Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў вернікаў з Божым Нараджэньнем. Што ў пасланьні?

Фрагмэнт іконы з выявай нараджэньня Хрыста, напісанай у 1746 годзе

Таксама вядомы расклад тэлетрансьляцый з набажэнстваў і расклад сьвяточных службаў у грэка-каталікоў.

З нагоды сьвятаў Божага Нараджэньня ў этэры тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі 24 і 25 сьнежня пройдуць трансьляцыі ўрачыстых цэлебрацый зь Менску і Ватыкану.

У Вігілію Божага Нараджэньня тэлеканал «Беларусь 1» 24 сьнежня ў 21.45 пачне трансьляцыю сьвятой імшы Пастэркі з катэдральнага касьцёла Найсьвяцейшага Імя Марыі. Узначаліць цэлебрацыю мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Адразу пасьля заканчэньня трансьляцыі са сталічнай архікатэдры, у 23.30, тэлеканал пакажа вігілійную імшу з катэдры сьвятога Пятра ў Ватыкане з удзелам папы Францішка.

25 сьнежня ў 8.50 на тэлеканале «Беларусь 1» арцыбіскуп Станеўскі павіншуе вернікаў з Божым Нараджэньнем.

У 15.35 тэлеканал «Беларусь 3» пакажа пасланьне і дабраславеньне папы Францішка Urbi et orbi («Гораду і сьвету») з Ватыкану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 амбасадаў краінаў Захаду перад Калядамі выказалі салідарнасьць з затрыманымі вернікамі

Тым часам у сеціве зьявілася сьвяточнае пасланьне Юзафа Станеўскага. У ім, сярод іншага, сказана:

«Аднойчы пэўны сьвятар падчас мэдытацыі пачуў такія словы Пана Езуса: „Скажы людзям, што Я люблю іх бясконцай любоўю; любоўю такой вялікай, што Я нават не вагаўся прыйсьці на зямлю. Я прыйшоў дзеля кожнага зь іх. Я — Бог, Усемагутны, Стваральнік неба і зямлі, Уладар усяго сусьвету — Я стаў Чалавекам, стаў іх Братам. Я прыйшоў у сьвет як малое, безабароннае дзіця, каб ніхто, нават самы слабы, не баяўся прыйсьці да Мяне. Я нарадзіўся ў беднай стайні, каб ніхто, нават самы бедны, пакінуты і беспрытульны, не адчуваў страху перад бляскам і хараством. Я прыйшоў у сьвет, узяўшы за Маці бедную дзяўчыну з Назарэту, а за Апекуна — звычайнага цесьляра, каб ніхто, нават просты і неадукаваны чалавек, не зьбянтэжыўся і не баяўся зьвярнуцца да Мяне. Скажы людзям, што я стаў чалавекам, каб усё чалавечае жыцьцё было сьвятым: іх праца і стомленасьць, іх чалавечае каханьне, адзінота, пакуты і цярпеньні… Больш Я ім нічога ня даў — толькі самога сябе“.

Задумаемся над гэтымі словамі і над сёньняшняй выключнай, збавеннай для чалавецтва падзеяй, і ўсьвядомім, што Дзіцятка ў гэтай стаенцы, на якое мы сёньня глядзім, — гэта наша непахісная надзея. Менавіта Хрыстус, калі толькі мы дазваляем Яму быць часткай нашага жыцьця і дазваляем суправаджаць нас, гэта Ён чыніць так, што нават самая горшая сытуацыя, якая здараецца ў нашым жыцьці, не зьяўляецца канчатковай. Езус заўсёды паказвае нам прастору для разьвіцьця і паказвае выйсьце зь безвыходнай, здавалася б, сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады запатрабавалі амаль 150 тысяч рублёў ад парафіі закрытага Чырвонага касьцёла ў Менску

Расклад сьвяточных імшаў у рыма-каталікоў апублікаваны на сайце Catholic.by.

У сваім тэлеграм-канале расклад сьвяточных набажэнстваў апублікавалі і грэка-каталікі краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе вернікам за мяжой адсьвяткаваць Каляды па-беларуску. Расклад сьвяточных набажэнстваў у розных краінах