27 сьнежня 2024 году завяршылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій для выбараў прэзыдэнта Беларусі 26 студзеня 2025 году.
Як паведамлялі ў ЦВК, на выбарах будуць працаваць 5325 участковых камісій, столькі ж будзе і ўчасткаў для галасаваньня.
Паводле ЦВК, у склад камісій увайшлі 56 550 чалавек. Большасьць зь іх (33 453 чалавекі, ці 59,2%) прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў.
Як заявілі ў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», амаль усе яны — прадзяржаўныя. Так, 3129 чалавек — прадстаўнікі партыі «Белая Русь», а 4093 чалавекі — грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь». Яшчэ 3169 чалавек прадстаўляюць БРСМ і 4163 чалавекі — Беларускі саюз жанчын.
«Абсалютная большасьць людзей, якія ўваходзяць у склад камісій, — гэта прадстаўнікі прафэсіянальных саюзаў, што ўваходзяць у склад Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, таксама прадзяржаўнага аб’яднаньня».
Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зазначаюць з гэтай нагоды:
«Калі не разумець кантэксту, то вынікі, прадстаўленыя ЦВК, маглі б выглядаць даволі добра: тут і грамадзкія аб’яднаньні, і палітычныя партыі, і грамадзяне нібыта паўдзельнічалі. Але ж насамрэч усе гэтыя суб’екты зьяўляюцца рознымі формамі адной сутнасьці — ляяльнай сістэмы, якую для сябе выбудаваў А. Лукашэнка. Напрыклад, „Белая Русь“ як грамадзкае аб’яднаньне ўзьнікла напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у 2023 годзе і зьяўляецца суб’ектам, які абслугоўвае палітыку А. Лукашэнкі. І потым на выбарах-2024 яна выканала сваю функцыю — стала лідэрам у прадстаўленасьці сярод сябраў камісій. Сёлета адбываецца тое ж самае.
Палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні могуць разглядацца як паўнавартасныя суб’екты дэмакратычных працэсаў пры ўмове, калі яны зьяўляюцца добраахвотнымі арганізацыямі. Такой характарыстыкі ў ніякай зарэгістраванай на сёньняшні дзень грамадзкай арганізацыі ў Беларусі няма».
1 студзеня 2025 году пачнецца наступны этап выбараў — агітацыя.
Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
Пры гэтым фальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў — толькі апошні этап, да якога праводзіцца праца паводле пэўнай схемы. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.
У 2025 годзе ў камісіях будзе толькі 3% новых людзей
Даклад, падрыхтаваны ініцыятывай, мае назву «Аб гатоўнасьці сыстэмы фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2025 году».
BelPol вывучыў склад участковых камісій, якія будуць працаваць на выбарах. У 265 камісіях 63% чальцоў удзельнічалі ў трох апошніх электаральных кампаніях: у 2020 годзе (прэзыдэнцкая), 2022-м (рэфэрэндум) і 2024-м («адзіны дзень галасаваньня» на выбарах у парлямэнт і мясцовыя саветы). 23% бралі ўдзел у дзьвюх з гэтых трох кампаній, яшчэ 11% — у адной зь іх.
Такім чынам, у 2025 годзе ў камісіях будзе толькі 3% новых людзей, якія раней ня бралі ўдзелу ў выбарах.
У сыстэму незаконнага ўтрыманьня ўлады Аляксандрам Лукашэнкам BelPol уключыў некалькі пунктаў: зьняцьце з выбарчай гонкі патэнцыйна моцных супернікаў, стварэньне для Лукашэнкі выключных умоў у выбарчай кампаніі, рэпрэсіі і супрацьдзеяньне апазыцыйным кандыдатам з боку КДБ і іншых сілавых структур, поўны кантроль рэжымам выбарчых камісій, абмежаваньне правоў назіральнікаў, супрацьдзеяньне міжнародным назіральнікам, выкарыстаньне пэўнай мэтодыкі фальсыфікацый вынікаў галасаваньня.
Пры гэтым, аднак, у выбараў 2025 году, адзначаецца ў дакладзе, ёсьць адрозьненьні ад папярэдніх кампаній.
«Упершыню наогул ня будзе кандыдатаў ад дэмакратычнай апазыцыі, бо яны не змаглі вылучыцца. Калі б ініцыятыўная група такога прэтэндэнта і была б зарэгістраваная, прадстаўнік дэмакратычных сіл ня змог бы сабраць 100 тыс. подпісаў выбарнікаў, неабходных для рэгістрацыі, з прычыны вышэйзгаданых рэпрэсій нават у дачыненьні шараговых выбарнікаў. Усе намінальныя апанэнты Лукашэнкі на выбарах 2025 году зьяўляюцца асобамі, падкантрольнымі рэжыму (у тым ліку і былы прадстаўнік апазыцыі Ганна Канапацкая). Гэта значыць, на будучых прэзыдэнцкіх выбарах у грамадзян Беларусі ня будзе нават фармальнай магчымасьці прагаласаваць за рэальнага апанэнта дыктатару», — гаворыцца ў дакумэнце.
На выбарах 26 студзеня 2025 году ўпершыню наогул ня будзе незалежнага назіраньня (у 2020 годзе яно праводзілася часткова) з прычыны рэпрэсій у дачыненьні назіральнікаў, а таксама ліквідацыі апазыцыйных палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, якія дэлегавалі назіральнікаў.
«Магчымасьці вылучыцца незалежным назіральнікам шляхам збору подпісаў грамадзян або ад працоўнага калектыву ў асоб, не падкантрольных рэжыму, таксама ня будзе — праз татальныя палітычныя рэпрэсіі ў краіне», — гаворыцца ў дакладзе.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.