Кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Аляксей Багданаў анансаваў зьмены ў цэнаўтварэньні. Паводле яго, у Беларусі створаць базу дадзеных з інфармацыяй пра тое, як зьмяняюцца цэны на тавары.
«Аўтаматызаваная інфармацыйная сыстэма аналізу цэнаў — гэта якраз будзе адзін з элемэнтаў новай сыстэмы цэнавага рэгуляваньня. Яна дазволіць у рэжыме онлайн практычна ў моманце бачыць любыя зьмены цэнаў і кантраляваць іх», — удакладніў кіраўнік ведамства.
На думку міністра, пры дапамозе такой базы чыноўнікі будуць бачыць, па якой цане тавар прыехаў у Беларусь, калі ён імпартны, і якую нацэнку рабілі пасярэднікі, што дапаможа кантраляваць гэты працэс.
Незадоўга да заяваў міністра Лукашэнка даручыў чыноўнікам стварыць «справядлівую сыстэму рэгуляваньня цэнаў». Яшчэ раней, у ліпені мінулага году, прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка гаварыў пра базу цэнаў, якая дазволіць іх рэгуляваць. Тады праект называўся «пілётным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвяточная інфляцыя. На колькі за год у Беларусі падаражэлі калядныя ялінкі і як выбраць самы экалягічны варыянт
Вяртаньне ў СССР
Паводле былога спэцыяліста адной з гандлёвых сетак у Беларусі, эканаміста Валянціна Сакалоўскага, задача такой базы — забясьпечыць празрыстасьць цэнаўтварэньня. Аднак ён дадае, што такая сыстэма змагла б спрацаваць дзе-небудзь у СССР, але не ў сучаснай Беларусі.
«Калі б была адна лягістычная кампанія, адна раздробная сетка, гэта, можа быць, і працавала б. А сёньня гэта імітацыя дзейнасьці. Можна дамовіцца з буйнымі гульцамі, але ёсьць сетка „іпэшнікаў“. Нават калі браць міжнародны досьвед, то адна катэгорыя тавараў зьбіраецца і каціруецца доўга: пастаянна ўзьнікаюць нейкія навінкі. Нейкія стратныя пазыцыі перакрываюць прыбытковымі», — расказвае эканаміст.
На ягоную думку, задача гэтай ініцыятывы — скасаваць ранейшую пастанову, якая рэгулюе цэны. Зараз павысіць цэны на прадукты можна ў аб’ёме, які дазваляе дзяржава, а калі трэба вышэй, то новыя цэны трэба ўзгадняць зь дзяржаўнымі органамі. Пачалася гэта гісторыя яшчэ раней, у 2022 годзе, калі Лукашэнка абурыўся цэнамі і наагул забараніў іх павышаць.
Паводле Валянціна Сакалоўскага, новаўвядзеньні прыдумалі, бо чыноўнікі імкнуцца скасаваць ранейшыя абмежаваньні.
«Робіцца ўсё, каб пазбавіцца ад абмежаваньняў, якія зараз дзейнічаюць. Яны маглі б тады ў пачатку ўвесьці абмежаваньне для пэўных таварных катэгорый на нейкі тэрмін, да 90 дзён, скажам. А пасьля скасаваць. А так гэтую меру зрабілі пастаяннай — і гэта ўдарыла па вытворцах, па гандлёвых сетках, па мясцовай уладзе, бо рынак рухаецца і цэны павышаць трэба», — зазначае экспэрт.
Таксама ранейшае стрымліваньне цэнаў ударыла па спажыўцах. Бульба за мінулы год падаражэла больш як удвая. Морква ўдвая, сьвініна — на траціну.
А гэтыя прадукты робяцца ў Беларусі. На іх цэны паўплывала стрымліваньне: вытворцам стала нявыгадна займацца гэтымі таварамі.
«Ня можа такога быць, каб у Расеі бульба каштавала 3 рублі за кіляграм, а ў Беларусі ты ня можаш яе прадаваць даражэй за 1 рубель. Тады вытворца ці то будзе прадаваць яе ў Расею, ці то скажа, што бульбы проста няма. Такое стрымліваньне не працуе, бо грошы ніхто не бярэ зьніадкуль», — гаворыць суразмоўца.
Для спажыўцоў няма вялікіх рызык, але прадукты падаражэюць, зазначае Валянцін Сакалоўскі.
«Падаражаньне — гэта ня рызыка, а гарантыя. Нельга пастаянна стрымліваць цэны, гэта прывядзе да сытуацыі Вэнэсуэлы з таварным дэфіцытам і чорным рынкам», — дадае эканаміст.
«Цэны растуць празь бюракратыю, а трэба канкурэнцыя»
У Беларусі праблема росту цэнаў завязаная на бюракратыі і цяжкасьцях выхаду на рынак для кампаній — такую думку на ўмовах ананімнасьці ў размове са Свабодай выказаў супрацоўнік эканамічнай каманды «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня».
«Калі рынак адкрыты для новых гульцоў, роля пасярэдніка становіцца празрыстай: кожны імкнецца прапаноўваць лепшыя ўмовы, каб захаваць канкурэнтаздольнасьць. Але ва ўмовах, дзе атрымаць доступ да бізнэсу складана, а сувязі з чыноўнікамі вырашаюць больш, чым эканамічная эфэктыўнасьць, пасярэднікі ператвараюцца ў манапалістаў, здольных дыктаваць свае правілы. Гэта і становіцца драйвэрам росту цэнаў», — адзначае суразмоўца.
Як вынік стрымліваньня цэнаў для пакупніка — гэта адсутнасьць нейкіх тавараў ці высокі скачок цэнаў у выніку доўгага стрымліваньня, дадае экспэрт.
«Рана ці позна адбываецца „цэнавы выбух“. Рост цэнаў на бульбу за год удвая — яскравае таму пацьвярджэньне. Стрымліваньне цэнаў пры росьце выдаткаў ня можа працягвацца бясконца. Калі выдаткі бізнэсу перавышаюць магчымасьці прадаваць тавар паводле фіксаваных цэнаў, кампаніі пачынаюць выходзіць з рынку і спажывец сутыкаецца ці з пустымі паліцамі, ці з рэзкім скачком цэнаў», — мяркуе суразмоўца.
Паводле прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на гэты год, мяркуецца і далей стрымліваць інфляцыю, гэта значыць рост цэнаў, у межах ня болей за 5% на год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бульба падаражэла ў 2,2 разы, морква — ўдвая, сьвініна — на траціну. Як за год зьмяніліся цэны на прадукты