У 2018 годзе беларускую грамадзкасьць ускалыхнуў выпадак — 17-гадовага падлетка міліцыянты прымусілі прасіць прабачэньня перад скульптурай царскага гарадавога ў Менску, пастаўленага па ініцыятыве тагачаснага міністра Шуневіча.
«Я шчыра раскайваюся, што нанёс шкоду гэтаму помніку, супрацоўнікам міліцыі, бо ў гэтага помніка свая гісторыя і я мог неяк сваім учынкам яе забрудзіць. Я гэтага не хацеў і шчыра выбачаюся перад усімі», — сказаў тады на камэру падлетак.
Пасьля 2020 году падобныя выбачэньні ў так званых «пакаянных» відэа сталі штодзённасьцю. Толькі за кастрычнік 2024 году на неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіК зьявілася каля 50 ролікаў. З лістапада гэтыя відэа з тэлеграм-каналаў сілавікоў зьніклі, ім на замену прыйшлі аўдыёзапісы выбачэньняў.
Публічна выказацца або адмовіцца ад сваіх перакананьняў на камэру ці дыктафон сілавікі змушаюць пераважна апанэнтаў дзейнай улады. Аднак пад перасьлед трапляюць і тыя, хто проста нейкім чынам пажартаваў зь міліцыі. Толькі ў сьнежні гэтага году беларускія міліцыянты за тыдзень затрымалі за жарты ў міліцэйскай форме, апубікаваныя ў TikTok, траіх чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можна падумаць, рэпрэсіі спыніліся». Праваабаронцы заўважылі новую тактыку ўладаў у асьвятленьні барацьбы з палітычнымі апанэнтамі«Прасто кармлю мянта ў сябе дома»
Пра першы выпадак стала вядома 10 сьнежня. Тады праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне 18-гадовай беларускі. На дзяўчыну склалі адміністрацыйны пратакол за ролік, дзе яна кажа «Нічога незвычайнага, проста кармлю мянта ў сябе дома (каб не забраў у малпоўню)».
Ужо назаўтра, 11 сьнежня, неафіцыйны тэлеграм-канал ГУБАЗіК даў справаздачу пра затрыманьне 20-гадовага карыстальніка TikTok, які ішоў у міліцэйскай форме і сьцьвярджаў, што ён звольніўся з праваахоўных органаў. Дзеяньне адбывалася пад песьню «Жизнь ворам, смерть мусорам». Ролік ён падпісаў «Ты, калі цябе звольнілі зь мянтоўкі».
13 сьнежня затрымалі 20-гадовую жыхарку Смаргоняў. Прычынай стала відэа з танцам у міліцэйскай форме, апублікаванае зноў жа ў TikTok. Дзяўчыне прызначылі штраф у адміністрацыйнай справе за нашэньне формы асобай, якая ня мае на гэта права. Якім чынам пакаралі першых дваіх затрыманых, пакуль невядома.
Фантомныя болі, зьвязаныя з 2020 годам
Прадстаўнік BelPol, былы супрацоўнік міліцыі Ўладзімір Жыгар у камэнтары Свабодзе расказвае, што да 2020 году супрацоўнікі МУС разумелі, што людзі іх не моцна любяць. Аднак, пас ловах былога міліцыянта, у твар сілавікам гэта не выказвалі. Паводле Жыгара, 2020 год зьмяніў сытуацыю, людзі сталі выказваць сваё стаўленьне да міліцыі адкрыта.
«Цяпер, у 2024 годзе, усе гэтыя затрыманьні за жарты ў сацыяльных сетках — гэта фантомныя болі. Міліцыянты кожнае выказваньне супраць іх успрымаюць вельмі нэгатыўна. Іх перасьледуюць флэшбэкі 2020-га і наступных гадоў», — кажа Ўладзімер Жыгар.
Ён таксама зазначае, што беларускія праваахоўныя органы цяпер не зьяўляюцца праваахоўнымі органамі ў агульным разуменьні гэтага слова. Іх нельга параўноўваць з паліцыяй Польшчы ці ЗША, дзе людзі пераважна бачаць у сілавіках абаронцаў.
«У Беларусі міліцыя — гэта тыя, хто захоўвае ўладу ў руках Лукашэнкі і не прадстаўляе інтарэсы народу. Народ жа ня бачыць у іх абаронцаў. Міліцыянты будуць нэрвова рэагаваць на любыя жарты, бо бачаць гэта як відазьмененае стаўленьне да іх у 2020 годзе», — падсумаваў прадстаўнік BelPol.
«Задавальненьне ад пакут і болю іншага чалавека»
Псыхоляг Натальля (мы не даем поўнага імя суразмоўцы дзеля яе бясьпекі. — РС) лічыць, што ў людзей, якія прымушаюць іншых выбачацца на камэру, прыніжаюць іх, могуць быць розныя ўнутраныя прычыны. У тым ліку схільнасьць да садызму. Такі чалавек, паводле псыхоляга, за кошт прыніжэньня іншага атрымлівае пачуцьцё ўлады і адчувае задавальненьне.
«Карыстаючыся тым, што ён нешта мае ад улады, ён рэалізуе свае садысцкія імпульсы і так забаўляецца. Умоўна кажучы, робіць тое, што яму прыемна, атрымлівае задавальненьне ад пакут, страхаў і болю іншага чалавека», — тлумачыць спэцыялістка.
Паводле псыхоляга, дзяржаўны апарат, які выбудаваў Лукашэнка, прыцягвае такіх людзей — бяз прынцыпаў, без добразычлівасьці. Адзінае, што ад іх патрабуецца — абсалютная адданасьць і паслухмянасьць.
«Пакуль ты „бярэш пад казырок“ і робіш тое, што табе кажуць, ты сам можаш рабіць усё, што хочаш. Туды, у міліцыю, ідуць людзі з адпаведным складам асобы, характару. З дапамогай такіх людзей улада вырашае свае задачы, у тым ліку застрашваньня людзей. Тут можа не ісьці нават гаворка пра індывідуальныя псыхалягічныя асаблівасьці канкрэтных людзей, гэта можа быць проста загад зьверху — застрашваць, каб ніхто і ня пікнуў», — разважае Натальля.
Псыхоляг таксама дадае, што, на яе думку, беларускі рэжым мае такую рысу, як непрадказальнасьць і адсутнасьць правілаў гульні. Бо калі існуюць акрэсьленыя правілы, да іх можна прыстасавацца, якімі б жорсткімі яны ні былі.
«Тут жа сёньня можна, заўтра нельга, пасьлязаўтра зусім іншае. Ня ведаеш, што будзе заўтра, за што табе прыляціць. Вынік — ты пачынаеш баяцца рабіць хоць што-небудзь», — кажа псыхоляг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народны Лукашэнка» і замежныя падпісчыкі. Як беларуская прапаганда перад выбарамі працуе ў TikTok