Сьцісла:
- Варыянт пэўнай дэстабілізацыі падчас выбарчай кампаніі цалкам магчымы.
- 2025 год будзе вызначальным з гледзішча транзыту ўлады ў Беларусі.
- Масква хоча даказаць, што адзіны, хто гарантуе Лукашэнку стабільнасьць, — гэта Расея.
- У якасьці кантраляванай «лібэральнай апазыцыі» ўлады абралі Ганну Канапацкую.
— Апошнія дні ў розных расейскіх крыніцах, часам дастаткова сур’ёзных, зьяўляюцца паведамленьні, нібыта Захад рыхтуе падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі нейкія правакацыі і нават, магчыма, зьмену ўлады. Якія мэты перасьледуюць тыя сілы ў Расеі, якія распаўсюджваюць такія інфармацыйныя ўкіды?
— Я ня вельмі веру ў нейкі пераварот. Але варыянт пэўнай дэстабілізацыі цалкам магчымы. Бо мэта Масквы на гэтых беларускіх выбарах — яшчэ большая залежнасьць Лукашэнкі ад Расеі, ягоная няўпэўненасьць ва ўласных сілах.
Хутчэй за ўсё, гэты год будзе вызначальным з гледзішча транзыту ўлады ў беларускім рэжыме. Падзеі будуць разгортвацца пад знакам таго, што Лукашэнка дарэмна вырашыў пайсьці ў гэтую выбарчую кампанію, нягледзячы на дамоўленасьці з Расеяй. Яму гэта будуць прыгадваць пры кожнай нагодзе.
І гэтыя цяперашнія ўкіды пра магчымую дэстабілізацыю акурат маюць на мэце спарадзіць нейкую няўпэўненасьць і ўнутры намэнклятуры, і ў самога Лукашэнкі.
— А што рэальна можа зрабіць Расея, акрамя гэтых укідаў, якія маюць на мэце панэрваваць Лукашэнку? Якія канкрэтна дзеяньні можа прадпрыняць Масква, як яна можа яшчэ абмежаваць уладу Лукашэнкі над Беларусьсю?
— Будзем лічыць, што апошнія паведамленьні супалі з заявай Зяленскага, што Лукашэнка прапанаваў яму ўдарыць па Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе і сказаў, што не кантралюе расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі. На такім фоне выглядае, што дзеяньні Расеі, накіраваныя на арганізацыю нейкіх правакацыяў на беларускай тэрыторыі падчас выбарчай кампаніі, цалкам магчымыя.
Такія дзеяньні маюць на мэце застрашыць Лукашэнку, прадэманстраваць, што ён не кантралюе сытуацыю ўнутры Беларусі. Даказаць, што адзіны, хто гарантуе яму стабільнасьць, — гэта Расея. З улікам таго, што Менск неаднаразова падрываў і не выконваў розныя падпісаныя з Расеяй дамовы, гэта цалкам магчыма.
— Разумеючы, што залежнасьць ад Масквы цяпер надта вялікая, Лукашэнка, відавочна, імкнецца рабіць нейкія крокі насустрач Захаду. Адбылося аслабленьне мігранцкага крызісу на мяжы, назіраем хвалі вызваленьня палітзьняволеных. З гэтага гледзішча як можна ацаніць сёньняшнюю навіну, што грамадзтву паказалі Віктара Бабарыку?
— Я б падзяляў гэтыя рэчы. Так, Лукашэнка пасылае пэўныя сыгналы Захаду, але трэба зазначыць, што гэта спалучаецца часам з ваяўнічымі заявамі, што ў любы момант Беларусь можа пагоршыць сытуацыю зь мігрантамі на мяжы. Зь іншага боку, на мяжы сапраўды адбылася пэўная дээскаляцыя мігранцкага крызісу. Маўляў, калі не жадаеце, каб да вас хлынулі новыя хвалі мігрантаў, — давайце нейкім чынам дамаўляцца.
Тое, што сёньня паказалі Віктара Бабарыку, — гэта асобная справа, якую я б не хацеў камэнтаваць з этычнага гледзішча. На маю думку, тут пераважна ўнутраныя чыньнікі, а ня толькі гульні з Захадам. У любым выпадку вельмі добра, што Віктара Бабарыку паказалі жывым.
— Калі зьвярнуцца ўласна да выбарчай кампаніі, то якую функцыю і ролю выконвае і такая лічба кандыдатаў, і кожны зь іх? Які мэсыдж улада хоча паслаць, напрыклад, наяўнасьцю такога кандыдата, як Ганна Канапацкая?
— Для Захаду гэта асабліва не працуе. Ну якая з Ганны Канапацкай апазыцыянэрка ці альтэрнатыва? З тых, каго дапусьцілі да паўфінальнага этапу (бо невядома, ці ўсе дойдуць да «фіналу», да дня галасаваньня), мы маем прадстаўнікоў ляяльных палітычных партыяў, якім загадалі вылучыць сваіх кандыдатаў. Апрача, бадай, ЛДПБ на чале з Гайдукевічам, якая традыцыйна ўдзельнічала ва ўсіх выбарах.
І ў якасьці кантраляванай «лібэральнай апазыцыі» абралі Ганну Канапацкую. Яна трошкі больш «лібэральная» за іншых прызначаных спойлераў на выбарах. І гэта максымальная спроба перафарматаваньня ўнутранага палітычнага поля, на якую наважыўся Лукашэнка.
Не ствараць нейкую новую сілу, новую партыю, новую «апазыцыю», а проста ўзяць Ганну Канапацкую і прызначыць яе кандыдатам у прэзыдэнты. Узровень клаўнады настолькі сьмешны, што ў Канапацкай нават зьявіліся давераныя асобы ў замежжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гайдукевіч супраць парлямэнцкай рэспублікі, Хіжняк хоча павысіць патэнцыял войска. Кандыдаты пачалі свае выступы