63% сябраў удзельнічалі ў трох апошніх электаральных кампаніях у 2020-м (прэзыдэнцкія выбары), 2022-м (рэфэрэндум) і 2024 гадах («адзіны дзень галасаваньня»). 23% бралі ўдзел у дзьвюх з гэтых трох кампаній, яшчэ 11% — у адной зь іх. Такім чынам, у 2025 годзе ў камісіях будзе толькі 3% новых людзей, якія раней не прымалі ўдзел у выбарах, сьцьвярджаецца ў дакладзе.
- Як вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу апублікаваных 2 лістапада зьвестак ЦВК, ня менш за 60% грамадзян, вылучаных у тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзыдэнта, паводле фармальных прыкметаў зьяўляюцца прыхільнікамі Аляксандра Лукашэнкі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.