Магчыма, варта было б напісаць вынікі году — і натхняльныя, і страшныя, але мне здаецца, што цяпер ёсьць рэч больш важная за рэфлексію. У гэтыя сьвяты дзясяткі тысяч людзей працягваюць чакаць на волі сваіх палітзьняволеных блізкіх. І ўсім ім вельмі трэба падтрымка.
Сэзон сямейных сьвятаў няпроста перажываць нават тым, па кім каток рэпрэсіяў прайшоўся адносна лёгка. Але нават калі абышлося безь вялікіх тэрмінаў для сябе ці родных, Раство і Новы год ва ўцякацтве ці ў Беларусі, калі большасьць блізкіх людзей цяпер вымушана за мяжой, — спрэчнае задавальненьне. А што ж казаць пра тых, хто кожны дзень чакае цуду — хоць бы ў выглядзе званка ці ліста, але перадусім — датэрміновага вызваленьня сваіх родных?
Для гэтых людзей традыцыйныя сямейныя сьвяты — дадатковае выпрабаваньне, бо паўсюдныя песьні і дэкарацыі вымушаюць бесьперапынна памятаць, у якой бядзе яны апынуліся.
Калі вы чытаеце гэты тэкст, дык, я ўпэўнена, вы дастаткова дарослыя, каб ведаць, што калядныя цуды робіць ня Дзед Мароз, Санта-Клаўс ці сьвяты Мікалай, а самі людзі. І цяпер такі час, калі нам варта больш працаваць над цудамі.
Ня трэба нечага надзвычайнага — проста напішыце лішні раз тым, чые блізкія ў турме. Паклічце на гарбату, прапануйце сустрэць Новы год разам ці проста прайсьціся па вуліцах, калі вы жывяце ў адным і тым жа горадзе. Нагадайце гэтым людзям, што яны не адны, што вы па-ранейшаму гатовыя іх падтрымаць, і хоць цяпер па вуліцах ня ходзяць стотысячныя натоўпы, нас насамрэч ня стала меней.
Памятаеце, як у 2020-м мы здолелі закрыць вочы на адрозьненьні і падтрымліваць адно аднаго, нягледзячы ні на што? Як ратавалі адно аднаго ад разьюшаных «сілавікоў», пускаючы ў кватэры незнаёмых людзей? Як абаранялі адно аднаго ў аўтазаках, пастарунках і ізалятарах? Як дзяжурылі пад Акрэсьціна, дапамагалі зьбіраць перадачы, падтрымлівалі родных, якія былі ў роспачы, і бясплатна развозілі пратэстоўцаў дадому пасьля вызваленьня з содняў? Як адбівалі адно аднаго ад затрыманьня, як у ізалятары пачыналі і канчалі дзень перастукваньнем «Жы-ве-Бе-ла-русь» з суседнімі камэрамі?
Мы ж ня зьніклі! Так, нашы актыўнасьці здушылі, тысячы з нас кінулі за краты, некаторых забілі, і ніхто пакуль за гэта ня быў пакараны, а катаваньні ў Беларусі працягваюцца штодзень. Але мы па-ранейшаму адно ў аднаго ёсьць — і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У нас могуць быць розныя погляды на ідэальную Беларусь, мы можам па-рознаму ўяўляць будучыя рэформы ў адукацыйнай, мэдычнай, эканамічнай і іншых сфэрах. Хтосьці з нас хоча, каб Беларусь увайшла ў ЭЗ і NATO, кагосьці такая пэрспэктыва палохае. Але мы ёсьць адно ў аднаго, і нам трэба працягваць адно аднаго падтрымліваць.
І калі вашы блізкія цяпер за кратамі, памятайце, што ёсьць вельмі шмат людзей, якім ня ўсё адно. Бо інакш навошта гэта ўсё ўвогуле было?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Няўжо я сумую па прымусовых відэа