Журналісты Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода разважаюць пра 2024 год і дзеляцца сваімі думкамі пра тое, што можа стацца ў 2025 годзе.
У іх прагнозах паўтараюцца некалькі тэмаў:
• Вайна ва Ўкраіне ператварылася ў глябальны канфлікт, у цэлым сутыкнуўшы Захад з новым блёкам дзяржаў, якія кідаюць выклік сучаснаму сусьветнаму парадку.
• Папулісцкія рухі і аўтарытарныя лідэры набіраюць моц ва ўсім сьвеце і чыняць ціск на дэмакратыю і дэмакратычныя інстытуты.
• Вельмі шмат будзе залежаць ад Дональда Трампа. Вяртаньне абранага прэзыдэнта ў Белы дом у студзені 2025 году ўжо зьмяняе міжнародную дынаміку — ад трансатлянтычнага гандлю да палітыкі на Балканах.
Пра ўсё гэта і шмат што іншае чытайце далей.
Украіна: канец вайны Пуціна
Віталь Портнікаў
У канцы 2023 году я сьцьвярджаў, што нават калі адзін з бакоў здабудзе ваенную перамогу ва Ўкраіне ў 2024 годзе, гэта не абавязкова наблізіць нас да палітычнага рашэньня.
Гэта было праўдай тады і актуальна цяпер, у асноўным таму, што напад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на Ўкраіну — частка шырэйшага парадку дня, спроба аднавіць калі не саму савецкую імпэрыю, то прынамсі яе сфэру ўплыву.
Што можа наблізіць вайну ва Ўкраіне да разьвязкі, дык гэта будучыя зьмены ў Белым доме. Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп працягвае заяўляць, што гатовы пасярэднічаць у мірным пагадненьні паміж Расеяй і Ўкраінай.
Аднак пытаньне ў тым, ці будзе для гэтага дастаткова толькі Трампавых намераў і рашучасьці. Урэшце, для зьмены будзе патрэбна ня толькі адданасьць ёй будучага прэзыдэнта ЗША, але і згода Кіева і Масквы спыніць ваенныя дзеяньні.
Калі б Пуцін пагадзіўся спыніць канфлікт, — хоць Расея працягвае наступаць на полі бою і наносіць удары па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны, — гэта, верагодна, залежала б ад двух ключавых фактараў.
Першы — каб расейскі прэзыдэнт прызнаў, што эканамічнае становішча ягонай краіны не вытрымлівае працяглай вайны. Другі — каб ён быў гатовы перайсьці ад ваеннага ціску на Ўкраіну да палітычнага ўплыву і дэстабілізацыі.
Пры такім міры будучыня Ўкраіны будзе залежаць ад гарантыяў бясьпекі, атрыманых ад яе заходніх партнэраў, і ўстойлівасьці ўкраінскага грамадзтва ў супрацьстаяньні расейскім спробам дэстабілізацыі — напрыклад, шквалу дэзынфармацыі падчас будучых прэзыдэнцкіх выбараў.
Аднак калі Пуцін палічыць, што мае дастаткова рэсурсаў, каб працягваць вайну, ваенныя дзеяньні будуць працягвацца — безумоўна, і ў 2025 годзе, і нават далей.
Іран: наперадзе цяжкі год
Ханна Кавіяні
Пасьля таго як у траўні прэзыдэнт Ірану Эбрагім Раісі раптоўна загінуў у катастрофе верталёта, прэзыдэнтам быў абраны больш памяркоўны палітык Масуд Пэзэшкіян.
Некаторыя іранцы ўбачылі ў абраньні Пэзэшкіяна патэнцыйны знак таго, што духоўныя кіраўнікі краіны могуць зьмякчыць свой жорсткі падыход. Аднак да канца 2024 году Пэзэшкіян яшчэ ня выканаў абяцаньняў злагодзіць абмежаваньні, якія дзейнічаюць у Іране.
Пэзэшкіяну будзе з чым змагацца: абясцэньваньне валюты, экалягічны крызіс, старэньне насельніцтва і ўсё больш імклівыя ўцёкі мазгоў. Пагроза росту цэнаў на паліва, без чаго не зьліквідаваць дэфіцыт бюджэту, рызыкуе распаліць пратэсты накшталт тых, што здарыліся ў 2019 годзе — а тады загінулі сотні людзей.
У міжнародным пляне Ірану можа быць яшчэ цяжэй. Саюзьнікі Тэгерана — Хэзбала ў Лібане, ХАМАС у сэктары Газа і адхіленае сырыйскае кіраўніцтва — мелі ў 2024 годзе вялікія няўдачы, а Ізраіль у тым жа годзе пачаў нападаць на Іран. І цяпер іранскія палітыкі ўпершыню за доўгі час адкрыта абмяркоўваюць распрацоўку ядзернай зброі як апошняга сродку стрымліваньня.
Адносіны Тэгерана зь Міжнародным агенцтвам па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) вельмі хісткія. У 2024 годзе эўрапейскія дзяржавы двойчы асудзілі Тэгеран — і калі праблемы, якія непакояць Захад, ня будуць вырашаныя, то вясной 2025 году можа пачацца працэс аднаўленьня санкцый ААН супраць Ірану.
Міжнародны ціск на Іран, хутчэй за ўсё, толькі ўзмоцніцца з прыходам Дональда Трампа ў Белы дом у студзені 2025 г. У свой першы тэрмін Трамп вывеў ЗША зь ядзернай угоды з Іранам і выступаў за жорсткія эканамічныя санкцыі, каб стрымаць ядзерныя амбіцыі Ірану і ягоны рэгіянальны ўплыў.
Вугоршчына: Зьяўленьне Пэтэра Мадзьяра
Пабла Горандзі
Ніхто з прызнаных аналітыкаў не прадказваў Пэтэру Мадзьяру хуткага ўзьлёту. Менш за год таму Мадзьяр выказваў ляяльнасьць да правага прэм’ер-міністра Віктара Орбана; цяпер ён папулярны і дынамічны лідэр вугорскай апазыцыі.
«Ціса» — партыя Мадзьяра — страсянула вугорскую палітычную сцэну ў чэрвені, калі атрымала ў Вугоршчыне траціну з 21 месца на выбарах у Эўрапарлямэнт і паказала добрыя вынікі на мясцовых выбарах.
Хуткі рост Мадзьяра стаў галаўным болем для кіруючай партыі «Фідэс» на чале з Орбанам, якую шырока крытыкуюць за адкат ад дэмакратыі і аўтарытарныя тэндэнцыі. Партыя пачала нападаць на Мадзьяра ў прэсе і нават, кажуць, задумваецца пра датэрміновыя выбары.
Орбан, які кіруе Вугоршчынай пад агнём крытыкі, ня даў партыі Мадзьяра сапсаваць ягоны зорны час — у другой палове году Вугоршчына старшынявала ў Радзе Эўрапейскага Саюзу.
Сваё прэзыдэнцтва Орбан пачаў эфэктна і супярэчліва: на пачатку ліпеня ён наведаў Кіеў, Маскву, Пэкін і Мар-а-Лага (рэзыдэнцыю Трампа). Гэтыя паездкі ён назваў намаганьнямі пакласьці канец вайне ва Ўкраіне; эўрапейскія чыноўнікі жорстка яго за іх крытыкавалі.
У сьнежні Орбан, які падтрымаў Дональда Трампа яшчэ ў 2016 годзе, зноў наведаў абранага прэзыдэнта ў ягонай рэзыдэнцыі ў Флорыдзе. Эўрапейскія чыноўнікі, мякка кажучы, не былі задаволеныя несанкцыянаванымі і няўзгодненымі візытамі Орбана.
ЭЗ: папулізм у «крэпасьці „Эўропа“»
Рыкард Юзьвяк
Ідэя «крэпасьці „Эўропа“» правіла баль у 2024 годзе, калі краіны-сябры ўсё больш жорстка ставіліся да міграцыі і шукалі творчыя спосабы, як перадаць гэтае пытаньне трэцім краінам. (Італія, напрыклад, стварыла цэнтры для мігрантаў у Альбаніі.)
Але нават нягледзячы на тое, што крайнія правыя і папулісцкія партыі мелі ў 2024 годзе перамогі на выбарах у нацыянальныя заканадаўчыя сходы і ў Эўрапейскі парлямэнт, цэнтар вытрымаў — і прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен выйграла свой жаданы другі тэрмін.
У 2025 годзе будзе тое самае. Фармаваць стратэгію і палітыку ў краінах-сябрах ЭЗ надалей будуць папулісцкія партыі. У Чэхіі Андрэй Бабіш, мільярдэр-папуліст і былы прэм’ер-міністар, верагодна, вернецца да ўлады восеньню і ўтворыць акуратны эўраскептычны трохкутнік з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам і прэм’ер-міністрам Славаччыны Робэртам Фіцам.
У Францыі левыя і правыя папулісты будуць надалей турбаваць прэзыдэнта Эманюэля Макрона пасьля няўдалых для яго парлямэнцкіх выбараў гэтым летам. Новыя выбары, хутчэй за ўсё, адбудуцца летам 2025 году, і Макрон можа пацярпець яшчэ большую паразу, калі левыя або правыя партыі атрымаюць большасьць.
Нямеччына таксама зьбіраецца на выбары: парлямэнцкія выбары адбудуцца ў лютым 2025 году. І хоць ультраправая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» павінна атрымаць лепшы вынік — патэнцыйна 20 працэнтаў галасоў — можна чакаць вялікай кааліцыі левацэнтрысцкіх сацыял-дэмакратаў з правацэнтрысцкімі хрысьціянскімі дэмакратамі, прычым лідэр апошніх Фрыдрых Мерц мае стаць канцлерам.
Дональд Трамп на працягу наступнага году будзе фармаваць палітыку Эўропы ня ў меншай меры, чым любы іншы эўрапейскі палітык. У чэрвені на саміце NATO ў Нідэрляндах абраны прэзыдэнт ЗША цалкам можа падштурхнуць сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў выдаткоўваць больш на абарону.
Трансатлянтычныя гандлёвыя трэньні таксама цалкам могуць пачацца, асабліва калі Брусэль ударыць па Ілану Маску, тэхналягічным магнату і ключавым саюзьніку Трампа, і па ягонай плятформе сацыяльных сетак X штрафамі ў мільярды эўра за невыкананьне прынятых у блёку правілаў для сацыяльных сетак.
Беларусь: Лукашэнка баіцца застацца ўбаку
Валер Карбалевіч
У 2024 годзе аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягнуў імклівую эвалюцыю ў таталітарную дзяржаву. Яшчэ больш узмацніліся палітычныя рэпрэсіі, узаконеныя дзьвюма выбарчымі кампаніямі, якія толькі зьнешне нагадвалі дэмакратычныя выбары.
На пачатку году былі абраныя марыянэтачны парлямэнт і мясцовыя саветы. Перад канцом году пачалася прэзыдэнцкая кампанія, якая павінна завяршыцца ў студзені 2025-га.
Беларуска-расейскі саюз умацаваўся і паглыбіўся, асабліва ў вайсковай сфэры, дзе Лукашэнка спрабуе ўмацаваць стратэгічныя пазыцыі Беларусі шляхам разьмяшчэньня сучаснай расейскай зброі. Кульмінацыяй гэтага працэсу стала абвешчанае ў сьнежні рашэньне разьмясьціць у Беларусі ў другой палове 2025 году пэрспэктыўны расійскі ракетны комплекс «Арэшнік».
Галоўнай задачай для рэжыму Лукашэнкі ў 2025 годзе будзе знайсьці сваё месца ў новай геапалітычнай рэальнасьці, сфармаванай магчымымі мірнымі перамовамі па Ўкраіне. Менск асьцерагаецца, каб пры пабудове новай архітэктуры бясьпекі для Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, якая можа паўстаць у выніку гэтых перамоваў, ягоныя інтарэсы не засталіся без увагі.
Таму ён і перанёс прэзыдэнцкія выбары на паўгода наперад. Ягоная мэта — забясьпечыць адноўленую легітымнасьць як рычаг для ўдзелу ў такіх перамовах.
Але калі канфлікт ва Ўкраіне застанецца замарожаны, Беларусь таксама можа застацца замарожанай на гады. Рэжым Лукашэнкі будзе кансалідавацца і ўмацоўвацца, а ўсе бакі беларускага жыцьця, ад эканомікі да культуры, — павольна дэградаваць.
Афганістан: жорсткая барацьба за правы жанчын
Малалі Башыр
2024 год быў яшчэ адным цяжкім годам для правоў жанчын у Афганістане. Кульмінацыя настала ў сьнежні, калі талібы забаранілі прыватным установам навучаць жанчын такім важным прадметам, як акушэрства, мэдсястрынства і лябараторная справа.
Найноўшыя абмежаваньні сталі працягам крокаў апошніх гадоў, калі афганскім дзяўчатам забаранілі наведваць сярэднія школы і ўнівэрсытэты.
«Гэта ня толькі разбурэньне мараў тых дзяўчат, якія хацелі вучыцца і ўносіць уклад у жыцьцё сваіх грамадаў, — сказала Хізэр Бар, намесьніца дырэктара аддзелу па правах жанчын нью-ёрскай Human Rights Watch. — Гэта таксама азначае сьмерці жанчын, якія ня змогуць атрымаць доступ да мэдычнай дапамогі».
Множыліся ў апошні год і беспрэцэдэнтныя юрыдычныя захады супраць гэтых абмежаваньняў. Шукрыя Баракзай, былы амбасадар Афганістану ў Нарвэгіі, падкрэсьліў прагрэс, які адбыўся ў 2024 годзе, адзначыўшы міжнародныя намаганьні, каб прыцягнуць талібаў да адказнасьці.
Важкі прарыў адбыўся ў лістападзе 2024 году, калі ключавы камітэт Генэральнай Асамблеі ААН ухваліў перамовы пра першую ў гісторыі дамову аб прадухіленьні злачынстваў супраць чалавечнасьці і пакараньні за іх. Такое разьвіцьцё падзей магло б вырашыць праблему гендэрнага апартэіду ў адпаведнасьці зь міжнародным правам. За гэты важны крок даўно выступаюць афганскія актывісткі — абаронцы правоў жанчын.
Зазіраючы ў 2025 год, Баракзай бачыць падставы для аптымізму. «2025-ы можа стаць годам справядлівасьці для афганцаў, асабліва для афганскіх жанчын, калі краіны пачынаюць мабілізавацца супраць таго, што адбываецца ўнутры Афганістану», — сказала яна. Аднак Хізэр Бар таксама падкрэсьліла, што істотныя зьмены патрабуюць пастаяннага міжнароднага ціску і падтрымкі.
Сэрбія: сьвет Вучыча
Мілаш Тэадаравіч
Адносіны паміж Косавам і Сэрбіяй застаюцца на гістарычным мінімуме, прынамсі калі лічыць ад пачатку перамоў пры пасярэдніцтве ЭЗ у 2011 г. Спробы нармалізаваць адносіны застопарыліся — на перашкодзе па-ранейшаму стаіць выхад сэрбскіх прадстаўнікоў зь дзяржаўных устаноў Косава ў 2022 г., жорсткія сутыкненьні на поўначы Косава ў наступным годзе і забойства косаўскага паліцыянта ў верасьні 2023 году.
Нягледзячы на гэты тупік, Сэрбія захавала характэрнае для яе балянсаваньне ў зьнешняй палітыцы: так, адмаўляючыся ад санкцый супраць Расеі, яна адначасова падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Бялград таксама паглыбіў сувязі з Пэкінам.
У рэгіянальнай палітыцы Вучыч застаецца ключавым гульцом, асабліва ўплывовы ён у Босьніі і Герцагавіне. Вядома, што ён захоўвае ўплыў на лідэра прарасейскіх папулістаў Міларада Додзіка з Рэспублікі Сэрбскай, аднаго з двух суб’ектаў, што ўваходзяць у склад Босьніі і Герцагавіны.
Здаецца, каб супакоіць Додзіка, Вучыч рэгулярна пазыцыянуе сябе перад ЭЗ і ЗША як заспакаяльную сілу, здольную зьмякчыць дэстабілізацыйныя тэндэнцыі балканскіх экстрэмістаў. Аднак ягоная неадназначная пазыцыя часта прымушае назіральнікаў сумнявацца, ці ён спрыяе стабільнасьці, ці нестабільнасьці, ці і таму і другому разам.
У пляне далучэньня да Эўразьвязу Сэрбія фактычна адстае ад Чарнагорыі, пасьля таго як у мінулым годзе Падгорыца зрабіла хуткі прагрэс. Некаторыя дыпляматы ЭЗ нават заявілі, што Чарнагорыя патэнцыйна можа далучыцца да блёку ў гэтым дзесяцігодзьдзі.
Але дыпляматы на Балканах засяроджаныя цяпер на зьменах у Белым доме. У прыватнасьці, Вучыч, безумоўна, повен надзей. Ён і ягоныя саюзьнікі выказалі аптымізм з нагоды вяртаньня Дональда Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША, спадзеючыся, што ў палітыцы ЗША адбудзецца зрух у бок падыходу, больш «прыязнага да сэрбаў».
Каўказ: Карабаскі мір адкладаецца, а Грузія выбухае
Джошуа Кучэра
Яшчэ год таму здавалася, што мірнае пагадненьне паміж Армэніяй і Азэрбайджанам ужо на даляглядзе. Азэрбайджан тады толькі што аднавіў кантроль над усім Нагорным Карабахам, тэрыторыяй, якая знаходзіцца ў цэнтры канфлікту паміж двума бакамі. Абодва бакі заяўлялі, што практычна гатовыя падпісаць пагадненьне, большасьць прынцыповых пытаньняў узгодненыя.
І вось цяпер мы застаемся збольшага на тым самым месцы: Армэнія і Азэрбайджан усё яшчэ абмяркоўваюць тонкасьці мірнага пагадненьня, і часам здаецца, што Азэрбайджан, можа, насамрэч яго і не жадае.
Тым часам увага на Каўказе пераключылася на Грузію. Ад парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку і так шмат што залежала, але крызіс, які ўзьнік у сувязі зь імі, аказаўся надзвычай небясьпечны.
Апазыцыя і пратэстоўцы адмовіліся прызнаць вынікі выбараў, названых імі нелегітымнымі. Праведзеныя ўрадам рэпрэсіі ўжо сталі самымі жорсткімі ў постсавецкай гісторыі Грузіі. Прэзыдэнт Саламэ Зурабішвілі, тэрмін паўнамоцтваў якой заканчваецца 29 сьнежня, адмаўляецца сысьці ў адстаўку, уступіўшы ў жорсткі канфлікт з урадам. А адносіны са Злучанымі Штатамі і эўрапейскімі дзяржавамі, традыцыйнымі асноўнымі партнэрамі Грузіі, працягваюць пагаршацца.
На момант, калі гэта пішацца, ні ўлада, ні апазыцыя, ні пратэстоўцы не дэманструюць жаданьня ісьці на кампраміс. Рабіць якія-небудзь прагнозы цяпер было б бязглузда. За выключэньнем таго, што праз год палітыка Грузіі будзе выглядаць зусім інакш, чым цяпер.
Цэнтральная Азія: рост аўтарытарызму
Крыс Рыклтан
Выглядала, што ўмовы для адраджэньня расейскага ўплыву ў Цэнтральнай Азіі ў 2024 годзе сасьпелі, і так і сталася, хоць у Масквы ня ўсё выйшла так, як яна хацела.
Для дзяржаўных энэргетычных кампаній «Газпром» і «Росатом», якія падтрымліваюцца Крамлём, гэты год ва Ўзбэкістане быў рэкордны: экспарт расейскага газу павялічыўся прыкладна ўтрая, а Масква і Ташкент нарэшце заключылі ўгоду аб стварэньні невялікай АЭС.
Пасьля рэфэрэндуму аб ядзернай энэргетыцы ў кастрычніку 2024 году Казахстан таксама зьбіраецца пабудаваць атамную станцыю, і было б надта дзіўна, калі б «Росатом» да гэтага неяк не прычыніўся.
У той жа час і Ўзбэкістан, і Казахстан не паддаваліся ціску, які вымагаў ад іх далучэньня да блёкаў, важных для прэстыжу Масквы. А спрэчкі вакол расейскай мовы і каляніяльнай спадчыны Расеі ў рэгіёне не спрыяюць пэрспэктывам «мяккай сілы» Крамля.
Тым часам Кітай будзе працягваць здабываць сяброў у Цэнтральнай Азіі ў наступным годзе празь ціхую дыпляматыю і шматмільярдныя інвэстыцыі, асабліва ў разьвіцьцё такіх сэктараў, як транспарт і аднаўляльныя крыніцы энэргіі.
Рэгіён у цэлым стане яшчэ больш аўтарытарным. У Таджыкістане і Туркмэністане гэта, здавалася б, амаль немагчыма, але трэба чакаць, што абедзьве краіны прыкладуць да гэтага намаганьні.
Між тым у Казахстане, Кіргізстане і Ўзбэкістане ў журналістаў і крытыкаў рэжыму глеба ўсё больш уцякае з-пад ног — з прычыны новых абмежавальных законаў, турэмных зьняволеньняў і, відавочна, агульнага настрою гэтых урадаў, што паступовае зьмяншэньне свабод — гэта да лепшага.
Заключныя заўвагі: Глябальная вайна
Сяргей Мядзьведзеў:
Вайна ва Ўкраіне набыла сапраўды сусьветныя маштабы. Яна вядзецца ва Ўкраіне, але закранае дзясяткі краін, адбіваючыся нават на насельніцтве Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі і Ўсходняй Азіі.
Гэта стала прычынай найбуйнейшага з часоў халоднай вайны глябальнага нарошчваньня ваенных сіл і паставіла пад сумнеў давер да міжнародных інстытутаў — ад NATO і Эўрапейскага Зьвязу да ААН і Міжнароднага крымінальнага суду.
З аднаго боку, ёсьць заходні альянс на чале з ЗША і NATO, які падтрымлівае Ўкраіну. З другога боку, — блёк незаходніх дзяржаў, якія кідаюць выклік сучаснаму сусьветнаму парадку.
Узначальвае гэтую нефармальную групу Кітай, Расея выступае як малодшы партнэр, а падтрымліваюць іх такія краіны, як Іран і Паўночная Карэя. Гэтыя дзяржавы становяць альтэрнатыву глябалізацыі. Яны маюць новыя мэханізмы абыходу заходніх санкцый, новыя фінансавыя сыстэмы на аснове крыптавалют і свае міжнародныя інстытуты, такія як БРІКС і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва.
Лінія баявых дзеяньняў пралягае ва Ўкраіне, але вайна ідзе ўсюды: Расея ўмешваецца ў выбары па ўсім сьвеце (самы апошні прыклад, магчыма, — Румынія) і, як мяркуюць, чыніць дывэрсіі ў многіх заходніх краінах. Тым часам Блізкі Ўсход зноў ахоплены вайной; Вэнэсуэла прад’яўляе тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседкі Гаяны; а Кітай уважліва сочыць за канфліктам ва Ўкраіне, разважаючы пра ўласную апэрацыю супраць Тайваня.
У 2025 годзе гэтая глябальная вайна будзе набіраць абароты і, верагодна, пашырацца незалежна ад стану рэчаў ва Ўкраіне. Нават магчымае спыненьне агню, хутчэй за ўсё, не пакладзе канец глябальным узрушэньням, ня кажучы ўжо пра экспансіянісцкі запал Расеі або жаданьне Крамля ліквідаваць украінскую дзяржаўнасьць і кінуць выклік NATO і ЗША.
Вайна ва Ўкраіне спусьціла лявіну. Эліты антыглябалістаў — ад ісламістаў да рэваншыстаў — пачулі кроў, і канфлікты будуць выбухаць па ўсім сьвеце ў самых нечаканых месцах.
У гэтым сэнсе доўгатэрміновы плян Пуціна — ператварыць гэты канфлікт у глябальны і кінуць выклік сусьветнаму парадку — дамогся сваёй мэты. Калі праводзіць аналёгію з Другой сусьветнай вайной, мы цяпер недзе ў 1938 годзе: ёсьць глябальны праціўнік, ёсьць Захад, які ня вызначыўся, і набліжаецца новае Мюнхэнскае пагадненьне. Застаецца толькі спадзявацца дажыць да новага 1945 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаўцы беларускіх кніг — «Людзі Cвабоды – 2024»