Улады запатрабавалі амаль 150 тысяч рублёў ад парафіі закрытага Чырвонага касьцёла ў Менску

Чырвоны касьцёл у Менску, архіўнае фота

Менскія ўлады запатрабавалі ад парафіі закрытага ўжо больш за два гады касьцёла Сьвятога Сымона і Алены (Чырвонага касьцёла) пагасіць запазычанасьць у памеры 148 тысяч рублёў, паведамляе партал katolik.life.

Пра гэта вернікам падчас нядзельнай службы 22 сьнежня сказаў пробашч парафіі Франц Рудзь. Паводле яго, доўг парафіі перад дзяржаўным прадпрыемствам «Спадчына», якое зьяўляецца ўласьнікам касьцёла, складае 148 тысяч рублёў.

«Гэты доўг я атрымаў, і гэта на нашай парафіі. На заканчэньне году няма з чаго асабліва падводзіць вынікі. Але тое, з чаго я з вамі распачынаю, такая вось сытуацыя. Молімся аб тым, каб мы маглі вярнуцца ў свой касьцёл і каб там парафія жыла, як гэта было адпачатку», — сказаў сьвятар.

Пробашч не удакладніў, за што менавіта гэты доўг. Верагодна, выплата зьяўляецца адной з умоваў таго, каб парафію зноў пусьцілі ў Чырвоны касьцёл, гаворыцца ў публікацыі katolik.life.

Сьвятар дадаў, што доўг быў адпачатку, калі ён прымаў парафію, і што яго давядзецца сплачваць. Пры гэтым ніякіх фінансавых сродкаў яму не перадалі, а рахунак парафіі арыштаваны паводле рашэньня суду — і калі там зьяўляюцца нейкія сродкі, іх адразу забіраюць на выплату доўгу.

У 2020 годзе грамадзе ўжо выстаўлялі патрабаваньне сплаціць буйную суму, тады яна была яшчэ большая — 156 тысяч рублёў. Іх абумоўлівалі «амартызацыяй» храма і падаткамі за карыстаньне зямлёй. У Курыі архідыяцэзіі тады назвалі выплаты непад’ёмнымі і несправядлівымі і прасілі перадаць касьцёл ва ўласнасьць грамады, аднак гэтага не адбылося.

Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Свв. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць па зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У закрытага Чырвонага касьцёла ў Менску новы пробашч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі ў Беларусі пяць сьвятароў, яшчэ 11 сёлета судзілі ў адміністрацыйных справах