Пуцін заявіў, што абарона Беларусі — важны складнік ядзернай стратэгіі Расеі, і зноў палохаў «Арэшнікам»

Уладзімір Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве, 19 сьнежня 2024

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея стварае бясьпеку Беларусі па ўзгадненьні з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы зробім усё, каб забясьпечыць бясьпеку Беларусі. Гэта мы робім па ўзгадненьні з кіраўніцтвам Беларусі, з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам», — заявіў у Маскве Ўладзімір Пуцін у часе вялікай прэсавай канфэрэнцыі, аб’яднанай з прамой лініяй з расейскімі рэгіёнамі. [Пасьля выбараў 2020 году, калі іхныя вынікі сфальсыфікавалі і жорстка разагналі акцыі пратэсту, заходнія краіны не прызналі Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі. Ягоную перамогу прызналі пераважна краіны СНД, Афрыкі і Азіі. — РС]

Уладзімір Пуцін дадаў, што ядзерная дактрына Расеі прадугледжвае абарону «ўсёй саюзнай дзяржавы».

«Мы абвясьцілі аб тым, што калі такія ж пагрозы будуць стварацца для нашага хаўрусьніка, сябра саюзнай дзяржавы, для Беларусі, то Расейская Фэдэрацыя будзе гэта разглядаць гэтаксама, як стварэньне аналягічных пагроз для самой Расеі», — патлумачыў ён.

«Мяркую, што гэта важная кампанэнта абноўленай ядзернай стратэгіі Расейскай Фэдэрацыі», — дадаў Уладзімір Пуцін.

Пры гэтым расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што новая ядзерная дактрына разьлічаная і на тыя пагрозы, што могуць ствараць «няядзерныя краіны», якія могуць удзельнічаць у агрэсіі супраць Расеі разам зь ядзернымі краінамі.

«Калі такія краіны таксама будуць, як і іхныя хаўрусьнікі, ствараць пагрозу нашаму сувэрэнітэту, існаваньню Расеі, то тады мы маем на ўвазе, што маем права выкарыстоўваць і супраць іх нашу ядзерную зброю», — падкрэсьліў Уладзімір Пуцін.

Апроч таго, прэзыдэнт Расеі зноў пахваліўся характарыстыкамі новай ракеты «Арэшнік» і прапанаваў Захаду правесьці экспэрымэнт на тэрыторыі Ўкраіны — расейцы выберуць каардынату для нанясеньня ўдару, а Ўкраіна паспрабуе зьнішчыць ракету пры дапамозе заходніх сродкаў супрацьпаветранай абароны.

«Няхай вызначаць нейкі аб’ект для паражэньня, скажам, у Кіеве, сканцэнтруюць там усе свае сілы СПА і ПРА, а мы нанясем туды ўдар „Арэшнікам“ і паглядзім, што будзе. Мы да такога экспэрымэнту гатовыя. Ці гатовы іншы бок? Мы ў любым выпадку гэтага не выключаем. Маю на ўвазе, што ўсе сыстэмы ПРА і СПА ўсё роўна знаходзяцца ў іх у працы», — прапанаваў Пуцін.

Прэзыдэнт Расеі дадаў, што для яго гэта будзе «цікава».

«Правядзем такі экспэрымэнт, такую тэхналягічную дуэль, і паглядзім, што выйдзе. Цікава. Мяркую, што будзе карысна і для нас, і для амэрыканскага боку», — адзначыў ён.

Таксама падчас прамой лініі Ўладзімір Пуцін заявіў, што «трэба было раней прымаць рашэньне» аб пачатку «спэцыяльнай ваеннай аперацыі» (так у Расеі называюць поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну). Так ён адказаў на пытаньне журналісткі РБК «Калі б можна было вярнуцца ў люты 2022 году, ці не зьмянілі б вы сваё рашэньне?»

«Калі б можна было паглядзець на сытуацыю, ведаючы тое, што адбываецца цяпер, і сытуацыю ў 2022 годзе, пра што б я падумаў? Гэта пра тое, што такое рашэньне, якое было прынятае ў пачатку 2022 году — яго трэба было прымаць раней. Гэта першае. І другое — ведаючы пра гэта, трэба было проста пачаць раней рыхтавацца да гэтых мерапрыемстваў, у тым ліку і да СВА», — заявіў расейскі прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ядзерная кнопка ў руках Лукашэнкі. Меркаваньне экспэрта ў ядзернай зброі Старчака

Што папярэднічала

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне спачатку Расея, а потым і Беларусь пачалі шантажаваць Захад магчымым выкарыстаньнем ядзернай зброі. У канцы красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея разьмясьціла ў Беларусі некалькі дзясяткаў ядзерных боепрыпасаў, а ў лістападзе Расея правяла практычнае «выпрабаваньне» новай ракеты «Арэшнік» і выкарыстала яе для абстрэлу ўкраінскага гораду Дніпро.

На пачатку сьнежня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну разьмясьціць гэтыя ракеты на тэрыторыі Беларусі.

7 сьнежня намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк паведаміў, што ракетны комплекс «Арэшнік» будзе разьмешчаны ў Беларусі ў адказ «на пляны ЗША разьмясьціць у Нямеччыне ракеты сярэдняй далёкасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тысячу дзён вайны Расея выпусьціла па Ўкраіне больш за 10 тысяч ракет. Як гэта адбіваецца на расейскім бюджэце?