Папа Францішак упершыню прызначыў жанчыну кіраваць буйной ватыканскай установай

Сястра Сымона Брамбільля паціскае руку папу Францішку. Здымак бяз даты апублікаваны ватыканскімі СМІ

Манахіня Сымона Брамбільля будзе курыраваць рэлігійныя ордэны каталіцкай царквы.

Папа Рымскі Францішак упершыню ў гісторыі прызначыў жанчыну прэфэктам буйнога ватыканскага ведамства. Італьянская манашка Сымона Брамбільля (Simona Brambilla) узначаліла дэпартамэнт, які курыруе рэлігійныя ордэны каталіцкай царквы, піша Associated Press.

Прызначэньне стала важным крокам у імкненьні Францішка даць жанчынам больш кіраўнічых роляў у царкве. Хоць жанчыны ўжо бывалі намесьніцамі кіраўнікоў у некаторых ватыканскіх структурах, упершыню ў гісторыі жанчына стала прэфэктам дыкастэрыі (ведамства) Рымскай курыі — цэнтральнага органа каталіцкай царквы.

Дыкастэрыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцьця і грамадаў апостальскага жыцьця — адно з ключавых ведамстваў Ватыкану. Яно адказвае за дзейнасьць рэлігійных ордэнаў, такіх як езуіты, францішканцы і сёстры міласэрнасьці, а таксама невялікіх новых рухаў.

Брамбільля будзе курыраваць каля 600 тысяч манашак і 129 тысяч сьвятароў, якія ўваходзяць у рэлігійныя ордэны.

Адной з галоўных задач новага прэфэкта стане пераадоленьне тэндэнцыі да скарачэньня колькасьці манашак ва ўсім сьвеце. Паводле дадзеных Ватыкану, іх колькасьць зьменшылася з 750 тысяч у 2010 годзе да 600 тысяч у 2024 годзе.

Хоць Брамбільля стала першай жанчынай на гэтай пасадзе, Францішак адначасова прызначыў кардынала Анхеля Фэрнандэса Артымэ яе кіраўніком, або «прапрэфэктам». Верагодна, рашэньне папы зьвязана з тым, што кіраўнік дыкастэрыі павінен мець магчымасьць служыць імшу і цэлебраваць сакрамэнты, а гэта могуць рабіць толькі мужчыны.

На думку экспэртаў, гэта кампрамісны крок, які адлюстроўвае жаданьне папы рухацца да большага ўцягваньня жанчын у кіраваньне царквой, але ў рамках кананічных абмежаваньняў.
59-гадовая Брамбільля займала пасаду намесьніка кіраўніка дэпартамэнту рэлігійных ордэнаў з 2023 году.

Яе прызначэньне стала магчымым дзякуючы ініцыяванай Францішкам рэформе 2022 году, якая дазволіла сьвецкім асобам, у тым ліку жанчынам, узначальваць дыкастэрыі Рымскай курыі і станавіцца прэфэктамі.

Хоць Францішак захаваў забарону на сьвятарскае пасьвячэньне для жанчын, ён працягвае дэманстраваць, што жанчыны могуць займаць кіраўнічыя пасады ў царкоўнай герархіі. Тым ня менш многія каталічкі па-ранейшаму выказваюць незадаволенасьць абмежаваньнямі, якія пакідаюць сьвятарства выключна за мужчынамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь праз 33 гады пасьля ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў з Ватыканам адкрывае там сваю амбасаду