«У беларусаў мала нагод для гонару». Кіраўнік МЗС Беларусі пракамэнтаваў уключэньне выцінанкі ў сьпіс UNESCO

Максім Рыжанкоў у Нацыянальным мастацкім музэі на мерапрыемстве з нагоды ўключэньня беларускай выцінанкі ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESСO

Пра што Рыжанкоў не згадаў, згадвае Свабода.

Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў мяркуе, што Беларусь мае няшмат матэрыяльных каштоўнасьцяў, якімі можна ганарыцца.

«У беларусаў мала нагод для гонару матэрыяльнай спадчынай праз тыя войны, празь якія прайшла наша краіна, мы шмат страцілі. Шмат матэрыяльных каштоўнасьцяў вывезьлі, пра шмат якія мы нават не здагадваемся, якія яны былі. Аб некаторых мы ведаем толькі зь пісьмовых крыніц. Таму кожны элемэнт духоўнай спадчыны, якое ідзе з душы кожнага беларуса, важна замацаваць ня толькі ў нашай памяці, але і ў міжнароднай», — сказаў Максім Рыжанкоў на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды ўключэньня беларускай выцінанкі ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESСO.

Міжурадавы камітэт UNESCO у пытаньнях нематэрыяльнай культурнай спадчыны 4 сьнежня ўключыў беларускую выцінанку ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

«Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразаньня з паперы, якое ўжываецца ў Беларусі. Першапачаткова выкарыстоўвалася ў цэрквах, цяпер ужываецца для ўпрыгожваньня дамоў, кавярняў і офісаў, для дызайну друкаванай прадукцыі, напрыклад, календароў і паштовак, а таксама ў тэатральных дэкарацыях і грамадзкіх месцах. Рамесьнікі выкарыстоўваюць розныя спосабы выразаньня з паперы: ад выразаньня простых сымэтрычных кампазыцыяў нажніцамі да камбінаваньня складаных дэталяў з дапамогай нажніц і стамескі. Сёньня выцінанка выконвае комплекс унівэрсальных функцыяў, у тым ліку выхаваўчую, эстэтычную і камунікатыўную», — адзначалася на сайце UNESCO.

У 2021 годзе беларускае мастацтва выцінанкі атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Беларусі. На той час у Беларусі мастацтвам выцінанкі валодалі каля ста майстроў, 11 зь іх мелі званьне народнага майстра.

Пасьля гэтага Міністэрства культуры Беларусі намінавала беларускую выцінанку ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На труне і на вакне. Цікавосткі пра беларускую выцінанку, якую ўключылі ў сьпіс UNESCO

Пра што Рыжанкоў не згадаў

Улады Беларусі з 2020 году ўзмацнілі ціск на носьбітаў беларускай культуры і мовы.

У сьпіс «экстрэмісцкіх» уключылі творы клясыка беларускай літаратуры Дунін-Марцінкевіча, некаторыя творы Ўладзімера Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Уладзімера Някляева, іншых беларускіх літаратараў. З адкрытых для доступу бібліятэчных фондаў выдаляюць кнігі Сьвятланы Алексіевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона Дуніна-Марцінкевіча як прэцэдэнт пачатку вялікага пагрому беларускай культуры

Кнігі беларускіх аўтараў зьнішчаюць нават у турэмных бібліятэках. Былыя палітвязьні сьведчылі аб тым, што кнігі клясікаў беларускай літаратуры наўпрост спальвалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спэцхран» і вогнішча для беларускай літаратуры. На ўзбраеньне ўзятыя мэтады 30-х гадоў

Па ўказаньні ўлады пачалі перапісваць гісторыю Беларусі і вырашылі вучыць беларускіх школьнікаў і студэнтаў па агульных з Расеяй гістарычных падручніках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Збліжэньне з Масквой». Чаму ў дзесяціклясьнікаў забіраюць гісторыю Беларусі

Цяперашнія ўлады Беларусі шмат гадоў з дапамогай прапаганды спрабуюць выставіць нацыянальныя сымбалі Беларусі, якія зьявіліся нашмат раней за часы Другой усясьветнай вайны, сродкам і сымбалем нацыстаў. Пры гэтым замоўчваюць факт шчыльнага вайсковага і палітычнага супрацоўніцтва СССР і нацысцкай Нямеччыны перад вайной. У прыватнасьці, у сьпіс нацысцкіх арганізацыяў, структураў, сымболікі і атрыбутыкі ўключылі вокліч «Жыве Беларусь!» і адказ «Жыве!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ўнесьлі вокліч «Жыве Беларусь!» і адказ «Жыве!» ў сьпіс «нацысцкай сымболікі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледчыца культурнага супраціву ў Беларусі: «Любая альтэрнатыўная культура — гэта пратэст»